Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 сакавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў перад моладзьдзю і распавёў пра сваё стаўленьне да 100-х угодкаў БНР. «Гісторыю пра стварэньне БНР знаць, вядома, трэба, але ганарыцца тымі падзеямі ня варта» — заявіў ён.

Чаму пазыцыя ўлады, хай і ў нюансах, за кароткі час зьмянілася, што адбылося? А яна відавочна зьмянілася.

Яшчэ ў канцы лютага міністар інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч казаў: «Безумоўна, гэта (абвяшчэньне незалежнасьці БНР-РС) вельмі важны крок у гісторыі Беларусі». Ва ўнісон калегу-ідэолягу казаў сілавы міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч: «Усё ж гэта гісторыя, і да яе трэба ставіцца з павагай». Раней, у студзені выказалася на тэму кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава: «А калі гэтае сьвяткаваньне неабходнае грамадзтву, то, значыць, будзем разам, супольнымі дзеяньнямі і плянамі рэалізоўваць усё гэта».

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Ну і сам кіраўнік дзяржавы ў канцы мінулага года пазытыўна адгукаўся аб Першым усебеларускім зьезьдзе 1917 года, які і прывёў да стварэньня БНР: «Ідэя самавызначэньня Беларусі, якая ішла зьнізу, ад ініцыятывы народных масаў, выявілася ў скліканьні Першага Усебеларускага зьезду. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасьці, значныя для нас да гэтага дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасьці».

Былі і ня толькі двухсэнсоўныя заявы — быў і дазвол на правядзеньне мітынгу-канцэрту 25 сакавіка, дадзены ўпершыню за шмат гадоў.

Зрэшты, у цытаваных заявах канчатковая кропка ня ставілася, не гаварылася, што БНР — наша слаўнае мінулае, што тая рэспубліка — родапачынальніца нацыянальнай дзяржаўнасьці. І тады паміналі тую няшчасную тэлеграму кайзэру бацькоў-заснавальнікаў БНР, і тады афіцыйна заяўлялася, што тая першая рэспубліка была зьявай складанай і неадназначнай. Але акцэнты расстаўляліся інакш, і моцна інакш, чым расставіў іх прэзыдэнт 20 сакавіка.

Што ж стала прычынай такога стромкага павароту? Напэўна, ключ — у яшчэ адной фразе Лукашэнкі, сказанай падчас выступу перад моладзьдзю: «Зараз я чую БНФ сучасная паралелі праводзіць: сёньня Лукашэнка робіць тое, што мы казалі. Да Гасподзь з вамі. Вы толькі і рабілі тое, што казалі, і настройвалі расейцаў, украінцаў і іншых супраць сябе. Вось што вы казалі "мы незалежныя", "усе ворагi". А Лукашэнка гэта рабіў без гвалту».

Без гвалту. І шуму. Ціха. Робіць зь беларусаў беларусаў так, каб яны гэтага не заўважылі. Ну і ў ідэале, каб і іншыя не заўважылі. Калі атрымаецца.

Дарэчы, зусім неабавязкова, што Карлюкевіч, Шуневіч і Качанава пару месяцаў таму атрымалі прамы загад, лінію: ухваляйце БНР. Беларускія чыноўнікі — людзі разумныя і чулыя, іх прызначэньне — разумець тое, пра што маўчаць. Ёсьць намёкі, ёсьць атмасфэра, «ёсьць меркаваньне» — як казалі ў незабыўныя савецкія часы. Было меркаваньне. А зараз зьмянілася.

Чаму? Наўрад ці прычынай сталі пляны Міколы Статкевіча і яго паплечнікаў абавязкова правесьці 25 сакавіка шэсьце, нягледзячы на забарону. Што іх пляны менавіта такія, было вядома і відавочна даўно. Нечаканая перамога хардлайнэраў у атачэньні прэзыдэнта — магчымае тлумачэньне. Але ўяўляецца найбольш праўдападобным самае відавочнае.

Прычына — расейскія выбары. Не, вынік іх быў вядомы. А вось атмасфэра — не. Ці паверыла беларуская ўлада ў лічбы расейскай ЦВК — пытаньне складанае, беларуская ўлада не па чутках ведае пра тое, што ў нашых краях электаральная вышэйшая алгэбра ня зводзіцца да банальнай арытмэтыкі.

Але чэргі расейцаў да выбарчых участкаў, у тым ліку і за мяжой, тамтэйшы энтузіязм — гэта ня толькі вынік адміністрацыйных мерапрыемстваў. Не думаю, што пасьля выбараў з Масквы вось так прама і параілі — вы там глядзіце са сваім БНР. Хутчэй за ўсё не. Але і ў міждзяржаўных адносінах мае значэньне атмасфэра. І Лукашэнка яе адчуў, адсюль і сыгнал сваім — без гвалту, цішэй, павольней, самі жа бачыце, на якім драйве зараз расейскія браты, паакуратней.

Першыя наступствы карэкцыі лініі не прымусілі сябе чакаць — на наступны дзень пасьля выступленьня прэзыдэнта былі арыштаваныя арганізатары недазволенага шэсьця. Але мітынг-канцэрт не адмянілі. Прытармазіць — гэта не затармазіць.

А навошта тармазіць? Ясна ж, што ўсе спрэчкі і рухі цела з нагоды БНР і яе гадавіны — яны, строга кажучы, не пра БНР. Статкевіч і яго калегі фармулююць гэта няхітра — для нас гэта пратэст. Але і тыя, хто кажа, што для іх гэта проста сьвята, трошкі хітруюць. Сьвята сьвятам, але пэўна ня Новы год. Палітычны сэнс гадавіны і палітычны сэнс сьвяткаваньня, нават самага мірнага, для ўсіх відавочны. Ён не пра тое, што было сто гадоў таму, ён пра сёньняшні дзень.

І Лукашэнку, думаю, у вышэйшай ступені абыякава, што там адбывалася ў Менску ў сакавіцкія дні 1918 году. Справа нават ня ў тым, што ён чагосьці пра тыя падзеі ня ведае. Гэта для яго проста ня мае значэньня. Ёсьць сымбалі, значэньне якіх актуальнае сёньня. А яны розныя.

На сустрэчы з моладзьдзю прагучала яшчэ адна паказальная фраза: «І ня трэба пад выглядам нейкага БНР або БССР нешта разбураць». Гучыць даволі двухсэнсоўна. «Разбурыць» БССР немагчыма, таму што яе ўжо не існуе, як і БНР. А вось «нешта» разбурыць можна. І не хочацца, каб гэта «нешта» разбурылі пад выглядам хоць БНР, хоць БССР.

Ці азначаюць заявы прэзыдэнта 20 сакавіка, што ідэалёгія зрабіла кола і вярнулася ў першыя гады кіраваньня Лукашэнкі, калі для БНР была сынонімам БНФ, сынонімам яго палітычных ворагаў? Агулам кажучы, не. Пацяпленьне стаўленьня да БНР, пра якое сьведчаць прыведзеныя вышэй цытаты Шуневіча і іншых, яно ня зь неба звалілася. І па вялікім рахунку было ня толькі і ня столькі саступкай апазыцыі. Хутчэй грамадзкай патрэбе ў гістарычнай легітымізацыі дзяржаўнасьці, і цяперашняй улады ў тым ліку.

Зварот да дасавецкай гісторыі, ідэалягічная апора на яе — агульны трэнд постсавецкіх краінаў, і ня толькі Ўкраіны, Малдовы і Грузіі, скажам, але і Казахстану, і Узбэкістану, і Расеі, дарэчы. Помнікі імпэратарам, аплачанае Пуціным перапахаваньне Дзянікіна ў Расеі, цытаты зь Ільіна ў яго прамовах, асуджэньне ім нацыянальнай палітыкі раньні бальшавікоў — гэта ўсё з таго ж шэрагу.

Усе мы родам з СССР — беларуская дзяржаўная ідэалёгія доўга трымалася на гэтай тэзе. Ну храналягічна і праўда. Але ня толькі з СССР. І ў пэўным сэнсе менавіта таму, што з СССР, мы ня зможам пазьбегнуць агульнай постсавецкай тэндэнцыі. Калі не сёньня, то заўтра.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Перадрук з парталу TUT. BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG