Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Украіны ў Беларусі пра гісторыі з затрыманьнямі ўкраінцаў: «Я ня бачу лёгікі ў дзеяньнях беларускага боку»


Украінскі амбасадар Ігар Кізім ускладвае кветкі да помніка Міхасю Жызьнеўскаму

18 лістапада амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім усклаў кошык жывых жоўта-блакітных кветак да помніка беларускаму Герою Ўкраіны Міхасю Жызьнеўскаму — на могілках у вёсцы Сьцяг Працы, што пад Гомлем.

На сямейныя могілкі амбасадар Кізім прыехаў з бацькамі беларускага Героя Ўкраіны — Нінай і Міхаілам Жызьнеўскімі. Бацькі паклалі чырвоныя ружы да помніка сыну, а кіраўнік дыпляматычна місіі — вялікі кошык зь кветкамі колеру ўкраінскага нацыянальнага сьцягу.

«Наша дзяржава, — сказаў пры гэтым Ігар Кізім, — помніць сваіх герояў і ніколі іх не забудзе. Ведаеце, былі нават заканадаўчыя захады, каб прысвоіць беларусу Жызьнеўскаму найвышэйшае званьне Ўкраіны. Дзякуй беларускай зямлі, што нарадзіла такога сына, а бацькам — што яго выхавалі. Ёсьць людзі, якія гатовыя абараняць волю, свабоду, дэмакратыю, незалежна ад таго, дзе яны нарадзіліся. Мы ўдзячныя сям’і, што быў такі чалавек. Мы ганарымся тым, што наша ўкраінская дзяржава памятае сваіх герояў не на словах, а на справе. Што б ні здарылася, мы будзем заўсёды тут зь сям’ёй, будзем дапамагаць, чым зможам, будзем камунікаваць, абараняць тую справу, за якую аддаў жыцьцё Міхась Жызьнеўскі».


Напярэдадні амбасадар Украіны меў сустрэчы з кіраўніцтвам гораду і вобласьці па эканамічных і гуманітарных пытаньнях. Гомельшчына мяжуе адразу з чатырма ўкраінскімі абласьцямі. Таму, паводле дыплямата, у амбасады ёсьць абавязкі і ў справе разьвіцьця памежнага супрацоўніцтва, каб і ў іншых рэгіёнах былі такія шчыльныя стасункі, як у Чарнігава з Гомлем.

Амбасада, да прыкладу, падтрымлівае праекты, якія паспрыяюць суднаходзтву па Дняпры — гэтага вымагаюць і дамоўленасьці кіраўнікоў абедзьвюх дзяржаваў. Украіна зацікаўленая ў арганізацыі зборкі камбайнаў ААТ «Гомсельмаш». Гаворка таксама ідзе й пра мажлівасьць трансьляцыі ў Беларусі ўкраінскіх тэлеканалаў, вывучэньне роднай мовы ўкраінцамі, якія жывуць у Беларусі.

Са свайго боку Ўкраіна арганізоўвае ў Луцкім унівэрсытэце падрыхтоўку выкладчыкаў беларускай мовы з тым, каб яны займаліся навучаньнем роднай мове беларусаў, якія стала жывуць ва Ўкраіне.

Абмяркоўвалася таксама ідэя адкрыцьця ў Гомлі ўкраінскага кансуляту.

На высокім узроўні мы дамаўляліся пра цывілізаваную працу, скіраваную на пазытыўны вынік. Але ёсьць такія моманты, калі беларускі бок ня надта адкрыта тлумачыць, чаму так адбываецца.

Амбасадар Кізім адказаў і на пытаньне пра нядаўняе затрыманьне ў Менску журналіста Ўкраінскага радыё Паўла Шаройкі, раней — паэта Сяргея Жадана, а таксама пра таемнае зьнікненьне ў Гомлі маладога ўкраінца Паўла Грыба.

«Мне цяжка камэнтаваць гэтыя падзеі. Я не разумею, што адбываецца. І не таму, што я ня так даўно ў Беларусі. Такія дзеяньні мне падаюцца не зусім лягічнымі. На высокім узроўні мы дамаўляліся пра цывілізаваную працу, скіраваную на пазытыўны вынік. Але ёсьць такія моманты, калі беларускі бок ня надта адкрыта тлумачыць, чаму так адбываецца. Падобнае было і з Паўлам Грыбам, які нечакана зьнік тут, у Гомлі. І я да гэтага часу не атрымаў адпаведнага адказу, ці мелі дачыненьне да гэтага мясцовыя ўлады, дакладней, спэцслужбы. Выпадак з Паўлам Шаройкам быў такім жа неспадзяваным. Спадзяюся, непаразуменьні будуць пераадолены і Павал будзе на волі. Зноў-такі, я ня бачу лёгікі ў дзеяньнях беларускага боку. Пытаньне гэтае пад кантролем, але яснасьці пакуль няма», — сказаў Ігар Кізім.


Павал Шаройка знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ

Украінскі амбасадар усклаў таксама ў Гомлі кветкі да помніку Тарасу Шаўчэнку ў сквэры, які носіць яго імя. Наведаў амбасадар і курсы ўкраінскай мовы, якія ладзяцца сёньня ў Гомельскім цэнтры беларускай культуры.

Ігар Кізім і выкладчыца ўкраінскай мовы на курсах у Гомелі Надзея Дрозд
Ігар Кізім і выкладчыца ўкраінскай мовы на курсах у Гомелі Надзея Дрозд

У Гомельскім гарадзкім цэнтры беларускай мовы і культуры прайшла сустрэча Ігара Кізіма з прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары. Амбасадар падараваў цэнтру выбраныя творы Васіля Быкава ды іншых беларускі аўтараў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG