Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня менш за 3700 беларусаў трапілі ў пэнсійную пастку


Ілюстрацыйнае фота

Ад 1 студзеня 2016 году ў Беларусі пачаў паэтапна павялічвацца абавязковы тэрмін страхавога стажу, неабходнага для атрыманьня пэнсіі. Да гэтага ён быў 15 гадоў, а з пачатку 2016-га павялічваецца на 6 месяцаў за год (у 2017-м ужо 16 гадоў) і паступова дойдзе да абавязковых 20 гадоў.

Многія грамадзяне, якія ня выпрацавалі страхавога стажу, ня могуць прэтэндаваць на працоўную пэнсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную пэнсію. У гэтую «пэнсійную пастку» трапляюць, напрыклад, шматдзетныя маці, якія шмат гадоў даглядалі дзяцей. Ім абяцаюць https://www.svaboda.org/a/28263017.html прыдумаць нейкае выйсьце з «пэнсійнай пасткі», але яшчэ не прыдумалі:

«Пытаньне забесьпячэньня занятасьці такіх людзей пры іх жаданьні разглядаецца службамі занятасьці па месцы жыхарства», — заявіла на прэс-канфэрэнцыі БЕЛТА прадстаўніца Міністэрства працы Ларыса Яшкова, але якія меры для іх прадугледжаныя, не ўдакладніла.

Паводле Яшковай, з пытаньнямі пра недахоп стажу для пэнсіі з 2015 году зьвярнуліся каля 3700 чалавек. Колькі не зьвярнуліся, але трапілі ў «пэнсійную пастку», яна не казала.

Намесьнік міністра працы Валер Кавалькоў на той жа канфэрэнцыі паабяцаў, што працоўныя пэнсіі да канца году маюць пераразьлічыць, але калі гэта будзе і на колькі яны павысяцца, ён не ўдакладніў.

Таксама Кавалькоў абвергнуў лічбы са справаздачы Міністэрства фінансаў: паводле Мінфіну, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за першую палову 2017 году меў дэфіцыт у 338,4 млн беларускіх рублёў, Кавалькоў жа заяўляе, што бюджэт ФСАН за паўгодзьдзе выкананы з прафіцытам у 110,5 млн рублёў. Міністарка працы Ірына Касьцевіч у чэрвені наракала, што ФСАН недабраў грошай з прычыны беспрацоўя і няпоўнай занятасьці насельніцтва, дый эфэктыўнасьць пэнсійнай рэформы пакуль не праявілася. Пасьля гэтага ўрад укінуў у ФСАН лішнія 500 млн рублёў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG