Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторых жыхароў, актывістаў цягалі па зямлі, штурхалі. Яны паехалі здымаць пабоі», — абаронцы Котаўкі


Старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац паабяцаў, што пілаваньне дрэў у парку Котаўцы будзе прыпыненае, пакуль ён не разьбярэцца ў сытуацыі.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла адна з абаронцаў парку Марына Дубіна, якая брала ўдзел у сустрэчы з Шорцам.

«Ён паабяцаў, што разьбярэцца ў сытуацыі, а да гэтага моманту работы спыніць. Мы данесьлі пазыцыю мясцовых жыхароў, што гэта праблема, якая спараджае канфлікт».

Марына Дубіна таксама паведаміла, што сёньня адбылася штурханіна паміж жыхарамі і работнікамі «Рэмаўтадару» і зелянбуду.

«Некаторых жыхароў, актывістаў цягалі па зямлі, штурхалі. І людзі паехалі здымаць пабоі», — сказала Марына Дубіна.

Днём 7 сьнежня каля сарака работнікаў прадпрыемстваў прыехалі ў Котаўку і спрабавалі зноў пілаваць дрэвы.

Мясцовыя жыхары і актывісты пачалі акружаць дрэвы і перашкаджаць пілаваньню. Людзі адштурхоўвалі работнікаў прадпрыемстваў, садзіліся на ўжо сьпілаваныя дрэвы, перашкаджаючы іх вывозіць. Супрацоўнікі міліцыі назіралі за сытуацыяй. Работнікі «Рэмаўтадару» і зелянбуду адцягвалі людзей ад дрэў, спрабавалі вывесьці іх за тэрыторыю парку.

Пасьля штурханіны работнікі прадпрыемстваў спынілі пілаваньне і пачалі выносіць ужо сьпілаваныя дрэвы.

Марына Дубіна таксама сказала, што абаронцы парку 8 сьнежня зьбіраюцца пайсьці ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

Глядзець камэнтары (8)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG