Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на 5% вырасьлі пэнсіі. Але людзей зь мінімальнымі пэнсіямі за 6 гадоў стала больш у 5 разоў


Ілюстрацыйнае фота

Ад 1 лістапада ў Беларусі прыблізна на 5% павялічаныя памеры пэнсіяў «у сувязі з ростам сярэдняга заробку ў краіне».

Мінімальная пэнсія па ўзросьце з улікам даплаты 20% ад сярэдняга заробку павялічылася са 174,61 рубля да 181,56, а проста па дасягненьні пэнсійнага ўзросту — з 98,79 да 98,91 рубля.

Таксама павялічыліся пэнсіі па інваліднасьці: 1-й групы з 217,33 да 217,59 рубля, 2-й групы з 187,69 да 187,92 рубля, 3-й групы з 148,18 да 148,36 рубля, дзецям-інвалідам са 158,06 да 158,25 рубля.

Бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім вырас на 24 капейкі і склаў 197,81 рубля, але зьнізіўся для працаздольнага насельніцтва (на 1,13 рубля да 217,74 рубля), студэнтаў (на 45 капеек да 192,34 рубля) і пэнсіянэраў (на капейку да 151,97 рубля). У сувязі з ростам БПМ павялічваюцца і выплаты на дзяцей, прывязаныя да БПМ.

Паводле Белстату, сярэдняя пэнсія за верасень 2017 году склала 300,3 рубля, сярэдняя пэнсія па ўзросьце — 308,2 рубля, па інваліднасьці — 275,4 рубля, сацыяльная пэнсія — 183,7 рубля. Цяпер пэнсіі маюць скласьці ў сярэднім 315,74 рубля.

У часопісе Міністэрства фінансаў «Фінансы, улік, аўдыт» адзначаецца, як перадае Tut.by, што з 2010 году ў Беларусі рэзка вырасла колькасьць людзей, якія атрымліваюць мінімальную працоўную пэнсію (цяпер 224 рублі). У 2010 годзе такіх было 42 тысячы чалавек, у 2016-м стала 200 тысяч, то бок кожны дзясяты пэнсіянэр. У 2000-м такіх было яшчэ больш — 13%. Выданьне адзначае, што цяпер многія працадаўцы робяць унёскі ў пэнсійны фонд, «зыходзячы зь мінімальнага заробку», у тым ліку так робяць 95% індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама з 2010 году на амаль 20% вырасла колькасьць атрымальнікаў сацыяльных пэнсіяў, на пачатак 2017 году такіх было 63 тысячы чалавек.

Усяго ў Беларусі на верасень налічвалася каля 2 578 500 пэнсіянэраў. Дэфіцыт пэнсійнага бюджэту прымусіў падвышаць у Беларусі пэнсійны ўзрост. З 1 студзеня 2017 году яго паднімаюць паэтапна — штогод на 6 месяцаў, пакуль ня дойдзе для мужчын да 63 гадоў, для жанчын — да 58.

Ня менш за 3700 беларусаў трапілі ў пэнсійную пастку праз павелічэньне мінімальнага стажу. Бяз пэнсіі могуць застацца таксама самазанятыя.

Адна з асноўных доўгатэрміновых праблемаў ФСЗН — старэньне насельніцтва і павелічэньне «дэмаграфічнай нагрузкі». За 5 гадоў Беларусь страціла 300 тысяч працоўных. Калі на пачатак 2011 году з 1000 беларусаў было 366 працоўных, то на пачатак 2017-га — толькі 250.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG