Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытата Лукашэнкі пра расейскае ТВ, якую прапусьцілі большасьць беларускіх дзяржаўных СМІ


Зьлева направа: Ігар Луцкі, Іван Эйсмант, Дзьмітры Жук і Аляксандар Лукашэнка
Зьлева направа: Ігар Луцкі, Іван Эйсмант, Дзьмітры Жук і Аляксандар Лукашэнка

У гутарцы з новымі кіраўнікамі дзяржаўных СМІ 6 лютага Аляксандар Лукашэнка разважаў аб прыкладах добрай працы замежных тэлеканалаў, на якія варта арыентавацца беларускім.

«Выдатна працуе [у Расеі] тэлевізія, — падае словы Аляксандра Лукашэнкі «Советская Белоруссия» (архіўная копія). — Але нам ні ў якім разе нельга скаціцца на тыя пазыцыі і тыя формы работы, якія сёньня існуюць на расейскіх каналах. Але прафэсійна: здымкі, апэратарская праца — проста малайчыны.

Зьмест... У нас свайго хапае зьместу. Таму выбірайце ўсё лепшае і дзейнічайце. Але ні ў якім разе не давайце творчым калектывам спаць. Трэба мяняць і якасьць, і ўнутраны зьмест, і вонкавую форму. Усё трэба мяняць і рухацца наперад, выкарыстоўваючы той патэнцыял, які назапашаны. Патрэбны перамены. Вы людзі новага пакаленьня і павінны зрабіць свой унёсак у гэтую высакародную справу».

Частка цытаты, вылучаная вышэй жоўтым колерам, не зьявілася ў большасьці дзяржаўных СМІ, хоць іншыя часткі перадаваліся.

Cловы пра расейскія тэлеканалы перадаваліся ў вялікім выпуску вячэрніх навінаў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» а 9-й вечара 6 лютага, але адсутнічаюць у апублікаваных кароткіх выпусках навінаў каналаў сеткі «Беларусь» і іншых дзяржаўных каналаў, у тым ліку АНТ і СТВ, а таксама ў навінах на сайтах БЕЛТА і ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.

«Спакойныя» і «неспакойныя» арыентыры

У якасьці прыкладаў беларускім СМІ Лукашэнка, акрамя расейскіх тэлеканалаў, таксама прыводзіў «больш неспакойныя» амэрыканскае CNN, брытанскае BBC і эўрапейскі Euronews. Паводле Лукашэнкі, Euronews апошнім часам стаў «больш спакойны, без усялякіх заскокавых эксцэсаў» (з траўня 2017 году адзіны відэашэраг розных моўных вэрсіяў заменены на самастойныя тэлеканалы на розных мовах з самастойнай рэдакцыйнай палітыкай).

Таксама Лукашэнка сказаў новым кіраўнікам Белтэлерадыёкампаніі, СТВ і «Советской Белоруссии», што ў працы дзяржаўных СМІ «няма дыктатуры» і што ён да СМІ ставіцца так жа, як да судоў, — нібыта нікому не дае «права ціснуць на СМІ, на суды і гэтак далей». Але папярэдзіў: «кірункі працы» вызначаныя.

Лукашэнка сказаў, што калі новыя кіраўнікі дзяржаўных СМІ ня хочуць працаваць у гэтых кірунках, ім можна ісьці ў «больш спакойны Tut.by» або «ня дай Божа, бо яны за замежныя грошы самі сябе гатовыя прадаць», у «Нашу ніву» ці ў нядаўна заблякаваную Міністэрствам інфармацыі «Хартыю-97».

Старыкевіч: Лукашэнку зачапіла «гулящая жена» расейскай прапаганды

Ці азначае фактычная цэнзура выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, што ягонае атачэньне вырашыла не ўскладняць стасункаў з расейскімі калегамі?

Аляксандар Старыкевіч, архіўнае фота
Аляксандар Старыкевіч, архіўнае фота

Галоўны рэдактар інтэрнэт-сайту «Салідарнасьць» і намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч не бярэцца гадаць, ад каго канкрэтна зыходзіла такая ініцыятыва — ад самога Лукашэнкі ці супрацоўнікаў ягонай адміністрацыі. Аднак, што да зробленай заявы, то, на яго думку, яна збольшага вытлумачальная.

«Выступ Лукашэнкі сам па сабе досыць супярэчлівы, — камэнтуе суразмоўца. — Спачатку ён сказаў, што расейскія каналы — галоўны арыентыр, і практычна адразу ж дадаў, што ня варта скочвацца да тых формаў, якія там ёсьць. Хутчэй за ўсё, меліся на ўвазе рэчы, якія датычацца нас непасрэдна. Напрыклад, заявы ў канцы мінулага году, калі падчас прапагандысцкага шоў на НТВ вядоўца параўнала Лукашэнку з „гулящей женой“. Ну і таксама было некалькі іншых адкрыта зьняважлівых фармулёвак. Думаю, што яго вуха зачапілася галоўным чынам менавіта за гэта. Таму і адрэагаваў падобным чынам».

Летась 28 лістапада ў эфіры тэлеканалу НТВ выйшла палітычнае шоў «Место встречи», у якім мадэратары Вольга Бялова і Андрэй Норкін прапанавалі гасьцям падыскутаваць пра дачыненьні Расеі з суседнімі краінамі.

Вядоўцы паводзілі сябе агрэсыўна, выказвалі прэтэнзіі да кіраўніка Беларусі за інтэграцыю з Эўропай, за «бязьвіз» без дазволу Расеі. У тым ліку Бялова некалькі разоў паўтарыла, што Лукашэнка паводзіць сябе як «гуляшчая жонка», а пазьней дадала — нават не жонка, а «самая старажытная ў прафэсіі». Таксама заявілі, што Лукашэнка фліртуе з Эўропай, а пасьля «выстаўляе рахунак Маскве».

Між тым, працягвае Аляксандар Старыкевіч, параўноўваць беларускую і расейскую тэлевізію дастаткова складана — пры ўсім відавочным адкаце ад свабоды слова ў эфіры расейскіх каналаў напал жарсьцяў непараўнальна вышэйшы за аднастайнасьць меркаваньняў у Беларусі.

«У нас, вядома, троху іншыя практыкі — суцэльная дэманстрацыя аднаго дамінуючага пункту гледжаньня, — канстатуе Аляксандар Старыкевіч. — Абсалютна мінімальны склад запрошаных у студыю экспэртаў, якія маюць іншыя погляды. Калі на расейскіх тэлеканалах адбываюцца сапраўдныя бойкі, прычым часам нават не ў пераносным сэнсе, то ў нас наадварот: ціхенька, спакойненька, без аніякай альтэрнатыўнай думкі. Таму стылістыка прынцыпова іншая. Але Аляксандру Лукашэнку такі расклад падабаецца значна больш, чым у расейскім тэлеэфіры».

6 лютага Аляксандар Лукашэнка зьмяніў кіраўнікоў Белдзяржтэлерадыёкампаніі, тэлеканалу СТВ і газэты «Советская Белоруссия».

Чаго чакаць ад замены кіраўнікоў дзяржпрапаганды. 5 варыянтаў

Нацыянальную тэлерадыёкампанію ўзначаліў Іван Эйсмант, які раней вёў перадачы «Сфэра інтарэсаў», «Зона X», «Навіны», «Панарама» і «Галоўны эфір». Быў намесьнікам старшыні БТ, муж Натальлі Эйсмант, прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі.

Цяпер ужо былы старшыня БТ Генадзь Давыдзька (кіраваў кампаніяй з канца 2010 году) засяродзіцца на кіраўніцтве грамадзкай праўладнай арганізацыі «Белая Русь».

Тэлеканал СТВ узначаліў Ігар Луцкі, экс-намесьнік гендырэктара БелТА, колішні дырэктар «Нового радио», былы першы намесьнік міністра інфармацыі.

На якую пасаду пераведзены былы дырэктар СТВ Юры Казіятка (быў на пасадзе ад сьнежня 2005 году), не паведамляецца. Казіятка па-ранейшаму застаецца «сэнатарам» у Савеце Рэспублікі.

Галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии» прызначаны да нядаўна кіраўнік інфармагенцтва БелТА Дзьмітры Жук. Да таго працаваў у інфармацыйным цэнтры Нацбанку і намесьнікам гендырэктара «Інтэрфакс-Захад», у 1999-2003 гадах узначальваў прэс-службу Лукашэнкі.

Былы кіраўнік «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч (кіраваў газэтай больш за 22 гады) у лістападзе мінулага году быў абраны старшынём грамадзкай рады пры МУС.

Клюб былых рэдактараў. Чым запомняцца звольненыя босы дзяржаўных мэдыя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG