Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымчук пра справу ўкраінскага журналіста Шаройкі: шпіянаж на падставе падробленага дакумэнту


Дзьмітры Тымчук

Народны дэпутат Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук заяўляе, што ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку абвінавачваюць у Беларусі ў шпіянажы на падставе фальшывага дакумэнту.

«Дакумэнт, які спрабавалі перадаць украінскаму журналісту, ёсьць падробкай пад сапраўдны грыфаваны дакумэнт, што знаходзіцца ў абарачэньні Міністэрства абароны Беларусі. Для наданьня большай „сапраўднасьці“, фальшыўка імітуе не фінальны дакумэнт з подпісамі, выканаўцамі, зыходным нумарам, пячаткай установы, а чарнавы варыянт, на якім адсутнічаюць названыя абавязковыя элемэнты для дакумэнту з грыфам сакрэтнасьці», — напісаў Дзьмітры Тымчук на сваёй старонцы ў Facebook.

Украінскі дэпутат мяркуе, што аўтар гэтай падробкі ня меў доступу да сакрэтных дакумэнтаў беларускага Мінабароны, але выкарыстаў спэцыялістаў, які калісьці працавалі ў сыстэме вайсковага ведамства і мелі доступ да справаводзтва.

«Гэта сьведчыць аб тым, што дакумэнт вырабілі або ў ФСБ Расеі, або агентура ФСБ у КДБ Беларусі з мэтай арганізацыі апэрацыі для арышту ўкраінскага журналіста з абвінавачаньнямі ў шпіянажы, а ў далейшым — дыскрэдытацыі Беларусі ў дачыненьнях з ЭЗ і Ўкраінай і раскрутцы канфлікту паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Такія апэрацыі — традыцыйны мэтад працы расейскіх спэцслужбаў», — перакананы Дзьмітры Тымчук.

У той жа час, паводле дэпутата, у дакумэнце зьмяшчаюцца агульныя фразы накшталт «паглыбіць, пашырыць, палепшыць». «Дакумэнт складзены па выніках вучэньняў „Захад-2017“, аднак ніякім чынам не зьмяшчае спасылак на вынікі вучэньняў. У дакумэнце ўказваецца на неабходнасьць „вывучыць вынікі і зрабіць высновы“. Насамрэч у любым аналітычным артыкуле, якіх дзясяткі і сотні былі апублікаваныя ў расейскай, беларускай, украінскай і сусьветнай прэсе па выніках вучэньняў „Захад-2017“, зьмяшчалася больш „таямніц“, чым у гэтай падробцы», — заявіў дэпутат.

Паводле яго, «разыначкай» дакумэнту мусілі стаць нібыта «тайныя» зьвесткі аб разьмяшчэньні расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. «Аднак пра гэта пішацца ў сусьветнай прэсе ўжо як мінімум паўгода», — дадае Дзьмітры Тымчук.

Уласны карэспандэнт «Украінскага радыё» у Беларусі Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка. Зьвестак пра тое, у чым абвінавачваюць журналіста, афіцыйныя беларускія крыніцы не даюць. У якасьці адной з вэрсій абмяркоўваецца абвінавачаньне яго ў шпіянажы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG