Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БелАЭС адбыўся пажар у шчытавой, — актывіст антыядзернага руху


Будоўля БелАЭС, архіўнае фота

Падчас выпрабавальнага запуску абсталяваньня аварыйнай сыстэмы абароны рэактара БелАЭС, якая будуецца пад Астраўцом, адбыўся пажар, сьцьвярджае актывіст антыядзернага руху Мікалай Уласевіч на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Працяг: БелАЭС: пажару не было, было толькі кароткае замыканьне

Як піша Мікалай Уласевіч, здарэньне было 17 лютага 2018 году, але дырэкцыя Астравецкай АЭС «дагэтуль старанна ўтойвае ад шырокай грамадзкасьці» зьвесткі пра пажар. У агні, заяўляе ён, «цалкам выгарала электрашчытавая аварыйнай сыстэмы абароны рэактара», «а гэта даволі вялікае памяшканьне, запоўненае адпаведным дарагім абсталяваньнем».

Паводле зьвестак актывіста, у шчытавой правялі рамонт, згарэлае абсталяваньне ўжо замянілі, пагарэлыя кабэлі вывезьлі на мэталалом, але цалкам працы па ліквідацыі наступстваў пажару яшчэ не завершаныя.

Cупрацоўніца інфармацыйнага цэнтру БелАЭС Алена Белая сказала Свабодзе, што «праўдзівасьць інфармацыі ў гэтым артыкуле цяпер правяраецца».

«Цягам сёньняшняга дня з нашага боку будзе падрыхтаваны афіцыйны камэнтар. Таму прапаную сачыць вам за інфармацыяй на нашым сайце», — сказала яна.

Прэсавы сакратар Міністэрства энэргетыкі Жанна Зянькевіч таксама паведаміла Свабодзе, што чакае афіцыйнага камэнтару Беларускай АЭС.

Уласевіч кажа Свабодзе, што мае гэтыя зьвесткі ад крыніц, якія выклікаюць у яго давер.

«Лукашэнка ж не дакладае, дырэкцыя атамнай станцыі таксама не дакладае, — наракае Мікалай Уласевіч на адсутнасьць апэратыўнай інфармацыі пра здарэньні на будоўлі БелАЭС. — Я даведваюся ад будаўнікоў, ад людзей, якія таксама нейкім такім чынам атрымліваюць інфармацыю. Але тых людзей, якія мне пра гэта расказалі, я ня буду называць».

Таксама актывіст абураецца тым, як Аляксандар Лукашэнка толькі цяпер патрабуе далажыць яму, «як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны», хоць рашэньне будаваць АЭС было прынятае яшчэ 10 гадоў таму.

Беларуская АЭС: спыніць нельга палепшыць. Дзе паставіць коску?

Уласевіч заклікае неабыякавых выходзіць на Чарнобыльскі шлях 26 красавіка, каб паказаць стаўленьне да чарнобыльскай трагедыі і «каб Чарнобыль ніколі больш не паўтарыўся на нашай беларускай зямлі», бо «праблема Астравецкай АЭС стаіць як ніколі востра».

«Тое, што мне расказалі пра гэтае здарэньне, я лічу, вельмі-вельмі дрэнная інфармацыя, якую людзі павінны ведаць, — дадае ён. — Гэтыя факты трэба выносіць, ня ўтойваць ад грамадзкасьці. А то атрымліваецца, што мы зноў будзем ісьці той жа дарогай — да Чарнобылю нумар два».

* * *

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭС

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG