Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта лухта», — амбасадар Украіны пра «сетку ўкраінскіх шпіёнаў» у Беларусі


Ігар Кізім (Ігор Кизим), архіўнае фота

Амбасадар Украіны Ігар Кізім пракамэнтаваў у інтэрвію Свабодзе заявы прадстаўніка КДБ Беларусі пра тое, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка нібыта стварыў у Беларусі шпіёнскую сетку. Спадар Кізім таксама распавёў пра акалічнасьці выдварэньня з краіны дарадцы амбасады Ігара Скварцова.

«Па-першае, было сказана, што яго злавілі „на гарачым“. Што гэта такое, я не разумею. Ён перадаваў нешта? Яго затрымалі пасьля таго, як ён выйшаў з амбасады і ішоў дамоў. Як і дзе гэта здарылася, з чым яго затрымалі, нам невядома. Што да ягоных адносін з супрацоўнікам амбасады Ігарам Скварцовым, то яны сябравалі. З Паўлом тут у амбасадзе ўсе сябравалі.

Тое, што яны кажуць, што Паўло нібыта прызнаў, што ён кадравы супрацоўнік ГУР, то хай пакажуць. КДБ я ня веру. Невядома, што ён гаварыў там бязь сьведак, як гаварыў. А тое, што ён быў раней у Мінабароны і што ў яго было нейкае званьне, то гэта не сакрэт ні для кога.

Паўло зьбіраў інфармацыю як журналіст. І ад такіх самых журналістаў браў інфармацыю, ці яшчэ ад каго. Усе, хто працаваў журналістам, ведаюць, як гэта робіцца. Тое, што заявілі, што ён стварыў нейкую сетку, то кожны журналіст мае сваю сетку. Вось вы мне звоніце — я таксама ў вашай сетцы.

Тое, што заявілі, што ён стварыў нейкую сетку, то кожны журналіст мае сваю сетку. Вось вы мне звоніце — я таксама ў вашай сетцы

Калі я знаходзіўся ў будынку МЗС Беларусі, то мне далі ноту пра абвяшчэньне Ігара Скварцова пэрсонай нон-грата. Я адказаў, што ня буду пярэчыць, не магу ня выканаць, і цягам пэўнага часу Ігар Скварцоў зьехаў. Я сказаў, што гэта лухта, але я павінен выконваць.

Гэтыя шпіёнскія гульні мяне ня радуюць. Ідзе нагнятаньне абстаноўкі. Мяне гэта зьдзіўляе. Ня веру, што Паўло Шаройка нанёс нейкую шкоду інтарэсам Беларусі. Беларусы нашы браты, як кажа Аляксандар Рыгоравіч. У нас ніколі не было накіраваньня дзейнасьці супраць Беларусі.

Амбасада і далей будзе дзейнічаць у прававым полі. Да справы Шаройкі будзе далучаны яшчэ адзін адвакат. Пакуль Шаройку абараняе дзяржаўная адвакатка. Ягоная жонка зь ёй мае зносіны, у яе няма прэтэнзій. Але відавочна, што яна будзе шукаць менш „ангажаванага“, і таму мы будзем дапамагаць ёй.

Будзе зь ім сустракацца наш консул, і будзем дамагацца сустрэчы з Паўлам для ягонай жонкі, якой два разы ўжо адмовілі ў спатканьні».

Гісторыі 10 «шпіёнаў», раскрытых беларускімі спэцслужбамі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG