Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандальныя будоўлі Менску: будуюць арабы, расейцы, сэрбы. Беларусы назіраюць


Незавершаны навабуд на месцы першай менскай электрастанцыі

Расейскі «Сбербанк», чыё беларускае падразьдзяленьне «БПС-Сбербанк» было адным з фундатараў гатэльнага комплексу побач зь менскім цыркам, возьме на сябе фінансавыя абавязаньні на завяршэньне будоўлі. Гэта вынікае з учорашніх перамоваў кіраўніка банкаўскай установы Германа Грэфа і Аляксандра Лукашэнкі.

Чыж пачаў, Грэф завершыць. Кемпінскі адхрысьціўся

Элітны гатэль на месцы першай менскай электрастанцыі, якую зруйнавалі пад камэрцыйны праект, пачала будаваць фірма «Эліт Эстэйт» — даччынае прадпрыемства групы кампаніяў «Трайпл» бізнэсоўца Юрыя Чыжа. Абʼект меркавалася здаць да старту чэмпіянату сьвету па хакеі ў траўні 2014 году. Аднак з прычыны недасканаласьці падмурку, які пачалі падмываць воды Сьвіслачы, працы спачатку затармазіліся, а пасьля канчаткова спыніліся — набліжаны да ўлады алігарх быў арыштаваны і абвінавачаны ў эканамічных злачынствах.

Адпачатку заяўлялася, што шматфункцыянальным комплексам будзе кіраваць знакаміты брэнд Kempinski, аднак міжнародны кансорцыюм ад гэтай ідэі адхрысьціўся.

Летась Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім будоўля «псэўдакемпінскага» працягнута да канца 2018 году. Аднак знайсьці новага інвэстара на праблемны абʼект, абцяжараны старымі даўгамі і вялізнымі штрафамі, аказалася ня так проста. Агулам, паводле разьлікаў, для завяршэньня працаў неабходна блізу 100 мільёнаў даляраў — гэтулькі ж, колькі ўжо асвоена.

Невядома, якія аргумэнты зь беларускага боку паўзьдзейнічалі, але па выніках сустрэчы з кіраўніком Беларусі расейскі банкір заявіў, што ў абʼекты нерухомасьці будуць накіраваныя інвэстыцыі ў памеры акурат 100 мільёнаў даляраў:

«Знойдзеныя падыходы ў вырашэньні праблемаў у частцы тых праектаў, якія намі фінансаваліся і апынуліся ў складанай сытуацыі. Мы дамовіліся адносна падыходаў у дафінансаваньні абʼектаў, якія цягам двух гадоў будуць рэалізаваныя», — сказаў Грэф, удакладніўшы, што незавершаную нерухомасьць праінвэстуюць і рэалізуюць на камэрцыйным рынку.

Так выглядаў пашпарт абʼекта ў 2014 годзе
Так выглядаў пашпарт абʼекта ў 2014 годзе

Як будуць разьмяркоўвацца актывы з улікам долі, укладзенай Юрыем Чыжом, высьветліць не ўдалося — памочнік бізнэсоўца спаслаўся на празьмерную занятасьць боса. Папрасілі дачакацца пэўнасьці і ў маскоўскім офісе «Сбербанка».

Тым часам адмыслоўцы перакананыя: спаруду гатэля, якая іншародным целам уклінілася ў гарадзкі пэйзаж, трэба не дабудоўваць, а зруйнаваць. Адзін са старэйшых архітэктараў Ігар Байцоў лічыць такі варыянт найбольш разумным:

«Нічога не магу казаць пра карупцыйны складнік, я ж ня сьледчы. Але як магло здарыцца, што ў цэнтры Менску паўстаў такі жахлівы абʼект? Вось гэта пытаньне з пытаньняў. Дакладна такая ж цьмяная гісторыя зь іншым абʼектам Чыжа — скандальным гмахам у Траецкім прадмесьці. На жаль, усё робіцца кулюарна: дзесьці ўдарылі па руках, а грамадзтву канстатавалі ў якасьці факта. І гэта праходзіць, бо выканаўцы ведаюць: на кухні паабурацца яшчэ могуць, але далей незадаволенасьць наўрад ці выйдзе — у несвабодным грамадзтве маніпуляваць сьвядомасьцю лёгка. Бо каб былі пратэстныя настроі, так нахабна сябе не паводзілі б. Усе ўсё бачаць, разумеюць, але нешта супрацьпаставіць ня могуць. Ці баяцца...»

Мілер прыдумаў, Пуцін ухваліў. Лукашэнка ня плаціць

Праект «Газпром-цэнтру» ў Менску
Праект «Газпром-цэнтру» ў Менску

Няма пэўнасьці вакол іншага даўгабуду, які адпачатку ўзводзіцца на расейскія грошы. Гэта офіс «Газпром-цэнтру» на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава. Ён, згодна зь першапачатковымі плянамі, павінен стаць самым высокім будынкам у Менску. Але пакуль будучай высоткі не відаць нават з-за агароджы.

Пасьля таго як «Газпром» набыў актывы «Белтрансгазу» і стаў уласьнікам беларускага газатранспартнага прадпрыемства, маскоўскія топ-мэнэджэры заявілі, што трэба будаваць штаб-кватэру ў Беларусі. Менскія ўлады бязь лішніх пытаньняў ахвяравалі цэлым аўтавакзалам «Маскоўскі», абставіўшы зьдзелку некалькімі ўмовамі: збудаваць двухузроўневую разьвязку, узяць на сябе выдаткі на фармаваньне дзелавога кварталу ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі, плюс абавязковая ў такіх выпадках сацыяльная нагрузка — фінансаваньне дзіцяча-спартыўных школ, духоўных цэнтраў, культурна-масавых мерапрыемстваў і г.д.

Пашчасьціла, што пачалі з пуцеправоду, бо, страціўшы вакзал, маглі не атрымаць нічога. Будаўнічая пляцоўка «Газпром-цэнтру» паўгода як замарожаная, і падставаў да актывізацыі працаў пакуль ня прадбачыцца. Днямі ў Менгарвыканкаме пацьвердзілі тое, што ў кулюарах абмяркоўвалася яшчэ ад мінулай восені — будоўля газпромаўскага комплексу не вядзецца ад жніўня мінулага году, афіцыйна ён закансэрваваны ад сьнежня 2016-га.

Так выглядала будоўля Газпром-цэнтру леташняй восеньню
Так выглядала будоўля Газпром-цэнтру леташняй восеньню

Паводле некаторых зьвестак, асноўная прычына — спыненьне фінансаваньня праз нафтагазавы канфлікт Беларусі і Расеі. Менск вінен партнэрам амаль паўмільярда даляраў і плаціць не зьбіраецца. Называюць і тэхнічныя праблемы — маўляў, не адпавядае нормам падмурак будучай высоткі, бо маса будынка нашмат большая, чым можа вытрымаць спэцыфічны мясцовы грунт са шматлікімі «тарфянымі лінзамі».

Адзін зь беларускіх праектантаў, якога расейскі бок прыцягнуў да рэвізіі праекту, сьцьвярджае: насамрэч справа ў тым, што праект грунтоўна пераглядаецца. Па яго словах, «Газпром» вырашыў адмовіцца ад першапачатковай пампэзнасьці на карысьць больш сьціплага варыянту, а таму тайм-аўт часовы:

Вялікая імавернасьць, што заплянаванай адпачатку вышыні ня будзе

«Будоўля спынена з прычыны пралікаў на перадпраектнай стадыі. На этапе тэхнічна-эканамічнага абгрунтаваньня забудовы быў пралічаны канкрэтны набор функцыяў, — на ўмовах ананімнасьці кажа суразмоўца. — А цяпер, з прычыны існуючай эканамічнай сытуацыі, яго вырашана істотна адкарэктаваць — столькі функцыяў проста не патрэбна. Умоўна кажучы, шмат чаго давядзецца „адрэзаць“ у параўнаньні з тым, што было закладзена першапачаткова. Найперш гэта ўключае ў сябе канструктарскую частку — колькасьць паверхаў, інжынэрныя сеткі і г.д. Усё ў комплексе вызначыць, якім павінен быць падмурак. На дадзены момант фундатар перадусім заклапочаны зьменай функцыяналу. Вялікая імавернасьць, што заплянаванай адпачатку вышыні ня будзе...»

Як удакладняе спэцыяліст, ва ўмовах разьвіцьця альтэрнатыўнай энэргетыкі «Газпром» паступова страчвае вагу на міжнароднай арэне. А таму вымушаны эканоміць — тлустыя часы паступова сыходзяць. Беларусь таксама трапіла ў зону ашчаджэньня. Да таго ж, кажа суразмоўца, гэта добрая магчымасьць нагадаць Лукашэнку пра старыя даўгі, па якіх хочаш ня хочаш, а трэба плаціць.

Аль-Нахаяна даў, Шорац узяў. Варабʼёў засакрэціў

Будынак 2-га шпіталя
Будынак 2-га шпіталя

Акурат гэтымі днямі пачалася падрыхтоўка да зносу будынка 2-га менскага шпіталя — ідзе мантаж агароджы, будаўнікі завозяць абсталяваньне. Карпусы, якія стаяць на скрыжаваньні вуліц Багдановіча і Купалы, будуць зруйнаваныя да восені, на іх месцы паўстануць гмахі гатэля і забаўляльных установаў. Пазьней пачнуць разьбіраць выставачны цэнтар «БелЭкспа».

Новы квартал прафінансуе інвэстар з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў — фонд Royal Group шэйха Тахнуна бін Заід аль-Нахаяна. Зь ім Аляксандар Лукашэнка ня раз сустракаўся падчас наведваньня гэтай краіны, дзе ён з сынамі палюбіў адпачываць.

Скандальны шлейф за будоўляй, якая яшчэ не пачалася, цягнецца ўжо больш за пяць гадоў. У камэрцыйны абарот 6 гектараў зямлі ў Старым горадзе было вырашана перадаць у 2010 годзе. Спачатку надзел у межах вуліц Багдановіча — Купалы — набярэжнай Сьвіслачы ўзяліся «акультурыць» бізнэсоўцы з Аману. Праўда, неўзабаве грымнуў крызіс, беларускі рубель абваліўся, партнэры рэціраваліся. Празь нейкі час гарадзкія ўлады заявілі, што знайшлася іншая «надзейная кампанія», якую шырокай публіцы прадставіць так і не пасьпелі — загадкавы партнэр агледзеўся і таксама зьнік.

Гэтым разам на арэну выйшаў насьледны прынц Абу-Дабі, якога ў Менгарвыканкаме характарызуюць няйначай як «добра знаёмага з рэаліямі Беларусі». Прэтэндэнт прайшоў усе стадыі ўзгадненьня, у сьнежні падпісалі генэральнае пагадненьне. На невялікі пляц у цэнтры сталіцы мяркуецца ўціснуць гатэльны комплекс, казіно, рэстаран, гандлёвую зону, падземны паркінг. У праект плянуецца ўкласьці 250 мільёнаў даляраў.

Будынак БелЭкспа
Будынак БелЭкспа

Экспэртаў найперш хвалюе, ці ня пойдуць пад бульдозэр разам з паваенным навадзелам шпіталя сярэднявечныя муры, як гэта ўжо здарылася ў іншых месцах гістарычнага цэнтру? Усё ж комплекс у раёне Траецкай гары — гэта колішні базыльянскі кляштар з 500-гадовай гісторыяй.

Гарадзкія ўлады запэўніваюць, што чатыры корпусы шпіталя, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасьць, будуць захаваныя, а ў пэрспэктыве — рэканструяваныя. Аднак, як кажа дасьледчык гісторыі Менску Ўладзімер Дзянісаў, найперш насьцярожвае факт, што ўсё робіцца без аніякага шырокага абмеркаваньня, гараджане пазбаўленыя права голасу:

Уладзімер Дзянісаў
Уладзімер Дзянісаў

«Хто-небудзь ведае, што там праектуецца? Без грамадзкага абмеркаваньня, без даступнай адкрытай інфармацыі. Прычым праектуецца на ахоўнай тэрыторыі, якая сама па сабе помнік. Тут пад аховай усё: будынкі і збудаваньні, пляніровачная структура кварталу, археалягічны пласт. І калі мы маем такую сытуацыю, то хваляваньні небеспадстаўныя: чаму праект распрацоўваецца ў поўнай таямніцы? Прынамсі, праектанты захоўваюць маўчаньне. А паколькі невядома, што на тым месцы зьявіцца, няма ніякай гарантыі, што ня будуць зьнішчаныя і іншыя будынкі. Па-першае, велізарны абʼём так ці іначай „задушыць“ помнік. Па-другое, там ня толькі ўнікальныя інтэрʼеры, пляніроўка, скляпеньні — пад тынкоўкай захаваўся каштоўны жывапіс ХІХ стагодзьдзя».

Старая камяніца на тэрыторыі 2-га шпіталя
Старая камяніца на тэрыторыі 2-га шпіталя

Праект забудовы часткі Траецкай гары даручаны архітэктурнай майстэрні «Варабʼёў і партнэры», дзейнасьць якой аточана таямніцай. У прыватнасьці, супрацоўнікі бюро прызнаюцца, што «далі падпіску аб невыдаваньні інфармацыі».

Багалюб вырашыў, Драгамір падтрымаў. Зоран абгрунтаваў

Пустку на месцы зьнесенага музэю зьлева ад Палацу прафсаюзаў зойме бізнэс-комплекс «Капітал-цэнтар»
Пустку на месцы зьнесенага музэю зьлева ад Палацу прафсаюзаў зойме бізнэс-комплекс «Капітал-цэнтар»

Праўдападобна, скандальнае суправаджэньне забясьпечана яшчэ аднаму буйному праекту з удзелам замежнага капіталу.

У апошнія дні 2016 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб выдзяленьні тэрыторыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сэрбскай кампаніі «Белінтэ-Роба», якая ўваходзіць у міжнародны холдынг «Dana Holdings». Пляц вызваліўся пасьля зносу музэю Айчыннай вайны, яго асваеньне даручана братам Карычам, якія, карыстаючыся доступам ва ўладныя кабінэты, ужо рэалізуюць цэлы шэраг праектаў — «Маяк Менску», «Менск-Мір» ды іншыя. Агулам — звыш 4,5 мільёнаў квадратных мэтраў жылой і камэрцыйнай нерухомасьці. Гэта больш, чым апошнім часам узводзяць беларускія забудоўшчыкі.

Згодна з праектнай дакумэнтацыяй, да 2020 году сэрбскія інвэстары збудуюць «БК Капітал Цэнтар» — комплекс з адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканьнямі, бізнэс-апартамэнтамі, грамадзкім харчаваньнем і падземным паркінгам. Здабыткам галоснасьці стаў адзін з магчымых архітэктурных праектаў, які ўжо выклікаў неадназначную рэакцыю з боку адмыслоўцаў і шараговых менчукоў. Як удакладняюць распрацоўшчыкі — гэта спроба знайсьці залатую сярэдзіну паміж будынкамі, якія стаць на Кастрычніцкай плошчы — Палацам прафсаюзаў, офісам кампаніі Velcom і Палацам рэспублікі.

Тым часам выбар на карысьць згаданага праекту пры канцы мінулага году ўскосна пацьвердзіў адзін з братоў Карычаў Зоран: «Комплекс гарманічна ўпішацца ў забудову, якая склалася гістарычна. У прыватнасьці, будзе спалучацца з архітэктурай Палаца прафсаюзаў. Разам з тым суседні будынак Velcom прымушае ўлічваць сучасныя тэндэнцыі. З улікам неабходнасьці прымірэньня розных кірункаў мы аддалі перавагу стылю на мяжы клясыкі і мадэрну, зрабіўшы крок у бок узважанай эклектыкі. Рыхтуецца эскізны праект, на пляцоўку разьлічваем зайсьці ў 2017-м».

Багалюб, Драгамір, Срэтэн і Зоран Карычы былі сярод самых уплывовых бізнэсоўцаў у часы кіраваньня Слабадана Мілошавіча. Яны мелі актывы ў будаўнічым, мэдыйным і мабільным бізнэсе, Багалюб нейкі час нават быў міністрам прыватызацыі. Пасьля падзеньня рэжыму Мілошавіча Карычы страцілі свае пазыцыі, але гэта не перашкодзіла ім распачаць праекты за мяжой, у тым ліку ў постсавецкіх краінах.

Менавіта на запрашэньне Карычаў у 2009 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў папулярны гарналыжны курорт Капаонік. Там Лукашэнка і Карычы пасябравалі семʼямі, а Багалюб нейкі час жыў на дзьве краіны — Беларусь і Расею. Абвінавачаны ў фінансавых махінацыях, старэйшы з братоў 11 гадоў хаваўся ад сэрбскага правасудзьдзя. У канцы 2016-га абвінавачаньні супраць яго былі зьнятыя, і 30 сьнежня ён прыляцеў у Бялград на вясельле дачкі. Але неўзабаве абяцаў вярнуцца...

Глядзець камэнтары (5)

XS
SM
MD
LG