Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы патрабаваньні законныя!» — пачаўся суд аб высяленьні сям’і Галіны Ігнатовіч, якая забіралася на кран


Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаліся папярэднія слуханьні па справе сям’і Ігнатовічаў. Працэс вядзе судзьдзя Андрэй Дзянкевіч.

Кампанія-забудоўшчык «Тапас» патрабуе выселіць Ігнатовічаў зь іхняга дому па Ржавецкай вуліцы, што ў мікрараёне Лебядзіны, бо мае зьнесьці дом і пабудаваць там жыльлёвы комплекс.

У якасьці кампэнсацыі ім прапанавалі тры двухпакаёвыя кватэры ў ЖК «Браслаўскі» агульнай плошчай 225 м².

Галіна Ігнатовіч жыве з былым мужам, ягонай новай жонкай Тацянай Марынчык, дзецьмі і ўнукамі. Усяго ў прыватным доме ў Лебядзіным былі прапісаныя 11 чалавек, але цяпер адзіны прапісаны там чалавек — гэта Марынчык.

Менавіта да яе «Тапас» і прад’яўляе іск.

«Натуральна, што мы хочам разьехацца з новай сям’ёй былога мужа! І яны таксама выступаюць за гэта. Але кватэры ад „Тапаса“ мне не патрэбныя, бо я ўсё жыцьцё пражыла ў доме, ля зямлі. Мне цяжка жыць у шматпавярховіку... Нашы патрабаваньні законныя, бо па заканадаўстве грамадзянін мае права на любы тып кампэнсацыі, і я хацела б атрымаць грашовую, каб набыць сабе домік за горадам», — сказала Свабодзе Галіна Ігнатовіч. На суд яна і сын прыйшлі як слухачы.

Яна кажа, што забудоўшчык не зафіксаваў дакумэнтальна сваю прапанову кампэнсацыі, «усё было выключна на словах». Сама Марынчык на працэс не зьявілася.

Інтарэсы «Тапаса» прадстаўляе юрыст Тарас Тугарын. У кампаніі ўпэўненыя: іхняя прапанова справядлівая, а Ігнатовічы проста «хочуць атрымаць выгаду і выкарыстоўваюць для гэтага любыя мэтады». Ігнатовічаў меліся прымусова выселіць яшчэ 31 студзеня, аднак Галіна ў знак пратэсту забралася на будаўнічы кран і правяла там ноч, потым яе шпіталізавалі зь пераахалоджаньнем. Пасьля гэтага пракуратура прыняла рашэньне не высяляць сям’ю да 20 лютага.

XS
SM
MD
LG