Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, чаму ня зробіць 25 сакавіка дзяржаўным сьвятам


Аляксандар Лукашэнка, 1994 год
Аляксандар Лукашэнка, 1994 год

Паводле Лукашэнкі, беларусам яшчэ толькі трэба зразумець ролю Беларускай Народнай Рэспублікі, а рабіць 25 сакавіка дзяржаўным сьвятам яшчэ зарана, піша БелТА. Так ён адказаў «на пытаньне ад інтэрнэт-карыстальнікаў» аб сьвяткаваньні Дня Волі на дзяржаўным узроўні — якраз такое пытаньне было сярод 12, адасланых Свабодай.

На сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ён як гісторык (скончыў у 1975 годзе гістарычны факультэт Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту, цяпер гэта МДУ імя Куляшова) зьвяртаўся да тэмы БНР, дасьледаваў цяперашнія меркаваньні — і прыйшоў да высновы, што «ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна выканала».

Лукашэнка лічыць, што «ня ўсё відавочна»: стваральнікі БНР, з аднаго боку, «хацелі адзінства дзяржавы», але з другога, «зьвярталіся па дапамогу да нямецкага кайзэра». Што ня так з кайзэрам, Лукашэнка не растлумачыў цяпер, не тлумачыў і раней, калі зьвяртаўся да гэтай тэмы. Раней пра кайзэра і Гітлера на 100 гадоў БНР прапаноўваў прыгадаць Генадзь Давыдзька, тагачасны кіраўнік БТ.

Бот кайзэра — чужы, а вось расейскі — свой. Як Лукашэнка прызнаўся, што не прымае БНР

Гісторык адказаў пра БНР, кайзэра і Гітлера

Спакойна, таварышы: кайзэр на тэлеграму БНР не адказаў

Лукашэнка, паводле БелТА, падкрэсьліў, што, «пакуль ён знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта», прызнаньня 25 сакавіка дзяржаўным сьвятам «ня будзе», бо «ўжо ёсьць Дзень Незалежнасьці».

«У нас ёсьць Дзень Незалежнасьці, і калі б мы тады не перамаглі, то насамрэч ніякай незалежнасьці не было б», — заявіў Лукашэнка.

На самой справе, 3 ліпеня 1944 году беларусы не перамаглі ў вайне: у гэты дзень савецкія войскі занялі Менск, які да таго быў акупаваны нямецкімі нацыстамі. На той момант далёка ня ўся тэрыторыя БССР была вызваленая ад нацыстаў.

Бальшавікі не далі БНР праіснаваць і году — яны занялі тэрыторыю БНР у 1919 годзе, праз пэўны час абвясьцілі па чарзе некалькі беларускіх савецкіх рэспублік, мяняючы межы Беларусі без уліку меркаваньня саміх беларусаў. ССРБ, ЛітБелССР і БССР не былі папраўдзе незалежнымі дзяржавамі, цалкам падпарадкоўваліся Крамлю да 1991 году, калі сучасная Рэспубліка Беларусь атрымала незалежнасьць.

Ідэя наконт сьвяткаваньня Дня Волі на дзяржаўным узроўні зьявілася неўзабаве па «Сьвяце Незалежнасьці» — цэнтральнай падзеі грамадзянскай кампаніі #БНР100, мітынгу-канцэрту ў цэнтры Менску, які наведалі ня менш за 40 тысяч чалавек. Адзін з арганізатараў сьвята Павал Белавус прапанаваў зрабіць гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР дзяржаўным сьвятам і нават прапанаваў пераназваць яго ў «Дзень Беларусі».

Да таго шэраг дзяржаўных установаў адказваў актывістам (перадусім Ігару Случаку), што не зьбіраецца нічога рабіць на 25 сакавіка, бо «гэта не дзяржаўнае сьвята».

Што пра БНР раней казалі беларускія міністры, чыноўнікі і Лукашэнка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG