Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ленін думаў пра Беларусь. Але як?


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Пуцін, маючы зямлі да Аляскі, пашкадаваў у душы, што Ленін неабачліва даў беларусам кавалак зямлі, і цяпер гэта не Расея.

А як было цудоўна: Заходняя вобласьць РСФСР, ніякіх табе Беларусяў! Старшыня аблвыканкаму Мясьнікоў-Мясьнікян! Якія яшчэ беларусы? Толькі што давялося перабрацца зь Менску ў Смаленск. Часова. Вобласьць называецца паміж сабой бальшавікамі «буфэрнай». Быў Заходні фронт, стала Заходняя вобласьць. Элемэнтарна.

Як пачаліся перамовы зь немцамі, яшчэ ў сьнежні 1917-га, пра беларусаў ніхто не ўспамінаў. Самі прарваліся. Хітрыкі. Ці выпадковасьць. Размаўлялі па-свойму, ахова вырашыла, што ўкраінцы і прапусьціла. А яны: патрабуем стварыць дэмакратычную рэспубліку! Чаго захацелі! Тут, браткі, савецкая Расея, тут Ленін вырашае.

Але сытуацыя ваенная, не да жартаў. Перамовы закончыліся, немцы наступаюць, палова беларускіх зямель іхняя. Партыйцы Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б) б’юць тэлеграму ў Маскву: хутчэй далучайце паўторна астатнюю частку гэтак званай Беларусі да Расеі. Так была створаная гэтая самая Заходняя вобласьць пад кіраўніцтвам пасланца Каўказу.

Начальства Заходняй вобласьці нават не разглядала магчымасьці стварэньня беларускай дзяржаўнасьці пад кіраўніцтвам бальшавікоў. Накірунак быў: каб усе нацыі зьліліся ў адну «савецкую», расейскую. Аб чым, як мы цяпер бачым, вельмі рупіцца крамлёўскае кіраўніцтва. Пра рускі сьвет, толькі без бальшавікоў, як было сто гадоў таму.

Мясьнікян, імя якога потым у Беларусі ўвекавечылі, не цярпеў ленінскай думкі аб самавызначэньні нацый. Але давялося падпарадкавацца. Партзьезд у Смаленску абвясьціў аб стварэньні Беларускай рэспублікі ў складзе РСФСР. Пачатак 1919-га. Гэта было дасягненьнем. Пралетарскі ўрад адразу пераяжджае ў горад Менск. Дзе ССРБ выходзіць са складу РСФСР. І што вы думаеце: ужо Мясьнікян зноў галоўны! Цяпер — галоўны беларус. Альбо дакладней — першы беларускі савецкі начальнік.

Але сытуацыя франтавая, і рэспубліку неўзабаве аб’ядноўваюць зь Літоўскай савецкай. ССРБ зьнікла з мапы, праіснаваўшы менш за два месяцы. Тры яе вобласьці — Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую далучылі назад да РСФСР. Астатняе ўвайшло ў склад ЛітБелу. Але ва ўмовах пастаянных баявых дзеяньняў супольная рэспубліка таксама аказалася мёртванароджаным творам. Між іншым, і яна называлася буфэрнай. Начальства ЛітБелу аднойчы склала зь сябе паўнамоцтвы, «перадаўшы справы» і пячатку Менскаму губэрнскаму рэўкаму. З чаго пачыналі, тым закончылі. 19 ліпеня 1919 году.

Ніякай Беларусі ў Беларусі ня стала, нават савецкай.

12 ліпеня 1920 году Ленін падпісаў дамову зь літоўцамі, перадаўшы ім беларускія гарады: Горадню, Шчучын і Ліду, Ашмяны і Смаргонь, нават Паставы і Браслаў. Літоўцы абавязаныя былі спыніць у сябе дзейнасьць органаў БНР ды іншых антысавецкіх груповак. У гэтым момант, як лічаць гісторыкі, Масква не разглядала магчымасьць аднаўленьня беларускай рэспублікі.

Аднак частка камуністаў-беларусаў не пагадзілася пахаваць беларускую ідэю. 31 ліпеня імі была паўторна абвешчана ССРБ. Зь неакрэсьленымі межамі. Але тады быў важны сам факт паўторнага абвяшчэньня. Каб парупіліся тады бальшавікі пасадзіць тых людзей альбо не чакаць зь іх расстрэлам да 1937-га, і нічога б не было зусім. Сёньня мы жылі б у Заходняй вобласьці. І душа Ўладзіміра Пуціна была б спакойнай. І Леніна ён бы крыху больш любіў, чым сталася апошнім часам.

Вось так Ільліч думаў насамрэч пра Беларусь. Варта памятаць таксама, што калі пачалі кроіць беларускі пірог у Берасьці, беларусаў не падпусьцілі блізка. І тое ж паўтарылася ў Рызе. Украінцаў запрашалі ў абодвух выпадках. За беларусаў іхняй тэрыторыяй распараджаўся ўрад РСФСР. Як паведамлялі газэты, у 1921 годзе быў падпісаны Рыскі мірны дагавор, які ўсталяваў мяжу паміж савецкімі рэспублікамі РСФСР і УССР ды Польшчай.

Беларускія межы, як пазьней выявілася, уключалі шэсьць паветаў. Такія вынікі ленінскай любові да беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG