Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павінна існаваць выразная канцэпцыя: што першаснае, а што другаснае, — архітэктар Градаў пра кошт страты «шклянога куба»


У цэнтры Менску будаўнікі пачалі разьбіраць шкляны будынак колішняга Нацыянальнага выставачнага цэнтру, першапачаткова — ВДНГ БССР. Дэмантаж плянуецца завяршыць ужо ў верасьні, з істотным апярэджаньнем графіку.

Пляцоўку, прыдатную пад камэрцыйную забудову, перададуць інвэстару з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў разам з зачышчанай тэрыторыяй на месцы галоўнага корпусу 2-га клінічнага шпіталя.

Згодна з праектам асваеньня 6 гектараў зямлі ў межах вуліц Багдановіча — Купалы — набярэжнай Сьвіслачы, да 2021 году сюды трэба ўціснуць гатэльны комплекс, казіно, рэстаран, гандлёвую зону, падземны паркінг. Фонд Royal Group насьледнага прынца Абу-Дабі Тахнуна бін Заід аль-Нахаяна, прыяцеля Аляксандра Лукашэнкі, гатовы ўкласьці ў забаўляльны бізнэс 250 мільёнаў даляраў.

Юры Градаў — адзін з трох распрацоўнікаў праекту Нацыянальнага выставачнага цэнтру (разам зь Леанідам Левіным і Сяргеем Баткоўскім), заслужаны архітэктар Беларусі. Адмыслоўца ня толькі шкадуе пра рашэньне зьнесьці плён высілкаў ягонай каманды, але тлумачыць, чаму на месца лёгкай канструкцыі недарэчна ўсаджваць масіўную спаруду.

Юры Градаў
Юры Градаў

— Юры Міхайлавіч, пачаўся знос будынку колішняй ВДНГ. Замест яго, як удалося высьветліць журналістам, паўстане шматпавярховы гмах забаўляльнага цэнтру з гатэлем — вынік працы творчай майстэрні «Варабʼёў і партнэры». Удалося пабачыць праект?

— На жаль, асабіста праект ня бачыў, толькі cа словаў. Я добра ведаю Алега Варабʼёва, але не лічу ўдалым рашэньнем увапхнуць на гэты лапік штосьці масіўнае. Па вялікім рахунку, крыўдна, што так усё атрымалася. Гэта першы ў рэспубліцы будынак са шкла — авангардны абʼект у стылі мінімалізму, ужо пасьля яго пайшла распаўсюджвацца шкляная архітэктура.

Нават так скажу: як быў першы касманаўт Юры Гагарын, так і мы былі першымі ў рэалізацыі праекту такога кшталту. У прынцыпе, будынак мог і застацца, хапіла б новай забудовы і на месцы паваеннага корпусу 2-га шпіталя, які якраз зносяць, дакладней, амаль зьнесьлі. А перад тым як пачынаць маштабную будоўлю ў паркавай зоне, варта было параіцца з экспэртамі.

Праект будынка на месцы зьнесенага павільёна Белэкспа
Праект будынка на месцы зьнесенага павільёна Белэкспа

— Калі не памыляюся, у 2018-м знакамітая «шклянка» магла б справіць паўвекавы юбілей...

— Так, якраз у наступным годзе нашаму абʼекту споўнілася б 50 гадоў. Каб яго крыху давесьці да ладу, прывесьці ў годны выгляд, ён і сёньня выглядаў бы абсалютна сучасна. Маленькі нюанс: нейкі час таму зь Вялікай Брытаніі прыяжджаў прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту, ужо нават не згадаю яго прозьвішча. Адмыслова дзеля нашага будынка. Сёньня ў сьвеце надзвычай запатрабаваная гістарычная спадчына, асабліва 1960–70-х.

Іншымі словамі, візыт навукоўца быў мэтавы: ён пабываў у архівах, вывучаў наш праект, чарцяжы; потым нават паказваў мне матэрыял, які рыхтаваў для публікацыі ў адным зь вядучых брытанскіх часопісаў па мастацтве і дызайне. І гэта таксама немалаважны штрых. Думаю, каб будынак быў пад аховай дзяржавы, яго лёс так хутка ня вырашыўся б — кулюарна, ні з кім не параіўшыся. Усё ж гэта Нацыянальны выставачны цэнтар, не абы-які статус. І ў тым, што ён разьмешчаны менавіта ў гэтым месцы, таксама свая лёгіка. Праўда, ужо позна пра гэта казаць...

— І ўсё ж чаму вы перакананыя, што новы абʼект ня стане адэкватнай заменай старому?

— Я меў на ўвазе, што тая прастора і абʼект на ім павінны быць масавага наведваньня, гэта безумоўна прадугледжвае грамадзкую функцыю. Што будзе насамрэч — ніхто толкам ня ведае, паўтаруся, нікога ў курс справы ня ўводзілі. Калі яшчэ адзін рэстаран, яшчэ адзін гатэль, дык у гэтым раёне ўжо спатыкнуліся аб так званы «Кемпінскі».

Казаў і буду казаць: на гэтым месцы нельга будаваць грамадзіну. Вузенькая рэчка, водна-зялёны дыямэтар, такой нагрузкі абмежаваная тэрыторыя папросту ня вытрымае. Горадабудаўнічых памылак і без таго нароблена процьма. Вазьміце вуліцу Гандлёвую — муляжамі навісла над Сьвіслаччу. Гэта ўжо не гістарычная спадчына: уздоўж набярэжнай павырасталі шматпавярховыя гмахі, якія засланілі гістарычную частку Верхняга гораду. Тут таксама трэба было падысьці вельмі тонка. А тое, што робіцца такім чынам, — канечне, у большай ступені ўплываюць інвэстыцыі. Сумная гісторыя, калі адным словам.

— На ваш погляд, могуць яшчэ быць унесеныя карэктывы ў праект? Магчыма, вашаму калегу Варабʼёву ўсё ж пакажуць на відавочныя хібы?

— Ня ведаю, я ўжо казаў, што ня бачыў сам праект, чуў толькі. Але, шчыра кажучы, і глядзець ня хочацца. Слаба верыцца, што раптам пачнуць нешта мяняць, удакладняць. Хоць, канечне, у дадзеным выпадку трэба было вельмі добра падумаць, усё ўзважыць. Чаму не наладзілі хоць бы фармальнага абмеркаваньня?

Я лічу, што знакавыя абʼекты, якія ўплываюць на фармаваньне ядра цэнтру гораду, асабліва ў зоне гістарычнай забудовы, павінны праходзіць стадыю грамадзкага і экспэртнага абмеркаваньня, гэта безумоўна. Такое павінна быць у парадку рэчаў. Тым больш гэта самы цэнтар гораду. Вядома, каб я быў прыцягнуты да распрацоўкі праекту або каб са мной хто параіўся, мог бы сваю думку выказаць, аргумэнтаваць, што і як тут павінна быць. Але маёй пазыцыяй ніхто не пацікавіўся.

— Якія вас ахопліваюць пачуцьці, калі сёньня бачыце агароджаны будынак ВДНГ? Або стараецеся лішні раз там не зьяўляцца?

— Калі з гледзішча таго, што нешта адыходзіць у нябыт, дык толькі з-за гэтага інфаркт нельга атрымліваць, правільна? Штосьці зьнікае, нешта ўзьнікае. Сумна, але, як кажуць, такое жыцьцё — сэ ля ві. Апошні раз ехаў побач з павільёнам 7 сакавіка, калі ў Доме літаратара разьвітваліся з Васілём Іванавічам Шарапавым (кіраўнік Менску ў паваенны час, памёр у 100 гадоў. — РС). Якраз абгарадзілі, але яшчэ не чапалі.

А перад гэтым сустракаўся там са здымачнай групай СТБ, яны рабілі рэпартаж пра стварэньне ВДНГ БССР. Я ім яшчэ тады сказаў: ну што расказваць пра гісторыю, калі будынак ужо пачынаюць прыбіраць? Неяк ня вельмі вяжацца. Гаварыў прыкладна тое ж, што і вам кажу. Што зьявіцца ў эфіры — справа іншая. Бо калі запрашалі на запіс адной з праграмаў на БТ, з усёй размовы пакінулі толькі два выразы: будынак даўжынёй 48 мэтраў і плошчай 5 тысяч квадратных мэтраў. І ўсё, астатняе палічылі непатрэбным. Яно і зразумела: распальваць зараз нейкую спрэчку, уздымаць хвалю наконт таго, каб будынак захаваць — пасьля таго як прынялі рашэньне зносіць — занадта позна.

— Ці не атрымаецца так, што пасьля згаданага вамі «недакемпінскі» цэнтар сталіцы рызыкуе атрымаць чарговую дамінанту — і зноў навабуд?

— Сапраўды, гэтая зона, безь перабольшаньня, сакральная. Тут дамінуе опэрны тэатар — наша гістарычная дамінанта. Але раптам узьнік так званы «дом Чыжа», які, натуральна, моцна ўдарыў па традыцыйнай дамінанце. Гэты дом праглядаецца здалёк, выглядае сьмешна і недарэчна, яго зьяўленьне цалкам непрадуманае. У цэнтры гораду нельга дапускаць горадабудаўнічых памылак, гэта аксіёма. То бок пэўныя рэчы грамадзтва павінна трымаць пад кантролем, хоць гэта і цяжка.

Павінна быць выразная канцэпцыя: што першаснае, а што другаснае. Безумоўна, галоўнае — гістарычная спадчына. На жаль, яе ў нас ня так шмат засталося, таму да рэшты неабходна ставіцца надзвычай беражліва. Усе спрэчныя рэчы павінны праходзіць грунтоўную экспэртызу. Ажно да таго, што ў адміністрацыі прэзыдэнта павінна існаваць экспэртная рада зь ліку найлепшых спэцыялістаў, якія давалі б сваю ацэнку перад тым, як выходзіць на вышэйшы ўзровень прыняцьця рашэньня.

— Асвойваць ласы кавалак у межах вуліц Купалы і Багдановіча пачалі толькі з трэцяй спробы, але ніводнага разу яго будучыня не абмяркоўвалася публічна. Гэта ніяк не стасуецца з прынцыпам адкрытай горадабудаўнічай палітыкі...

— Ці то другі, ці то трэці заход. Інвэстары з розных прычынаў сыходзяць, хоць канцэпцыя асваеньня, мяркую, прыблізна аднолькавая. Час цяпер складаны, трывожны, усё зразумела, патрэбныя ўкладаньні, інвэстыцыі. Але ўсё мае сваю цану: цяжкі пэрыяд пройдзе, а якая спадчына застанецца нашчадкам? Цэнтар у нас адзін, іншага ня будзе. Вазьміце, напрыклад, офісны будынак кампаніі velcom. Няўжо яму там месца? Што навабуд там робіць? Гэта грамадзкая прастора, сюды нельга ўсоўваць усё што захочаш. Офіс можна паставіць у любым іншым раёне.

Нацыянальны выставачны цэнтар тут і праектаваўся, бо месца якраз для яго. Дарэчы, калі ўсё ж прыбіраем з набярэжнай Сьвіслачы, чаму яго не разьмясьціць на Кастрычніцкай плошчы, дзе стаяў музэй вайны? Пашырыць і павялічыць яго функцыі, каб былі зьменныя экспазыцыі. Чым добры такі грамадзкі будынак? Найперш тым, што блізка, у самым цэнтры, народ прызвычаіўся. Ён павінен быць у крокавай даступнасьці, а не за межамі цэнтральнай зоны. Знакавыя абʼекты грамадзкага прызначэньня павінны быць у цэнтры.

— Чаму апошнім часам такая колькасьць архітэктурных памылак? На якім этапе не спрацоўвае кнопка вонкавага кантролю, каб не дапусьціць рэалізацыі праекту на пачатковай стадыі?

— Тое, што дзесьці штосьці не спрацоўвае, ужо відавочна. Значыць, кантакты павінны быць на іншым узроўні, а ня толькі закальцоўвацца ў калідорах нейкага аднаго ведамства. Недапрацоўка, на маю думку, дзесьці на ўзроўні прыняцьця рашэньня. Адпаведна, перад тым як будзе агучаны важны вэрдыкт у горадабудаўнічай галіне, павінны падключацца экспэрты, павінны быць зробленыя прафэсійныя ацэнкі. Тады ня будзе столькі памылак, прынамсі іх колькасьць будзе зьведзеная да мінімуму. Як па мне, дык наагул настаў час усё прааналізаваць, даць ацэнку зробленаму, у тым ліку грамадзкую. Хоць бы дзеля таго, каб на тыя ж граблі зноў не наступаць у будучыні...

Павільён на вуліцы Янкі Купалы быў збудаваны ў 1968 годзе адмыслова пад Выставу дасягненьняў народнай гаспадаркі (ВДНГ) Беларускай ССР. Мадэрновы будынак са шкла і бэтону ўзводзіўся паводле праекту архітэктараў Сяргея Баткоўскага, Юрыя Градава і Леаніда Левіна. Адкрыцьцё экспазыцыі было прымеркавана да 50-годзьдзя рэспублікі.

Доўгі час выставу абавязкова наведвалі замежныя дэлегацыі, побач з будынкам была закладзеная каштанавая алея, лёс якой цяпер пад пытаньнем. На пачатку 1990-х ВДНГ рэарганізавалі ў выставачны цэнтар БелЭкспа, побач раскінуўся стацыянарны шацёр папулярнага кніжнага кірмашу.

Будынак ня мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Тым ня меней многія экспэрты лічаць, што шкляны куб — сам па сабе помнік архітэктуры 1960-х.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG