Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не пасьпелі дыпляматы і экспэрты як сьлед прааналізаваць заяву міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея пра жаданьне Беларусі накіраваць міратворцаў ва Ўкраіну, ацаніць пэрспэктывы рэалізацыі гэтай ідэі, як у беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях грымнуў скандал.

17 лістапада стала вядома, што яшчэ 25 кастрычніка КДБ затрымаў грамадзяніна Ўкраіны, журналіста «Ўкраінскага радыё» Паўла Шаройку па абвінавачаньні ў шпіянажы.

Паводле вэрсіі КДБ, абнародаванай на брыфінгу 20 лістапада, Паўло Шаройка прызнаўся, што ён супрацоўнік кадравага апарату вайсковай выведкі Ўкраіны і працаваў пад прыкрыцьцём. Пры вобшуку ў ягонай кватэры знойдзеныя копіі выведніцкіх данясеньняў.

Ва Ўкраіне адразу ж загаварылі пра расейскі сьлед у гэтай гісторыі. Сапраўды, гэта нагадвае сцэнар расейскіх спэцслужбаў, які быў ужыты падчас затрыманьня год таму ў Маскве, таксама па падазрэньні ў шпіянажы, украінскага журналіста Рамана Сушчанкі.

Паўло Шаройка
Паўло Шаройка

Але тут узьнікае пытаньне пра давер беларускаму КДБ, зь якім зьвязаныя вельмі сумнеўныя гісторыі. Памятаеце, як увесну ў разгар акцый «недармаедаў» БТ, спасылаючыся на прадстаўнікоў спэцслужбаў, доўга і падрабязна расказвала і паказвала, што джып са зброяй з тэрыторыі Ўкраіны прарываўся праз украінска-беларускую мяжу. Праўда, украінскія памежнікі ад самага пачатку абверглі гэтую інфармацыю. Аднак беларускія праваахоўныя органы настойліва запэўнівалі, што двое злачынцаў арыштаваныя, ловяць трэцяга. Прайшло восем месяцаў, але сёньня на настойлівыя пытаньні журналістаў, што ж стала з тымі нібыта затрыманымі злачынцамі, калі іх будуць судзіць, прадстаўнікі спэцслужбаў сарамліва маўчаць. Бо як можна камэнтаваць фэйк?

Падобная гісторыя адбылася са «справай патрыётаў» ці «Белага легіёну». Першапачаткова сілавікі затрымалі больш за 30 чалавек, абвінаваціўшы іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазьней прыкладна палове зь іх прад’явілі дадатковыя абвінавачаньні ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Цяпер усіх вызвалілі, і ўлады пакутліва думаюць, як гэтую справу спусьціць на тармазах.

«Гэта лухта», — амбасадар Украіны пра «сетку» ўкраінскіх шпіёнаў у Беларусі, нібыта створаную журналістам Шаройкам

Таму пасьля ўсіх гэтых гісторый ва ўсіх спажыўцоў інфармацыі паўстане пытаньне: наколькі дакладныя факты, выкладзеныя КДБ у сувязі з гэтай справай?

Наагул, у сусьветнай практыцы шпіёнскія гісторыі ня часта выносяцца ў публічную плашчыню. Звычайна яны вырашаюцца таемна, кулюарна, адбываецца нейкі дыпляматычны разьмен паміж дзяржавамі. Альбо бакі абменьваюцца затрыманымі грамадзянамі, альбо дыпляматаў ціха высылаюць, альбо дамагаюцца нейкіх іншых саступак у абмен на неагалошваньне скандалу.

Мяркуючы па ўсім, і тут меркаваўся які-небудзь падобны разьмен. Справа ў тым, што ва Ўкраіне 16 чэрвеня быў затрыманы грамадзянін Беларусі, у дачыненьні да якога ў гэты ж дзень распачалі крымінальную справу па падазрэньні ў шпіянажы.

Па вэрсіі КДБ, з украінскім бокам дамовіліся не даводзіць гэтую справу да агульнага ведама. І той факт, што пра арышт Паўла Шаройкі абодва бакі маўчалі тры тыдні (арыштаваны 25 кастрычніка, інфармацыя ўсплыла 17 лістапада), наводзіць на думку, што паміж Менскам і Кіевам вёўся нейкі закулісны торг. Але ён не пасьпеў завяршыцца, інфармацыя вырвалася вонкі. Што ня дзіўна, бо гаворка ідзе пра журналіста. Вядома, украінская грамадзкасьць падняла шум. А трохдзённае маўчаньне беларускіх афіцыйных асобаў выдае іх пэўную разгубленасьць. Разьлік на нейкі разьмен праваліўся, а плянам «Б» не запасьліся, таму ня ведалі, што казаць.

Што вядома пра ўкраінскага журналіста Шаройку, якога затрымалі ў Менску

Сёньня зьявілася інфармацыя, што КДБ Беларусі арыштаваў кіраўніка публічнага акцыянэрнага таварыства «Завод уцяжарвальнікаў» (горад Канстанцінаўка Данецкай вобласьці). Той прыехаў у Менск на адзін дзень на перамовы з МТЗ і тут жа быў затрыманы. Калі гэта супадзеньне, то вельмі знакавае.

А яшчэ ж не разьвеяўся дым ад гісторыі з выкраданьнем расейскім ФСБ з Гомля ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, якую беларускія спэцслужбы адмаўляюцца тлумачыць.

Як бы там ні было, але ў выніку мы можам канстатаваць, што беларускія ўлады выбралі вельмі няўдалы час для шпіёнскіх разборак. Сваімі дзеяньнямі яны руйнуюць той вобраз Беларусі як галоўнага суб’екта ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу, які беларускі МЗС старанна ствараў апошнія 3–4 гады. А гэта ж ці не найважнейшае замежнапалітычнае дасягненьне афіцыйнага Менску за час пасьля Крыму.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG