Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя БелАЭС: электраэнэргію пачнём даваць праз год 


Від на АЭС каля Астраўца
Від на АЭС каля Астраўца

Электраэнэргію зь Беларускай АЭС плянуецца выдаць у сетку ў першым квартале 2019 году. Пра гэта падчас прэс-туру на аб’ект беларускіх і расейскіх журналістаў паведаміў начальнік рэактарнага цэху станцыі Аляксандар Канюк.

Як піша БелТА, цяпер на першым блёку вядуцца мантажныя работы, яны завершаныя амаль на 90%.

Паводле Канюка, летам пачнуцца гідраўлічныя выпрабаваньні з «цыркуляцыйным прамываньнем». У корпусе рэактара створаць зону, якая імітуе рэальнае ядзернае паліва, контур запоўняць абяссоленай вадой і падключаць помпавыя агрэгаты.

«Гэта дазволіць пацьвердзіць надзейнасьць і трываласьць мантажу галоўнага цыркуляцыйнага трубаправоду, пасьля чаго выйдзем на наступную фазу — комплекснае выпрабаваньне абсталяваньня і гарачую абкатку. Гэта адна з завяршальных стадый пры падрыхтоўцы да запуску блёку», — сказаў начальнік рэактарнага цэху.

Паводле Канюка, ядзернае паліва маюць завезьці ў канцы 2018 году. Ад расейскага завода-вытворцы яго плянуюць транспартаваць чыгункай.

Як зьмяняліся тэрміны здачы БелАЭС
Як зьмяняліся тэрміны здачы БелАЭС

Як паведамляла Свабода, БелАЭС неаднойчы трапляла ў прыцэл увагі празь няштатныя сытуацыі на аб’екце.

Так, 10 ліпеня 2016 году пры мантажы корпус рэактара сарваўся і ўпаў з вышыні 4 мэтры. На корпусе зьявілася ўвагнутасьць. На самой станцыі інфармацыю пра гэта доўга ўтойвалі, але праз два тыдні яна трапіла ў СМІ.

8 жніўня 2016 году «Росатом» паабяцаў замяніць корпус рэактара. Але пры транспартаваньні новага корпусу па чыгунцы 26 сьнежня 2016 году адбылося новае здарэньне — кажух корпусу рэактара зачапіў апору кантактнай сеткі. Тым ня менш яго ўсталявалі на першым блёку АЭС.

Таксама паведамлялася прынамсі пра дзясятак няшчасных выпадкаў на будоўлі. 12 ліпеня 2015-га пасьля мантажу апалубкі з вышыні 15 мэтраў упаў бэтоншчык. 20 кастрычніка таго ж году пры падобных абставінах разьбіўся цясьляр. 26 жніўня 2016 году на будоўлі другога энэргаблёку з вышыні 60 мэтраў на мантажніка зваліўся кіслародны балён, быў сьмяротна траўмаваны грамадзянін Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG