Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва дэмантуе самую буйную ЛЭП у Беларусь. Ці істотна гэта для Беларускай АЭС?


Літва ў 2020 годзе плянуе дэмантаваць наймагутнейшую ў Эўропе лінію электраперадачы ў кірунку Беларусі — ЛЭП на 750 кілявольт. Паводле міністра энэргетыкі Жыгімантаса Вайчунаса, гэта выразны сыгнал Менску, што рашэньне не дапускаць у Літву электраэнэргію зь Беларускай АЭС «пасьлядоўна ажыцьцяўляецца».

Жыгімантас Вайчунас сказаў BNS, што гэта будзе толькі тэхнічнае дзеяньне. Апроч гэтага, Літва працягвае працу на ўзроўні Эўразьвязу, каб у далейшым стварыць аднолькавыя ўмовы канкурэнцыі для вытворцаў краін — сяброў ЭЗ і трэціх краін.

У выніку ня будзе прававых магчымасьцяў, каб на рынак Эўразьвязу магла трапіць электраэнэргія зь БелАЭС або іншых «небясьпечных атамных станцый».

У Літвы 5 ЛЭП зь Беларусьсю. Асноўная і самая магутная зь іх — ЛЭП 750 кілявольт — частка так званага «кола АЭС». Паводле Вайчунаса, такіх ЛЭП у Эўропе больш няма.

Пасьля дэмантажу гэтай ЛЭП у 2020 годзе астатнія 4 ЛЭП (дзьве магутнасьцю па 330 кілявольт і дзьве па 110 кілявольт) будуць дзейнічаць, пакуль Літва знаходзіцца ў агульнай сынхроннай зоне з Расеяй і Беларусьсю.

Аднак пасьля сынхранізацыі сетак з Эўропай не застанецца ні тэхнічнага, ні камэрцыйнага патоку электраэнэргіі.

Ці зможа Беларусь пастаўляць электраэнэргію са сваёй АЭС у Літву праз Латвію?

«Д’ябал хаваецца ў дэталях. Дык вось менавіта гэтыя дэталі мы цяпер і абмяркоўваем», — сказаў Вайчунас.

На пачатку 2016 году Літва зьвярнулася да Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі з прапановай дамовіцца, каб не дапускаць на рынак ЭЗ электраэнэргію зь БелАЭС. Пакуль гэтую ініцыятыву падтрымала толькі Польшча.

«На нашу АЭС гэта ніяк не паўплывае»

Дырэктар дэпартамэнту па ядзернай энэргетыцы Міністэрства энэргетыкі Беларусі Васіль Палюховіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што закрыцьцё Літвой магутнай ЛЭП у кірунку Беларусі ніяк не паўплывае на сытуацыю.

«Мы неаднаразова заяўлялі, што будуем АЭС для ўнутранага спажываньня. А Літва зьбіралася інтэгравацца ў энэргасыстэму Эўразьвязу, таму яны, відаць, і адключаюць ЛЭП. Але на нашу АЭС гэта ніяк не паўплывае. У нас свая энэргасыстэма. І АЭС — толькі адна з генэруючых магутнасьцяў. У нас і на іншых відах паліва працуюць электрастанцыі», — сказаў прадстаўнік міністэрства.

Паводле Васіля Палюховіча, лішкаў электраэнэргіі на беларускай АЭС ня будзе.

«Мы плянуем пэўнае спажываньне. Да запуску станцыі старыя неэфэктыўныя магутнасьці могуць быць выведзеныя. Гэта ўсё прапрацоўваецца».

Урад Літвы зацьвердзіў плян байкоту імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС

Літоўскі ўрад у верасьні мінулага году ўхваліў плян блякаваньня імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС, каб ускладніць яе будаўніцтва. Літва мае намер абмяжоўваць прапускныя магутнасьці для электраэнэргіі на беларускім напрамку і ўвесьці плату за перадачу гэтай электраэнэргіі.

Таксама прапануецца забараніць Круоніскай гідраакумуляцыйнай электрастанцыі прадстаўляць паслугі Беларусі.

Літоўскі бок плянуе да другога кварталу гэтага году дамовіцца з Латвіяй і Эстоніяй аб ужываньні платы за перадачу электраэнэргіі з трэціх краін, калі гэтую ініцыятыву падтрымае Эўракамісія.

Акрамя гэтага, да першага квартала 2019 году Літва плянуе дамовіцца з суседнімі дзяржавамі пра абмежаваньне імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС.

Беларуская АЭС будуецца паводле расейскага праекту АЭС-2006 за 18 кілямэтраў ад Астраўца і за 50 кілямэтраў ад Вільні. Яна мае складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны.

Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энэргаблёку Беларускай АЭС адкладзенае да 2019 году, кошт будоўлі можа вырасьці на 780 мільёнаў даляраў.

Электраэнэргію зь Беларускай АЭС плянуецца выдаць у сетку ў першым квартале 2019 году.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, што гарантуе самую бясьпечную АЭС і завершыць будаўніцтва ў тэрмін.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Як паведамляла Свабода, БелАЭС неаднойчы трапляла ў прыцэл увагі празь няштатныя сытуацыі на аб’екце.

15 чэрвеня 2017 году парлямэнт Літвы прыняў закон, паводле якога атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.

Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭС

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG