Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыкі на круглым стале спрачаліся, наколькі рэальны быў дзяржаўны праект БНР


Валянцін Мазец і Сяргей Тарасаў

У Менску прайшоў круглы стол «Незалежная і вольная: БНР без фальшаваньня і мітаў». Гісторыкі на падставе фактаў разважалі, наколькі рэальны быў дзяржаўны праект БНР, як уплываў на пакаленьні, як баяліся яго камуністычныя ўлады.

Круглы стол арганізавалі Нацыянальны аргкамітэт адзначэньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР, ГА «Беларуская жаночая ліга» і «Дыярыуш», грамадзянская ініцыятыва «Гільдыя беларускіх гісторыкаў».

«Яшчэ не дзяржава, але ўжо дзяржаўнасьць»

Кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў пачаў паседжаньне зь візуальнага напаміну: паказаў газэтныя публікацыі канца 1980-х — пачатку 1990-х. Тады ў «Навінах БНФ», друкаваных масавым накладам на рататары, бадай упершыню ў адкрытым друку паваеннай пары абмяркоўваліся «Ідэалы 25 Сакавіка», а ў спэцвыпуску газэты «Свабода» пад назваю «Дзень Волі» (1990) былі перадрукаваныя тэксты трох Устаўных граматаў Рады БНР. Так дыскурс БНР вярнуўся на Бацькаўшчыну.

Удзельнікі круглага стала
Удзельнікі круглага стала

Дасьледнік гэтай эпохі Валянцін Мазец (Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук) назваў свой даклад «Яшчэ не дзяржава, але ўжо дзяржаўнасьць» і пачаў з аспрэчваньня мітаў. Паводле Мазца, некарэктна пераносіць у далёкую мінуўшчыну сучасныя матрыцы і лічыць, скажам, ВКЛ этнічна беларускай дзяржавай. БНР жа ўзьнікла ў эпоху фармаваньня эўрапейскіх нацыяў, а сучасная беларуская нацыя пачынаецца з ХІХ стагодзьдзя — як першая форма нацыянальнай беларускай дзяржаўнасьці. На пытаньне з залі Мазец адказаў, што лічыць і БССР праяваю такой дзяржаўнасьці, але без БНР яе б не было.

Спадар Мазец настроены аптымістычна што да прызнаньня цяперашняй уладай каштоўнасьці БНР, бо, як сказаў гісторык, «што такое Рада БНР? — Савет БНР! І ў ёй панавалі сацыялісты, людзі левых поглядаў. Гісторык пералічыў інстытуты, якія пасьпела запачаткаваць першая дзяржава новай беларускай нацыі: пашпарты і праект валюты, гандлёвая палата і сетка консульстваў, было інтэнсіўнае разьвіцьцё школьнай адукацыі і падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў, былі мясцовыя рады як форма самаарганізацыі.

У надзвычай неспрыяльных умовах БНР не магла рэалізавацца, ніхто з суседзяў не хацеў існаваньня БНР; моцна ўдарыла па Беларусі прымусовае бежанства ў глыб Расеі, маштаб якога сягае да паўтара мільёна чалавек, казалі ўдзельнікі дыскусіі.

Валянціна Лебедзева
Валянціна Лебедзева

З Валянцінам Мазцом палемізавала гісторык з Гомля Валянціна Лебедзева, нагадаўшы, што выбітны гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі, аўтар «Мэмарыялу» БНР («Асноваў беларускай дзяржаўнасьці»), сьвядома завастрыў пытаньне пераемнасьці БНР, сьцьвердзіўшы, што ВКЛ — беларуская дзяржава. Бо для міжнароднага самасьцьвярджэньня новай дзяржавы акурат былі патрэбныя дзяржаватворчыя міты.

У БНР была свая міністарка-жанчына Палута Бадунова

Валянціна Лебедзева дасьледуе жыцьцёвы шлях зьвязаных з рэгіёнам дзеячоў БНР, найперш Палуты Бадуновай, першага народнага сакратара апекі (па-сучаснаму — міністра сацыяльнага забесьпячэньня) незалежнай Беларусі. Нядаўна была перавыдадзеная кніга Лебедзевай пра Бадунову, якой яна і прысьвяціла даклад «Чароўныя з мужных: Палута Бадунова, палітык і асоба».

Валянціна Лебедзева зазначыла, што на актах аб незалежнасьці суседніх краін няма ніводнага жаночага подпісу, а на беларускім ёсьць — Палута Бадунова. Гісторык шмат робіць для ўшанаваньня памяці Бадуновай у яе родным Гомлі, але натыкаецца на супраціў уладаў, які патрабуюць «паглыбіць архіўныя дасьледаваньні» і тады ўжо вырашаць, ушаноўваць выдатную зямлячку ці не.

Бадунову напаткаў надзвычай трагічны лёс. Яна трапіла ў агульную для беларускіх эсэраў аблуду, калі яны прынцыпова недаацанілі небясьпекі саюзу з бальшавікамі. Напачатку бальшавікі былі ў Беларусі маргінальнай, чужой, нешматлікай групоўкай. Але як толькі яны захапілі ўладу, то арыштавалі 860 чалавек эсэраў — гэта толькі ў Менскай арганізацыі. На схіле палітычнай біяграфіі, у эміграцыі, Бадунова ўсьвядоміла шкоду расколаў і розных вонкавых арыентацыяў сярод беларускіх палітыкаў, якія сталі ахвярамі чужой стратэгіі divide et impera, спрабавала ратаваць адзінства, але марна. Трагічны фінал жыцьця Бадуновай — калі яе, ужо зламанага псыхічна чалавека, скарысталі савецкія спэцслужбы для нагавораў нават на сваіх родных у справе «аб’яднанага антысавецкага падпольля». Яе трымалі ў менскай «Амэрыканцы», а потым расстралялі. Магчыма, яна ляжыць у Курапатах.

Пакуль няма помнікаў БНР

Прафэсар Аляксандар Гужалоўскі зь Менску сабраў прыклады міжнароднага досьведу захаваньня гісторыка-мэмарыяльнай памяці барацьбы за незалежную дзяржаўнасьць у ХХ ст. Многія народы нашага рэгіёну Эўропы — ад нарвэжцаў да тых, што ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны, — здабывалі сваю незалежнасьць прыблізна ў адзін час з намі. І сёньня ў Осьлё і Рызе, Будапэшце і Празе стаяць помнікі ці памятныя будынкі ў гонар адноўленай/здабытай незалежнасьці з пачатку ХХ ст. Мэмарыяльныя аб’екты ў гонар незалежнасьці Ўкраіны і Казахстану збудаваныя ў адпаведных сталіцах ужо ў наш час. І толькі ў Беларусі няма ніводнага помніка ці мэмарыялу ў гонар дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Міжнароднага досьведу не бракуе; калі паўстане практычнае пытаньне, ёсьць да чаго зьвярнуцца.

Справа Дуж-Душэўскага ляжыць у літоўскім архіве

Гісторык, архівіст Зьміцер Дрозд у літоўскім архіве вывучаў крымінальную справу савецкіх карных органаў супраць Кляўдыюша Дуж-Душэўскага, дзеяча БНР, стваральніка эскізу дзяржаўнага сьцяга БНР. У архівах Літвы, падкрэсьліў дасьледнік, выдатныя ўмовы працы: адсутнасьць нагляду, неабмежаваныя магчымасьці браць справы любога рэпрэсаванага, рабіць копіі, фатаграфаваць. У справе 1952 г. Дуж-Душэўскі быў абвінавачаны ў тым, што дамагаўся «отторжения Советской Белоруссии от Советской России и превращения её в буржуазно-националистическую республику». Асаблівая ж віна Душэўскага, паводле МГБ, была ў тым, што ён дабіўся міжнароднага прызнаньня БНР (прынамсі Эстоніяй і Фінляндыяй, як запісана ў матэрыялах справы). 61-гадовага чалавека засудзілі на 25 гадоў зьняволеньня.

Удзельнікі круглага стала прынагодна абмеркавалі важнае мэтадалягічнае і маральнае пытаньне: у якой ступені зьвесткі з допытаў савецкіх карных службаў могуць служыць надзейнай крыніцай фактаў. Пры гэтым згадалі заклік Паўла Якубовіча не дапускаць да матэрыялаў крымінальных справаў рэпрэсаваных іхных родзічаў, каб не было, маўляў, расчараваньня. Пры гэтым Якубовіч спасылаўся на справу Браніслава Тарашкевіча, да якой ён меў доступ і паводле якой Тарашкевіч нібыта агаварыў сваіх паплечнікаў.

«Ужо праз 2 гады за БНР гатовыя былі выступіць тысячы маладых людзей»

Ніна Стужынская
Ніна Стужынская

​Адна з арганізатараў круглага стала Ніна Стужынская зрабіла даклад «За БНР са зброяй: паўстанцтва і партызанка пад лёзунгамі незалежнасьці». Збройная барацьба 1920-х гадоў, лічыць гісторык, — працяг БНРаўскага праекту, які «авалодаў масамі», і ўжо праз 2 гады за БНР гатовыя былі выступіць збройна тысячы адважных маладых людзей. Стужынская нагадала арганізацыйнае афармленьне і асабовы склад супраціву: Беларуская сялянская партыя «Зялёнага Дуба», яе атаман Дзяркач, начальнік штабу Ўладзімер Ксяневіч. Паводле Стужынскай, «Зялёнаму Дубу» прапольская арыентацыя прыпісваецца беспадстаўна. Гісторык закранула тэму Менскага антысавецкага падпольля 1921 году, у якім дзейнічалі такія знакавыя постаці, як аўтар гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» кампазытар Уладзімер Тэраўскі, тэатральны дзяяч Усевалад Фальскі, гаспадаром явачнай кватэры быў Пётра Яўнзэм (бацька сьпявачкі Ірмы Яўнзэм, пазьней народнай артысткі). Гэта таксама адказ на пытаньне, ці каго натхніў «праект БНР» і ці хто гатовы быў за яго ахвяравацца, падкрэсьліла Ніна Стужынская.

Яе судакладчык Андрэй Цісецкі, краязнавец з Барысава, прааналізаваў пераемнасьць паўстаньня 1863–1964 гадоў і супраціву 1920-х гадоў празь лёсы сем’яў. Прыкладам, акурат у тых мясьцінах Меншчыны, дзе жыў і працаваў сын і брат паўстанцаў 1863 году Казімер Кастравіцкі (пісьменьнік Карусь Каганец), адбываўся беларускі супраціў 1920-х гадоў (як каля Халопенічаў — мясьціны паўстаньня Юркі Моніча) і дзейнічала беларускае незалежніцкае падпольле ў часе 2-й усясьветнай вайны (як у Бярэзані). Інакш кажучы, можна гаварыць пра пэўны ўплыў паўстанцкай традыцыі на геаграфію беларускага руху ХХ ст.

Ініцыятыва ў Кобрыні

Журналіст Марат Гаравы расказаў пра кобрынскую грамадзкую ініцыятыву ўшанаваньня абаронцаў свабоды, чые імёны зьвязаныя з Кобрынскім паветам: Тадэвуш Касьцюшка, Аляксандар Міцкевіч (брат вялікага паэта), Тарас Шаўчэнка, Напалеон Орда, Рамуальд Траўгут, Хаім Вейцман... І — адзін з айцоў-заснавальнікаў БНР Пётра Крачэўскі. Стварэньне такога мэмарыялу паспрыяе таму, каб Кобрынь перастала асацыявацца з Суворавым.

Публічная прастора для дыскурсу і ідэяў БНР няўхільна пашыраецца, сказала арганізатар круглага стала Ніна Стужынская.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG