Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левыя абвясьцілі кампанію #БССР100. Калякін: «Гэта ня мы, але сьвяткаваць будзем»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сайт Left.by абвясьціў аб пачатку акцыі #БССР100 — сьвяткаваньня 100-годзьдзя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якое зьбіраюцца адзначыць 1 студзеня 1919 году.

Пра запуск кампаніі заявіла «група ўдзельнікаў праекту Left.by». Хто стаіць за сайтам Left.by, на яго старонках не паведамляецца. Наведвальнасьць сайту, які абвясьціў кампанію, трымаецца ў межах некалькіх дзясяткаў чалавек на дзень, тысячы на месяц, старонка сайту ў Facebook мае тры сотні падпісантаў, у ВК — дзьве сотні, у Twitter — толькі дзесяць чытачоў.

Хэштэг #БССР100 ужо некалькі разоў ужываў твітэр партыі левых «Справядлівы сьвет». Упершыню яго жартам ужыла Партыя БНФ, упершыню даволі сур’ёзна выкарыстаў лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў

Сяргей Калякін, архіўнае фота
Сяргей Калякін, архіўнае фота

Старшыня партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін кажа Свабодзе, што кампанію абвясьціла не ягоная партыя. Ён сьцьвярджае, што ініцыятыва зыходзіла менавіта ад Left.by, які ён ведае «прынамсі 10 гадоў» (паводле рэгістратара дамэну «Надзейныя праграмы», сайт зарэгістраваны ў 2013 годзе).

«Там ёсьць людзі, зьвязаныя з нашай партыяй, — кажа Калякін пра Left.by. — І наша партыя сапраўды незалежна ад іх займаецца падрыхтоўкай сьвяткаваньня стагодзьдзя беларускай дзяржаўнасьці, якую будзем адзначаць 1 студзеня».

У гэтую дату на самой справе была абвешчаная ССРБ — Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, якая была вылучаная са складу РСФСР — Савецкай Расеі. ССРБ абвясьцілі ў падкантрольным бальшавікам Смаленску, яна складалася зь Віцебскай, Горадзенскай, Магілёўскай, Менскай і Смаленскай губэрняў, займала частку тэрыторыяў, на якіх да таго была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, заваяваная расейскімі бальшавікамі.

Рэспубліка не была самастойнай, ейныя межы мяняліся Крамлём: ужо 27 лютага 1919 году яна была аб’яднаная з Савецкай Літвой у ЛітБелССР, але літоўскія і палову беларускіх тэрыторыяў адбілі палякі ў савецка-польскай вайне — 31 ліпеня 1920 году на ўсходняй палове сучаснай Беларусі была абвешчаная БССР.

Ленін думаў пра Беларусь. Але як?

Назва кампаніі #БССР100 нагадвае кампанію #БНР100, абвешчаную раней Паўлам Белавусам і Эдуардам Пальчысам, у межах якой беларусы адзначаюць 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Адсылка гэта або адказ на сьвяткаваньне юбілею БНР, на сайце Left.by не паведамляецца.

Ці будзе «Справядлівы сьвет» сьвяткаваць юбілей Савецкай Беларусі з хэштэгам #БССР100, Калякін ня ведае:

«Я ня ведаю, які хэштэг там будзе, гэта не настолькі важна для мяне, — кажа ён. — Але так, мы будзем сьвяткаваць стагодзьдзе БССР. У адрозьненьне ад БНР, БССР была дзяржавай. А БНР была нерэалізаванай ідэяй, на жаль. Стагодзьдзе беларускай дзяржаўнасьці, я думаю, будзе адсьвяткаванае на шырокім узроўні ня толькі грамадзкасьцю, але і дзяржавай».

Чаму 100-годзьдзе БНР грамадзтва сьвяткуе, а 100-годзьдзе БССР ня будзе, — Севярын Квяткоўскі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG