Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падманутыя дольнікі пратэставалі супраць сэрбскага інвэстара, які будуе «Маяк Менску»


У Менску на праспэкце Незалежнасьці, у мікрараёне Усход-1, адбыўся пікет жыхароў комплексу «Маяк Менску» з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці за махінацыі і парушэньні сэрбскай фірмы Dana Holdings, якая належыць братам Багалюбу і Драгаміру Карычам.

Ініцыятарамі акцыі былі муж і жонка — Павал Цітоў і Сьвятлана Кудзіна, яны маюць кватэру комплексе і наракаюць на недаробкі, няспраўную работу ліфтаў, яны перакананыя ў махінацыях забудоўшчыка, які завысіў цэны.

Да Паўла і Сьвятланы далучыліся яшчэ тры чалавекі, якія жывуць у гэтым комплексе, у тым ліку Юлія Раманёнак, якая год таму купіла тут кватэру, але ня можа дагэтуль засяліцца.

Жыхары таксама пратэставалі супраць шчыльнай забудовы мікрараёну, недахопаў у будоўлі кватэр, таксама выказвалі прэтэнзіі ў адрас інвэстара Dana Holdings, паколькі лічаць, што ён парушаў дамовы і дамы былі пабудаваныя з фінансавымі стратамі і махінацыямі.

Адзін з плякатаў быў скіраваны супраць карупцыі ў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску — пратэстоўцы лічаць, што ўлады пакрываюць інвэстара ў ягоных махінацыях.

Пікет быў прымеркаваны да адкрыцьця гандлёвага комплексу «Дана Мол», які пікетоўцы назвалі «жахлівым ангарам», што псуе панараму Менску.

На цырымонію адкрыцьця прыехала ўрадавая дэлегацыя, якую меркавана ўзначальвае прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў. Да ўдзельнікаў пікету ніхто з урадавай дэлегацыі не падышоў.

Міліцыя кантралявала пратэст, але нікога з удзельнікаў пікету не затрымалі, пратаколаў аб парушэньні заканадаўства аб мітынгах не складалі.

Браты Карычы — буйныя бізнэсоўцы з Сэрбіі, блізкія да былога прэзыдэнта Мілошавіча. Супраць іх на радзіме заводзіліся крымінальныя справы. Карычы будуюць у сталіцы Беларусі ня толькі «Маяк Менску», але і мікрараён на месцы былога аэрапорту, а таксама гандлёвы цэнтар на Кастрычніцкай плошчы. Некалькі разоў іх прымаў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Глядзець камэнтары (2)

XS
SM
MD
LG