Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пэнсійным фондзе Беларусі не хапае грошай, рэформа не дапамагла


Вынікі працы эканомікі Беларусі ў першым квартале 2017 году паказваюць, што пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва будзе мець патрэбу ў дадатковых сродках зь дзяржаўнага бюджэту.

Гэта заявіла міністар працы Ірына Касьцевіч, выступаючы ў Палаце Прадстаўнікоў. Яна і намесьнік старшыні Камітэту дзяржкантролю Аляксандар Курлыка паведамілі, што пазабюджэтны фонд не дабраў грошай празь беспрацоўе і няпоўную занятасьць насельніцтва.

Летась зь дзяржаўнага бюджэту давялося дадаткова ўзяць на пэнсіі 1,4 мільярда рублёў, што складае каля 10% ад усяго пазабюджэтнага фонду, а таксама здымаць працэнты і забіраць частку грошай фонду з банкаў.

Паколькі амаль 80% пазабюджэтнага фонду ідзе на выплату пэнсіяў, старэйшай частцы насельніцтва Беларусі няма як спадзявацца на іх падвышэньне. Чакаецца, што сёлета, як і летась, пэнсіі па ўзросьце павысяць толькі адзін раз (у мінулым годзе гэта здаралася ў сьнежні і ўсяго на 5%).

Міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі Ірына Касьцевіч таксама канстатавала, што эфэктыўнасьць ад пэнсійнай рэформы — перадусім яна тычыцца павелічэньня пэнсійнага ўзросту — пакуль не праявілася.

«Гэта доўгайграючы эфэкт, і ён праявіцца толькі зь цягам часу», — падсумавала Касьцевіч.

XS
SM
MD
LG