Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыхтуемся да новых баёў». Працяг канфлікту вакол сквэру Котаўкі


Раніцай 7 сьнежня ў сквэры Котаўцы, на месцы побач з вуліцамі Тыражнай і Дастаеўскага, зноў адбыўся канфлікт паміж мясцовымі жыхарамі і эколягамі з аднаго боку і супрацоўнікамі зелянбуду з другога. Гэта працяг канфлікту за пляцоўку, на якой зьбіраюцца пабудаваць касьцёл.

Шостага сьнежня былі сьпілаваныя і пашкоджаныя 2 дрэвы, сёньня зелянбудаўцы пасьпелі сьпілаваць яшчэ два дрэвы, а далей працаваць ім перашкодзілі мясцовыя жыхары і актывісты экалягічных арганізацыяў «Зялёнай сеткі». На месца канфлікту прыяжджалі нарад міліцыі і «хуткая дапамога». Мэдыкаў выклікалі да мясцовага жыхара, якому падчас супрацьстаяньня пашкодзілі нагу каўшом пагрузчыка.

«Было яшчэ цёмна, а іх ужо панаехала больш за 20 чалавек. Зь Зелянбуду, зь „Белаўтадару“. Стужкамі абазначылі месца з аднаго боку і пачалі пілаваць. Адно дрэва дапілавалі з тых, што ўчора пачалі, а другое рэзалі зьнізу, але пасьпелі толькі напалову. Бо людзі набеглі, сталі вакол, баранілі. Пагрузчык гэты езьдзіў туды-сюды, мяне штурханулі, дык проста ў коўш паваліўся. Сёньня пойдзем да мэра Менску размаўляць пра гэтае беззаконьне!» — расказаў карэспандэнту Свабоды пацярпелы ў сутычцы мясцовы жыхар Генадзь С. Паводле спадара Генадзя, пакуль міліцыянты прымалі ў яго заяву аб траўме ды складалі адпаведныя паперы, зелянбудаўцы свой пагрузчык адагналі.

«Міліцыянты пагрузчык цяпер ня могуць знайсьці, ні ў воднай базе не прабіваецца!» — абураецца Генадзь, які толькі выйшаў зь міліцэйскага аўтамабіля.

Пасьля 10 гадзінаў раніцы будаўнікоў і зелянбудаўцаў у сквэры ўжо не было. Заставаліся там толькі некалькі мясцовых жыхароў і актывісты «Зялёнай сеткі». Такі мабільны пост — з тэлефонамі і тэрмасамі ў руках. Актывіст «зялёных» Яўген Міхасюк лічыць, што трэба рыхтавацца да падступнай тактыкі другога боку канфлікту.

«Глядзіце: вось дрэвы з намаляванымі вачамі ўздоўж дарогі. Гэта тыя, якія абяцаюць пакінуць. А далей тырчаць абрэзкі і пні з чырвонымі плямамі — гэта ужо зона зьнішчэньня. Усяго ім трэба сьпілаваць 49 дрэваў. Дык яны кажуць, маўляў, ёсьць дазвол, але яго тут ніхто ня бачыў, бо не паказваюць. Усяго за два дні тут зьнішчылі 4 дрэвы, а яшчэ адно паспрабавалі, але недапілавалі. Бо людзі пачалі яго абдымаць, таму не атрымалася.

І такая праблема, што яны так могуць кожную раніцу прыяжджаць, па 2-3 дрэвы сьпілоўваць, а потым зьяжджаць, як сёньня. Так да Новага году якраз могуць пасьпець. Заказчыку прапаноўвалі далей будаваць, там меней дрэваў, але не — яны хочуць тут, на горцы».

Яўген паведаміў, што актывісты зьбіраюцца ўсталяваць побач са сквэрам вэб-камэру, каб весьці назіраньне анлайн. «Бо машына зелянбуду пэрыядычна тут праяжджае, робяць выведку, чакаюць, калі мы пойдзем».

Іншыя актывісты тым часам з адрэзаных зелянбудаўцамі галінак складаюць барыкаду на ўваходзе ў сквэр. Адзін з актывістаў просіць яго не фатаграфаваць, другі супраць фота нічога ня мае. «Рыхтуемся да новых баёў».

На месцы сквэру менскімі ўладамі дазволена пабудаваць касьцёл. Дазвол дадзены суполцы «Рымска-каталіцкі прыход у гонар сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і сьвятога Яўгена дэ Мазінод». Заказчык кажа, што ў сквэры пасьля будоўлі будзе праведзена добраўпарадкаваньне, і абяцае, што пад сьпілоўваньне трапіць толькі 10% дрэваў, якія растуць у сквэры.

Як ставяцца да гэтых плянаў жыхары прылеглых дамоў?

Тацяна, зь якой ўдалося пагаварыць, кажа, што нібыта ўсе супраць. «Тут мы летам адпачываем. Дарослыя, дзеці. Нават цяпер, зімой, вунь дзеці на санках з гары катаюцца», — кажа Тацяна, якая выйшла ў сквэр зь дзіцячым вазком.

Актывісты «Зялёнага сьвету» таксама супраць. Эколягі лічаць, што будоўля ў сквэры не прайшла патрэбнага ўзгадненьня, і працягваюць зьвяртацца ў адміністрацыю Савецкага раёну Менску і Менгарвыканкам з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва касьцёла. Да цяперашніх работ у сквэры, якія пачаў зелянбуд 6 сьнежня, актывісты-эколягі таксама маюць прэтэнзіі. Што зелянбудаўцы працавалі ўначы без спэцыяльнага дазволу, што не агарадзілі як сьлед месца, дзе пілавалі дрэвы.

Але, мяркуючы па допісах у сацыяльных сетках, ня ўсе мясцовыя жыхары супраць пабудовы на месцы сквэру касьцёла.

«У межах грамадзкага абмеркаваньня праекту дэталёвага плянаваньня Сельгаспасёлку ягоныя жыхары, вернікі шматлікіх канфэсіяў, сабралі вельмі шмат подпісаў у падтрымку будаўніцтва касьцёла», — напісаў, напрыклад, у «Фэйсбуку» вядомы гісторык-этноляг, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. А вось што спадар Астаповіч заўважыў у дачыненьні статусу Котаўкі:

«Гэта проста няўлічаная, стыхійна сфармаваная зялёная зона, якая ня мае практычна аніякага статусу і толькі дзякуючы таму, што на ўскрайку яе заплянавана пабудаваць новы касьцёл, атрымлівае статус ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны зь зялёнымі насаджэньнямі».

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Менску Максім Сакалоў у камэнтары журналістам Тut.by запэўніў, што ў заказчыка касьцёлу, рыма-каталіцкай суполкі, ёсьць усе патрэбныя дакумэнты на правядзеньне будоўлі на вызначаным месцы.

«У праўным сэнсе ўсё выканана. Што да працы зелянбуду на месцы і тэхнікі бясьпекі, заўвагу мы прынялі і перадамо яе», — дадаў чыноўнік.

Працяг гісторыі. «Некаторых жыхароў, актывістаў цягалі па зямлі, штурхалі. Яны паехалі здымаць пабоі», — абаронцы Котаўкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG