Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзіры» сацыяльнай абароны: самазанятыя беларусы могуць застацца бяз пэнсіі


Без пасьведчаньня індывідуальнага прадпрымальніка ўжо можна займацца 30 відамі дзейнасьці. Але тады ёсьць рызыка застацца бяз пэнсіяў, аплаты бальнічных.

13 кастрычніка намесьнікі міністраў па падатках і зборах — Сьвятлана Шаўчэнка, працы і сацыяльнай абароны — Валер Кавалькоў і кіраўніца ўправы міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ірына Барышнікава правялі ў Менску супольную прэсавую канфэрэнцыю. Яны расказалі, як рэалізуецца прэзыдэнцкі ўказ № 337 «Аб рэгуляваньні дзейнасьці фізычных асобаў».

Без рэгістрацыі індывідуальным прадпрымальнікам ужо можна займацца 30 відамі працы, а будзе яшчэ болей

Пералік відаў дзейнасьці, якімі могуць займацца фізычныя асобы без рэгістрацыі ў якасьці індывідуальных прадпрымальнікаў, будзе пашырацца. Калі будуць прапановы, калі стане ясным, якія віды працы можна вывесьці зь пераліку відаў прадпрымальніцкай дзейнасьці і аднесьці да дзейнасьці фізычных асобаў, будуць уносіцца адпаведныя зьмены ў Падатковы кодэкс.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Падатковым кодэксе з 2006 году ёсьць 18 відаў дзейнасьці для фізычных асобаў. Прэзыдэнцкі ўказ пашырыў іх пералік на 12 пазыцый. Сярод іх, напрыклад, продаж самастойна падрыхтаваных грамадзянамі кулінарных вырабаў, выкананьне заказаў па рамонце мэблі, гадзіньнікаў, абутку, расьпілоўваньне дроў.

На 1 кастрычніка больш за 19 тысяч фізычных асобаў афіцыйна апавясьцілі Міністэрства па падатках і зборах пра сваю дзейнасьць. Летась яны заплацілі ў бюджэт больш за паўтара мільёна рублёў падаткаў.

У заканадаўстве няма паняцьця «самазаняты»

Самазанятыя беларусы пакуль ня могуць разьлічваць ні на бальнічны, ні на дапамогу па доглядзе за дзіцем, ні на пэнсію. Прычына — такой катэгорыі занятых няма ў законе «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня».

Пытаньне зьмены заканадаўства і прадстаўленьня самазанятым беларусам права «зарабляць» на пэнсію і іншыя віды сацыяльнай падтрымкі цяпер разглядаецца. Аднак удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі ня ведаюць, калі такія папраўкі ў закон могуць быць прынятыя.

Беларусы ня хочуць добраахвотна страхавацца

Цяпер у Беларусі існуюць два віды сацыяльнага страхаваньня: абавязковае і добраахвотнае.

У добраахвотным страхаваньні маюць права ўдзельнічаць творчыя работнікі, рамесьнікі, людзі, занятыя ў агратурызьме, а таксама тыя, хто працуе за мяжой. Але многія людзі недаацэньваюць значэньне добраахвотнага страхаваньня. Яны чамусьці думаюць, што ніколі ня будуць хварэць.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Так, больш за дзьве тысячы беларусаў афіцыйна займаюцца аграэкатурызмам, зь іх толькі шэсьць чалавек выплачваюць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Толькі 550 грамадзян Беларусі, якія працуюць за мяжой, летась добраахвотна перавялі грошы ў ФСАН. Толькі 270 рамесьнікаў пералічваюць грошы ў фонд, хоць афіцыйна іх зарэгістравана больш за 7 тысяч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG