Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добры заробак толькі ў крэматорыі». Якой працы менчукі шукаюць на кірмашы вакансій?


За 15 хвілін да адкрыцьця ў Менску «Кірмашу вакансій» перад дзьвярыма ўжо стаяла сама меней 50 чалавек. «Хто па працу апошні?» — жартавалі тыя, хто падыходзіў наноў. Апошніх не знайшлося. Як толькі кірмаш адкрыўся, людзі ўсім натоўпам падаліся наперад, дзе Камітэт па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму прапаноўваў вакансіі.

Спадар Алег, 59 гадоў​: «Дзед ходзіць-ходзіць, а працы ўсё знайсьці ня можа»

​— Я шукаю працу, таму што ў нашым калгасе вакансіі ёсьць, а працы няма. Мне ўжо амаль 60 гадоў, а «Бацёк» прадоўжыў працоўны стаж? Мне цяпер патрэбны яшчэ тры гады. А дзе іх узяць, калі ён іх злукашэнздзіў.

Ды падсобнікам якім хачу працаваць. Ужо гады ня тыя, рукі ня тыя. Раней працаваў і памочнікам машыніста, і геолягаразьведчыкам, гэта яшчэ у Савецкім Саюзе. Пасьля арміі зьбіраўся у журналісты ісьці, у мяне былі надрукаваныя вершыкі і ўсякае, было накіраваньне з арміі. Я пайшоў, але калі мне замест гісторыі пачалі навязваць матэрыялы 25 зьезду КПСС, прыйшлося з гэтай марай разьвітацца.

Уладзімер Ерафееў, 64 гады: «Летам на вёсцы сумна не было, а зімой нешта трэба рабіць»

— Маёр запасу. Шэсьцьдзесят чатыры гады! — рапартуе Ўладзімер.

Дзе-небудзь у ахове хацелася б працаваць. Летам на вёсцы было ня сумна, а зімой трэба нешта рабіць. Ці гэта будзе толькі праца на зіму, ці і на лета застанецца нешта, гэта ўсё залежыць ад роду працы. Калі суткі праз трое, то можна будзе яшчэ і на вёску зьезьдзіць, і папрацаваць.

Тацяна Аляксандраўна, 69 гадоў: «Прапанавалі прыбіраць на рынку. Гэта тое, што трэба ў маім узросьце!»

— Я шукаю нешта такое, што ў маім узросьце можна. І прапановы мяне цалкам задавальняюць. Вось яны мне прапанавалі прыбіраць на рынку, на маім раёне. Ці прыбіраць у электрычках. Гэта тое, што мне ўжо патрэбна, у маім узросьце. Я ж не пайду па спэцыяльнасьці ўжо.

Я мэдсястра. Але я сама не хачу ў мэдустановы. Я толькі ў чэрвені сышла, проста па ўзросьце пайшла. Трэба ж працу маладым даваць.

Чаму ўзялася працы шукаць на пэнсіі? А гэта ўжо ўласнае.

Аляксей, 44 гады: «Служыў, працаваў грузчыкам, потым гарэлка...»

— Некваліфікаваную працу шукаю. Можа, грузчыкам якім. Дагэтуль зьвяртаўся шмат куды, шукаў. Але судзімасьць, алімэнты, злоўжываў алькаголем — так што мая кандыдатура нават не разглядалася.

Я цяпер настроены працаваць. Вельмі настроены. Працы, падаецца, хапае. Але ў такой сытуацыі, як у мяне, то... глядзяць працоўную, што судзімасьць была. Падаецца, я знайшоў тут сёе-тое, з маёй сытуацыяй. Ну, людзі, прынамсі, не адмаўляюць.

Вольга Сяргееўна, 43 гады: «Мне ўжо ня тое каб усё роўна, але патрэбны грошы на жыцьцё»

— Я першы раз трапіла на такое мерапрыемства. Ведаеце, мне ўжо ня тое што ўсё роўна, але ж патрэбны грошы на жыцьцё. Вядома, хацелася б кваліфікаванай працы. Я працавала эканамістам 10 гадоў, але трапіла пад скарачэньне.

Ужо два месяцы бяз працы. Хачу хоць нешта знайсьці. Калі, вядома, пашанцуе. Хацелася б, вядома, ад 600 рублёў і вышэй. Але, самі бачыце, тут такіх прапановаў няшмат.

​Прапановаў за 600 рублёў сапраўды нямнога. З аднаго са стэндаў нас заклікаюць для працы ў паліклініцы.

— Прыходзьце да нас! Нам патрэбен мэдпэрсанал. Сярэдні заробак - 500! Рублёў.

«Я на ўліку стаю. Прывялі, сабе галачку паставілі»

​Некаторыя на кірмаш вакансій прыйшлі ў кампаніі міліцыі. Тыя глядзяць, каб падапечныя запісалі сабе некалькі прапановаў, спраўджваюць, ці зацікавіла іх нешта, і ставіць галачкі ў сваіх дакумэнтах.

«Я на ўліку стаю, — тлумачыць малады хлопец, які ня хоча фатаграфавацца. — І працу маю, проста неафіцыйную. А сюды прыводзяць зь міліцыяй, але толку? Нармальны заробак тут прапануюць толькі ў крэматорыі — 600 рублёў. А я ж потым начамі спаць пасьля такога ня буду».

Раман Анатолевіч, 52 гады: «Інвалід трэцяй групы, паўсюль адмаўляюць»

— ​Я хацеў бы знайсьці вартаўніка, суткі праз трое. Паколькі інвалід трэцяй групы, паўсюль адмаўляюць у працы.

Раней электрыкам быў, цяпер па стане здароўя там нельга працаваць. Працаваў на хуткай санітарам — скарацілі. Знайшлі па стане здароўя, што нельга езьдзіць на хуткай дапамозе. Цяпер шукаю такой працы, на якую мне можна. А скончыў я энэргатэхнікум. Працаваў на высакавольтных лініях электраперадачаў. Вядома, па такой спэцыяльнасьці я цяпер працаваць не змагу. Цяпер бы вартаўніком.

Марыя Львоўна: «Сказалі шукаць разьмеркаваньне самім. Вось і шукаю — сыну»

Некаторыя прыходзяць на кірмаш ня дзеля сябе. «Шукаю для ўнучкі, набрала тэлефонаў — пайду ёй аддам». «Я вось з мужам тут, ён у мяне муляр, скажы, мулярам хочаш быць?». Вось і Марыя Львоўна шукае для сына.

Мой сын сканчае ўнівэрсытэт, бюджэтнік. Іх завісла 12 чалавек. Прафэсія — інжынэр-мэханік, будаўнічыя матэрыялы і хімічнае прадпрыемства. Ім сказалі шукаць разьмеркаваньне самім. І яны нідзе цяпер не запатрабаваныя.

Адзінае, што «Атлянт» адрэагаваў. Хаця б узялі анкету-рэзюмэ. Усё астатняе — з вопытам працы і нізкім заробкам. Ні інжынэры-канструктары, ні інжынэры-мэханікі, я так разумею, у нас не запатрабаваныя.

Ужо сыходзячы з кірмашу, літаральна на парозе падыходзім яшчэ да аднаго чалавека. Сяргею 38 гадоў, ён мае інваліднасьць і шукае працы інжынэрам:

— Ці ўдалося знайсьці тут сёньня працу?

— Не. Ізноў не.

— А кім бы вы хацелі быць?

— Чалавекам, які патрэбен людзям. Але я прыходжу, пытаюся: «Я вам патрэбен?» А яны: «Пакіньце адрас і нумар тэлефона». І ўсё. На гэтым усё.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG