Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сілавікі праводзяць праверку па зьнікненьні ўкраінца Паўла Грыба ўжо амаль два месяцы


Павал Грыб, архіўнае фота

Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў 25 кастрычніка, што праверка па справе зьнікненьня зь Беларусі ўкраінца Паўла Грыба, які зьнік зь Беларусі 28 жніўня і «знайшоўся» ў верасьні ў расейскай турме, яшчэ не завершаная, перадае БелаПАН.

«Праверка ня скончаная, — казаў Ігар Шуневіч. — Выяўляюцца ўсе акалічнасьці яго знаходжаньня на тэрыторыі [Беларусі] і таго, як ён выбыў зь яе. Таму рабіць выснову пра тое, што ён быў нейкім іншым, у тым ліку незаконным, спосабам перамешчаны, яшчэ рана. Мы гэта ўсё высьветлім і прэсе ў першую чаргу пра гэта абʼявім».

***

Расейскія сьледчыя сьцьвярджаюць, што Грыб ня быў выкрадзены з тэрыторыі Беларусі, а быў затрыманы ў мястэчку Ярцава ў Смаленскай вобласьці. Таксама, паводле сьледчых, Грыба абвясьцілі ў міжнародны вышук праз Інтэрпол яшчэ 12 жніўня. Чаму ён тады ня быў затрыманы на мяжы, калі 24 жніўня паехаў у Гомель, ні расейскі, ні беларускі бок не паведамляюць. Таксама як не паведамляецца, чаму Грыб нібыта паехаў у Расею.

Паўла ў Расеі падазраюць у падрыхтоўцы тэракту на лінейцы ў школе ў Сочы «з мэтай дыстабілізацыі органаў улады і ўзьдзеяньня на прыняцьце імі рашэньняў аб статусе асобных абласьцей Расейскай Фэдэрацыі».

Яго пакінулі пад арыштам да 4 студзеня, хоць бацькі і адвакат затрыманага прасілі перавесьці яго хаця б пад хатні арышт – яму, інваліду зь дзяцінства, патрэбна пастаянная інтэнсіўная тэрапія. Але расейскія праваахоўнікі лічаць, што ў Грыба «няма цяжкіх захворваньняў, якія перашкаджалі бы ўтрымліваць яго пад вартай». Украінскіх лекараў да яго не пусьцілі, таксама не дазволілі перадаць лекі.

Тым часам Украіна так і не атрымала тлумачэньняў ад афіцыйнага Менску наконт выкраданьня Грыба. Больш за месяц таму МЗС Беларусі заяўляў, што «вывучае сытуацыю». Украінцам афіцыйна рэкамэндавалі адмовіцца ад паездак у Расею празь Беларусь.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG