Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалі разьбіраць будынак БелЭкспа дзеля «нафталінавай архітэктуры»


Галоўны корпус 2-га клінічнага шпіталя на скрыжаваньні вуліц Багдановіча і Купалы практычна зруйнаваны, вызваленую пляцоўку перададуць інвэстару да сярэдзіны красавіка. Чатыры будынкі колішняга кляштара, якія яшчэ нядаўна таксама належалі шпіталю, стаяць цэлыя. Пад што іх прыстасуюць, невядома.

Тым часам будаўнікі пачынаюць разьбіраць шкляны корпус БелЭкспа — будынак абгароджаны, адтуль выносяць апошняе экспазыцыйнае абсталяваньне. Дэмантаж плянуецца завяршыць з апярэджаньнем графіку — не да канца году, а ўжо ў верасьні. Да 2021 году на невялікі пляц у цэнтры сталіцы мяркуецца ўціснуць гатэльны комплекс, казіно, рэстаран, гандлёвую зону, падземны паркінг.

Навабуд замест БелЭкспа

Новы квартал прафінансуе інвэстар з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў — фонд Royal Group шэйха Тахнуна бін Заід аль-Нахаяна гатовы ўкласьці ў асваеньне тэрыторыі 250 мільёнаў даляраў. З насьледным прынцам Абу-Дабі Аляксандар Лукашэнка ня раз сустракаўся, калі наведваў гэтую краіну. Афіцыйная прапаганда пазыцыянуе яго як чалавека, добра знаёмага зь беларускімі рэаліямі.

Архітэктурны праект даручана распрацаваць менскай майстэрні «Варабʼёў і партнэры». Сакрэтнасьць тут падвышаная: супрацоўнікі прызнаюцца, што давалі расьпіску аб неразгалошваньні, адпаведна, ніякага грамадзкага абмеркаваньня не прадугледжана.

Але днямі да журналістаў трапіла эскізная выява будучага камэрцыйнага комплексу на месцы БелЭкспа. Шматпавярховая будыніна нечым нагадвае Палац незалежнасьці, пра арыгінальнасьць архітэктурнага аблічча няма і гаворкі. На перакананьне менскага архітэктара Вадзіма Пракопчыка, каб кандыдатаў на рэалізацыю той ці іншай задумы выбіралі на конкурснай аснове, падобныя працы апыналіся б у сьметніку яшчэ на стадыі заяўкі:

«Усе падобныя пытаньні павінны вырашацца праз конкурс. І калі конкурсу няма, калі ня тое што грамадзкасьць, а нават прафэсіяналы даведваюцца пра тое, што будзе пабудавана, праз СМІ, тады гэта будзе працягвацца бясконца. Будзем мець вакол спаруды а-ля Казахстан, бо нас ніхто не пытае. Праблема ў тым, што ніхто не жадае вырашаць задачы нармальным конкурсным шляхам. Бо каб быў цывілізаваны конкурс, такія праекты апрыёры не траплялі б у распрацоўку і ня мелі б ніводнага шанцу на рэалізацыю».

Праект асваеньня тэрыторыі на месцы выставачнага цэнтру ўжо стаў прадметам кпінаў. Так, той жа Вадзім Пракопчык з гэтай нагоды пакінуў у сацыяльных сетках допіс, у якім зьвяртае ўвагу, што праект нагадвае сымбаль свастыкі.

Эскізная выява забаўляльнага комплексу
Эскізная выява забаўляльнага комплексу

«Шчыра скажу: калі пабачыў эскіз, першая асацыяцыя была менавіта такая, — разьвіў сваю думку адмыслоўца ў гутарцы са Свабодай. — Усё насамрэч вельмі падобна да таго, што ёсьць у кінастужцы Iron Sky — з купалам у сярэдзіне, пэўны свастыкападобны рух. Я разумею, што гэта ня свастыка ў прамым выглядзе, але тым ня меней. Усё як мінімум дзіўна, уся гэтая нафталінавая архітэктура... Спадарства, ХХІ стагодзьдзе на вуліцы, 17-ты год!».

Інвэстыцыі супраць густу: за кулісамі грамадзкага абмеркаваньня

Адзін з аўтараў праекту Нацыянальнага выставачнага цэнтру, заслужаны архітэктар Беларусі Юры Градаў называе памылковым рашэньне замяніць лёгкую шкляную канструкцыю на масіўнае бэтоннае збудаваньне. Дарэчы, у наступным годзе экспэрымэнтальны будынак мог бы адзначыць паўвекавы юбілей, але ня суджана:

«Я добра ведаю Алега Варабʼёва, але не лічу ўдалым рашэньнем увапхнуць на гэты лапік штосьці масіўнае. Па вялікім рахунку, крыўдна, вядома, што так усё атрымалася. Гэта першы ў рэспубліцы будынак са шкла — авангардны абʼект у стылі мінімалізму, ужо пасьля пайшла шкляная архітэктура. Казаў і буду казаць: на гэтым месцы нельга будаваць грамадзіну. Вузенькая рэчка, водна-зялёны дыямэтар, там горадабудаўнічых памылак і без таго нароблена процьма. Вазьміце вуліцу Гандлёвую, якая муляжамі навісла над Сьвіслаччу. Гэта ўжо не гістарычная спадчына: уздоўж набярэжнай павырасталі шматпавярховыя гмахі, якія засланілі гістарычную частку Верхняга гораду. Тут таксама трэба было падысьці вельмі тонка. А тое, што робіцца такім чынам, — канечне, у большай ступені ўплываюць інвэстыцыі».

Суразмоўца настойвае, што маштабныя праекты, такія, як эмірацкі, не павінны рэалізоўвацца кулюарна, без шырокага грамадзкага абмеркаваньня, без далучэньня да дыскусіі знаных экспэртаў:

«У дадзеным выпадку трэба было вельмі добра падумаць, усё ўзважыць. Чаму не наладзілі хоць бы фармальнага абмеркаваньня? Я лічу, што знакавыя абʼекты, якія ўплываюць на фармаваньне ядра цэнтру гораду, асабліва ў зоне гістарычнай забудовы, мусяць праходзіць стадыю грамадзкага абмеркаваньня, гэта безумоўна. Такое павінна быць у парадку рэчаў. Тым больш гэта самы цэнтар гораду, цэнтравей не бывае. Вядома, каб я быў прыцягнуты да распрацоўкі праекту або каб са мной хто параіўся, я б мог сваю думку выказаць, аргумэнтаваць, што і як тут павінна быць. Але маёй пазыцыяй ніхто не пацікавіўся».

Дагэтуль невядома, што будзе ўзьведзена на месцы зруйнаванага паваеннага корпусу 2-га клінічнага шпіталя. Гарадзкія ўлады запэўніваюць, што чатыры будынкі, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасьць, будуць захаваныя, а ў пэрспэктыве — рэканструяваныя. Але пэўнасьці, што сярэднявечныя муры ня пойдуць пад бульдозэр, як гэта ўжо здарылася ў іншых месцах гістарычнага цэнтру, няма. Комплекс у раёне Траецкай гары — гэта колішні базыльянскі кляштар з 500-гадовай гісторыяй.

Менчукі і ўлада: існаваньне ў паралельным сьвеце

Псыхоляг Вольга Шаталава мае да 2-й бальніцы асаблівыя пачуцьці. Роўна 20 гадоў таму лекары пульманалягічнага аддзяленьня ўратавалі ёй жыцьцё, калі вяртаньня з таго сьвету, здаецца, ужо не прадбачылася. Ад таго часу, праходзячы ці праяжджаючы побач са шпітальным корпусам, кожны раз пракручвае ў памяці падзеі канца 1996-га. Зачыстку тэрыторыі ўспрымае як асабісты боль і ня верыць, што зможа калі-небудзь звыкнуцца з навабудамі на гэтым месцы:

«Гэта розныя рэчы: ёсьць гістарычная памяць, а ёсьць тое, што называецца навадзелам. Я больш чым упэўненая: на месцы 2-й савецкай бальніцы — а сапраўдныя, карэнныя менчукі называлі яе менавіта так, як і Круглай плошчай плошчу Перамогі — ніколі нічога путнага ня будзе. Асабіста мне таго кутка будзе моцна не хапаць. Хай ня так даўно збудавалі шкляны корпус ВДНГ, але ад другой паловы мінулага стагодзьдзя ён таксама стаў паўнавартаснай часткай Менску. І тое, што зьбіраюцца ўзьвесьці на вызваленай пляцоўцы, ні пры якім раскладзе ўжо ня будзе часткай гістарычнага Менску. Гэтак жа як і тое, што цяпер стаіць зь левага боку ад цырку. Ніколі для сапраўдных менчукоў гмах, які закрыў парк Горкага, ня стане часткай нашай сталіцы. Вельмі шкада, што наша думка нікога не цікавіць...»

Няма сумневу, што прысьвіслацкай забудове наканаваныя незваротныя зьмены. Камэрцыйныя навадзелы канчаткова пахаваюць Лаўскае прадмесьце, адвечная тэрыторыя якога, апроч усяго, мае і мэмарыяльнае значэньне. Прыкладам, тут стаяў дом славутага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — зьнесьлі яго ў 1960-я, калі будавалі выставачны комплекс.

Пляц у цэнтры Менску, прызначаны пад забудову за арабскія грошы, мае плошчу блізу 6 гектараў. У 2010 годзе, згодна з прэзыдэнцкім указам, надзел у межах вуліц Багдановіча — Купалы — набярэжнай Сьвіслачы быў перададзены Аману. Але неўзабаве грымнуў крызіс, аманцы ад супрацы адмовіліся. Празь нейкі час гарадзкія ўлады заявілі, што знайшлася «надзейная кампанія», якую шырокай публіцы так і не прадставілі. Як выявілася, не было і патрэбы — у хуткім часе загадкавы партнэр зьнік.

Гэтым разам на арэну выйшаў гулец з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў. Генэральнае пагадненьне зь безальтэрнатыўным прэтэндэнтам падпісалі летась у сьнежні, зачыстка тэрыторыі пад забудову пачалася ў студзені 2017-га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG