Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэрбія ня можа прапанаваць сур’ёзных інвэстыцыяў, патрэбных беларускай прамысловасьці», — экспэрты пра візыт сэрбскага прэм’ера ў Менск


Прэм’ер-міністар Сэрбіі Аляксандар Вучыч

Прэм’ер-міністар Сэрбіі Аляксандар Вучыч прыбыў у Менск з афіцыйным візытам, які працягнецца да 27 студзеня. Цягам двух дзён Вучыч плянуе сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і беларускім прэм’ерам Андрэем Кабяковым для падпісаньня шэрагу двухбаковых дамоваў.

Таксама Вучыч правядзе перамовы са старшынямі абедзьвюх палатаў беларускага парлямэнту Уладзімерам Андрэйчанкам і Міхаілам Мясьніковічам. Сярод пратакольных мерапрыемстваў — візыт у музэй гісторыі Вялікай айчыннай вайны, храм Усіх Сьвятых і ўскладаньне кветак да манумэнта Перамогі.

Акрамя таго, Вучыч наведае буйныя прадпрыемствы — МАЗ і МТЗ.

Свабода запытала ў экспэртаў-эканамістаў, ці значыць гэта, што Сэрбія можа ў найбліжэйшай будучыні інвэставаць у беларускую цяжкую прамысловасьць. Паводле прагнозаў экспэртаў, супрацоўніцтва дзьвюх краінаў у гэтай сфэры ня мае вялікіх пэрспэктываў.

Валер Палхоўскі
Валер Палхоўскі

— Эканоміка Сэрбіі шмат у чым нагадвае Беларусь, гэтую краіну нельга назваць лідэрам на эўрапейскай прасторы. Таму разьлічваць на прыцягненьне сэрбскіх інвэстыцыяў не даводзіцца. Праўда, і выключаць такую магчымасьць нельга, — сказаў Свабодзе старшы аналітык групы кампаніяў «Форэкс-клюб» Валер Палхоўскі.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

— Цяжка сказаць, ці можна зьвязаць візыт Вучыча на МАЗ і МТЗ з будучымі інвэстыцыямі. Відавочна, дзяржава шукае сур’ёзныя інвэстыцыі для машынабудаўнічай галіны, але Сэрбія — ня тая краіна, якая здольная іх прапанаваць, — мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Сэрбскія інвэстыцыі ў Беларусі прадстаўленыя галоўным чынам у сфэры будоўлі і нерухомасьці. Міжнародная група кампаніяў Dana Holdings, падкантрольная братам-бізнэсмэнам Карычам, ужо пабудавала ў Менску шэраг жылых, прамысловых і камэрцыйных аб’ектаў. Летась найбуйнейшым праектам Dana Holdings стаў шматфункцыянальны комплекс «Маяк Менску».

Паводле зьвестак Белстату, у 2015 годзе аб’ём беларускага экспарту ў Сэрбію перавысіў 150 млн даляраў. У асноўным гэта былі пастаўкі нафтапрадуктаў, звадкаванага газу і грузавых аўтамабіляў. У сваю чаргу, Беларусь імпартавала з Сэрбіі 108,6 млн даляраў, значная частка якіх прыпадае на пастаўкі садавіны і гародніны.

З 2016 году сытуацыя рэзка пагоршылася: таваразварот паміж краінамі зьнізіўся на 57, 2%, у замежным гандлі з Сэрбіяй склалася адмоўнае сальда ў 28,4 млн даляраў.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG