Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямʼю «жанчыны з крана» будуць высяляць 28 сакавіка


Галіна Ігнатовіч на сваім участку

Сямʼі Галіны Ігнатовіч, якая пры канцы студзеня на знак пратэсту супраць несправядлівай кампэнсацыі за жыльлё залезла на вежавы кран, далі пяцідзённую адтэрміноўку на высяленьне з прыватнага дому на менскай вуліцы Ржавецкай.

Прымусова, зь міліцыяй разьвезьці 11 чалавек па новых адрасах меліся сёньня, але зробяць гэта ў наступны аўторак. Як удакладніла адна з жыхарак дому — Сьвятлана Ігнатовіч, нявестка Галіны Канстанцінаўны, — падставай да такога кроку стала пастанова дэпартамэнту прымусовага высяленьня, у якой удакладняецца, што з такой просьбай зьвярнулася кампанія-забудоўшчык «Тапас».

Дом Ігнатовічаў, вызначаны пад знос
Дом Ігнатовічаў, вызначаны пад знос

Паводле заяўніка, ня ўсе чальцы сямʼі праінфармаваныя пра дакладную дату, калі яны мусяць назаўсёды пакінуць прыватызаваную «Тапасам» тэрыторыю.

Цяпер дом Ігнатовічаў — адзіны ў атачэньні будаўнічых кранаў, перадапошнюю прыватную забудову зьнесьлі летась. Жыльцы цалкам адрэзаныя ад зьнешняга сьвету, трапіць да іх можна толькі праз браму, якую вартуе ахова «Тапасу». Сёньня Ігнатовічы падалі заяву ў міліцыю на дзеяньні кампаніі, якая фактычна блякуе іх кантакты са зьнешнім сьветам.

Сьвятлана Ігнатовіч у чаканьні судовых прыставаў
Сьвятлана Ігнатовіч у чаканьні судовых прыставаў

Нагадаем, што 1 сьнежня 2016 году суд Цэнтральнага раёну Менску пастанавіў выселіць жыльцоў дому па Ржавецкай вуліцы. Сярод іх гаспадыня Галіна Ігнатовіч, два яе сыны з жонкамі і дзецьмі, а таксама былы муж Галіны і яго новая жонка.

На гэтай тэрыторыі група кампаніяў «Тапас» будуе жылы комплекс «Алімпік-парк». Забудоўшчык прапанаваў у якасьці кампэнсацыі тры двухпакаёўкі ў розных раёнах сталіцы, прычым у адну зь іх павінны былі засяліцца муж зь дзьвюма жонкамі, цяперашняй і былой. А Ігнатовічы хочуць атрымаць асобнае жыльлё для сыноў і грашовую кампэнсацыю для былых мужа і жонкі. Рашэньне аб высяленьні было абскарджана ў Менскім гарадзкім судзе, але скаргу там не задаволілі.

Канстанцін Ігнатовіч, сын Галіны Канстанцінаўны
Канстанцін Ігнатовіч, сын Галіны Канстанцінаўны

Першы раз знос дому Ігнатовічаў былі прызначылі на 1 лютага. Але напярэдадні жанчына пайшла на адчайны крок — залезла на вежавы кран, патрабуючы справядлівай кампэнсацыі за знос дому. Дзякуючы гэтаму яе сваякі атрымалі аўдыенцыю ў кіраўніцтва гораду, а пракуратура Менску прыпыніла судовае рашэньне аб высяленьні сямʼі Ігнатовічаў.

Неўзабаве рэзанансную гісторыю ўзяў на кантроль Аляксандар Лукашэнка і загадаў разабрацца. Заявіў, што «не павінен мужык жыць зь дзьвюма жонкамі адразу» — старой і новай.

Сьвятлана Ігнатовіч
Сьвятлана Ігнатовіч

Аднак на пачатку сакавіка Галіна Ігнатовіч атрымала ліст з пракуратуры Менску, у якім наглядны орган паведамляе: падставаў адмяняць рашэньне суду няма. Рашэньне зьдзівіла, бо 28 лютага тое ж самае ведамства вынесла пратэст на рашэньне Менскага гарадзкога суду аб высяленьні сямʼі, пра што заяўнікам паведамілі афіцыйным лістом. А літаральна праз суткі пазыцыя пракуратуры рэзка зьмянілася — пратэст быў адкліканы.

Тым часам прадстаўнікі кампаніі «Тапас» запэўніваюць, што кампэнсацыя за знос была прапанаваная згодна з законам і ў поўным абʼёме. Але паколькі спробы замірыцца ў дасудовым парадку аказаліся марнымі, было прынятае рашэньне зьвярнуцца ў суд. Цяпер рукі для актыўных дзеяньняў разьвязаныя.

Будоўля на Ржавецкай вуліцы
Будоўля на Ржавецкай вуліцы

Нязваных гасьцей Ігнатовічы чакаюць у любы момант — няма гарантыі, што з высяленьнем будуць чакаць да 28 сакавіка. Тым часам спадарыня Ігнатовіч усё ж ня траціць надзеі на перамогу здаровага сэнсу і рыхтуе гарод да «пасяўной кампаніі».

Галіна Ігнатовіч на гародзе
Галіна Ігнатовіч на гародзе

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG