Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы робім усё, каб ён хутчэй выйшаў на волю». Новыя падрабязнасьці справы Шаройкі


Паўло Шаройка, архіўнае фота

Жонка арыштаванага ў Беларусі карэспандэнта Ўкраінскага радыё Паўла Шаройкі Алена вярнулася ў Менск, каб арганізаваць юрыдычную абарону журналіста.

«Алена разам з малалетняй дачкой цяпер знаходзіцца ў Менску. У гэтыя выходныя яна перасекла ўкраінска-беларускую мяжу, і мы адсочвалі гэтую сытуацыю. Яна вельмі напалоханая. Я ведаю, што на яе выходзяць і іншыя праваабаронцы ў Беларусі, але спачатку яна сёньня сустрэнецца з тым праваабаронцам, якога ёй рэкамэндавала кіраўніцтва Украінскага радыё. Спадзяецца Алена і на сустрэчу з Паўлам», — паведаміла Свабодзе намесьніца галоўнага рэдактара Ўкраінскага радыё Сьвятлана Мялік.

Паводле яе інфармацыі, Паўло Шаройка ўтрымліваецца ў адзіночнай камэры сьледчага ізалятара КДБ Беларусі.

Што вядома пра ўкраінскага журналіста Шаройку, якога затрымалі ў Менску

«Двойчы на месяц яму можна перадаваць прадукты і вопратку. Паўло папрасіў перадаць яму акуляры, таму што ў яго падае зрок. Кнігі перадаваць не дазваляюць, але ён чытае кнігі з мясцовай бібліятэкі, шмат піша. Жонка спадзяецца перадаць яму невялікі тэлевізар, каб ён быў у курсе нейкіх навінаў», — дадала Сьвятлана Мялік.

Намесьніца галоўнага рэдактара Ўкраінскага радыё не выключае, што найбліжэйшым часам будуць арганізаваныя і пэўныя публічныя акцыі для ціску на беларускія ўлады і вызваленьня журналіста.

«Такая стратэгія будзе выпрацаваная, і цяпер гэтыя пытаньні вырашаюцца. Я не выключаю, што мы будзем рабіць такія крокі, каб вызваліць Паўла. Дадаткова ягоная жонка таксама будзе зьвяртацца па дапамогу да прэзыдэнта, прэм’ера, кіраўніка парлямэнту, МЗС і амбудсмэна Ўкраіны. Мы ўсе хвалюемся за Паўла і робім усё, каб ён хутчэй выйшаў на волю», — падкрэсьліла Сьвятлана Мялік.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG