Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад замены кіраўнікоў дзяржпрапаганды. Топ-5 варыянтаў


Севярын Квяткоўскі

Лукашэнка зьняў з пасадаў Паўла Якубовіча, Генадзя Давыдзьку і Юрыя Казіятку.

Адпаведна на месца ачольніка холдынгу «Советской Белоруссии» пасадзіў Дзьмітрыя Жука, былога кіраўніка дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «БелТА». Галавой дзяржаўных радыё і тэлевізій Лукашэнка зрабіў Івана Эйсманта, мужа сваёй прэсавай сакратаркі Натальлі Эйсмант і па сумяшчальніцтве вядоўцу тэлепраграм на дзяржТВ. СТВ узначаліў Ігар Луцкі, які, як і Жук, моцна зьвязаны зь БелТА.

Усіх траіх новапрызначаных аб'ядноўвае тое, што яны народжаныя ў 1970-я гады. А гэта значыць, што для іх СССР/БССР — збольшага школьныя ўспаміны, сталелі яны ў незалежнай Беларусі. Я разумею што гэта людзі з новасавецкай лукашэнкаўскай сыстэмы і ня маю ілюзій што да іх сьветапогляду, пагатоў калі яны апынуліся на такіх выключна прапагандысцкіх пасадах. Тым ня менш, узрост мае значэньне хоць бы з гледзішча ўяўленьня пра тэхналёгіі. Такім чынам, варта чакаць:

1. Паход у інтэрнэт. Магчыма, ужо неўзабаве мы ўбачым актывізацыю нашых беларускіх не чужых сецявых троляў. Веру, што Якубовіч з Давыдзькам, людзі старой генэрацыі, вырасьцілі свае прапагандысцкія мускулы пад грукат друкарак і таму папросту ня ведалі, як што рабіць у сеціве. Паглядзіце на ютубе прагляды ОНТшных і БТшных перадач. Некалькі соцень праглядаў — гэта вялікае дасягненьне. Звычайна гаворка пра дзясяткі, іншымі словамі — ніпрашто. Афіцыйны акаўнт БТ у фэйсбуку яшчэ раней пачаў пакусваць некаторыя незалежныя беларускія СМІ. Прасоўваць сябе і дзяўбсьці канкурэнтаў, у тым ліку тролямі — узаемадапаўняльныя дзеяньні.

2. Новыя забавы. Варта чакаць палепшанага забаўляльнага кантэнту. Івану Эйсманту ня трэба прыдумляць ровар, проста набыць пару-тройку ліцэнзій на абкатаныя па ўсім сьвеце ТВ-шоў, зрабіць адаптацыю для Беларусі і наперад. Сэнс — паспрабаваць праз забаўляльны кантэнт прызвычаіць нарэшце аўдыторыю да калектыўнага БТ. Калі ўлічыць, што таленавітыя тэлевізійнікі даўно разьехаліся па суседніх краінах, задача вырашальная толькі вялікімі матэрыяльнымі і часавымі выдаткамі. Тое ж датычыць «Советской Белоруссии». Замест хітразакамуфляваных думак Якубовіча пад дзясяткам псэўданімаў я чакаю больш жаўтухі-забаўлюхі. Прынамсі, БелТА ўжо пайшла такім шляхам, чаму б Жуку не перанесьці практыку на новае месца працы?

3. Пераарыентацыя мэтавай аўдыторыі. Першыя два пункты лягічна падводзяць да высновы, што колішняя арыентацыя на вясковых пэнсіянэраў-перадпэнсіянэраў можа пачаць дрэйф у бок гарадзкіх 25-45-гадовых. Па-першае, за больш як два дзесяцігодзьдзі свайго кіраваньня Лукашэнка дапамог вяскоўцам не з разьвіцьцём сельскай гаспадаркі, а з магчымасьцю ўцячы ў гарады. Я маю на ўвазе ў першую чаргу Менск і абласныя цэнтры. Па-другое, заігрываць са сваім электаратам няма патрэбы: краіна даўным-даўна пад кантролем. Трэба працаваць на ляяльнасьць нанова падрослага гарадзкога выбарца.

4. Дэрасеізацыя эфіру. Пасьля выхаду два месяцы таму ток-шоў на адным з усерасейскіх каналаў, дзе Лукашэнку і Беларусь як дзяржаву жорстка высьмеялі, расейскія прапагандысцкія перадачы ўжо цяпер пачалі перасоўваць на нязручны гледачам позьні час. Я думаю, што тэндэнцыя будзе разьвівацца. Патэнцыйна небясьпечны з ідэалягічнага гледзішча расейскі ТВ-кантэнт будуць адсоўваць ад беларускага гледача альбо цалкам здымаць з эфіру. Пакуль абструкцыя беларускай дзяржаўнай улады сыходзіць ад СМІ кшталту «Рэгнума», якія па расейскіх рэаліях маюць адносна невялікую аўдыторыю. Але інцыдэнт з «фэдэральным» каналам засьведчыў, што ў момант «Х» да справы антыбеларускай прапаганды можа падцягнуцца цяжкая артылерыя.

5. «Мяккая беларусізацыя» і акцэнт на «незалежнасьці». Тэндэнцыя працягнецца. Будуць новыя дакумэнтальныя фільмы пра невядомую для большасьці гісторыю Беларусі, найперш часоў ВКЛ. Будуць новыя ток-шоў, дзе нядаўнія заходне-русісты і прабальшавікі будуць біць сябе ў грудзі і распавядаць, як важна адстойваць незалежнасьць Беларусі ў «такі складаны час». Можа абнавіцца склад удзельнікаў падобных шоў. Магчыма, павялічыцца квота на людзей з БЧБ-поглядамі. Што да БЧБ, менш як праз два месяцы мы пабачым, як новы кіраўнік Белдзяржтэлерадыё будзе асьвятляць 100-годзьдзе БНР.

Чаго ня варта чакаць. Найперш ня варта чакаць якасьці. Дзяржаўныя тролі будуць спальвацца і высьмейвацца зубастай публікай байнэту. Забаўляльныя шоў будуць панылымі і панурымі. Публіка будзе працягваць глядзець расейскія сэрыялы пра годных НКВДыстаў, КГБшнікаў і ФСБшнікаў, «мяккая беларусізацыя» будзе бесхрыбетнай, з аглядкай «каб суседзяў не пакрыўдзіць».

Усё таму, што пірамідальна выбудаваная, па вайсковаму субардынаваная дзяржаўная сыстэма ня ў стане канкураваць з жывой стыхіяй свабоды. А свабода ў сеціве пануе.

Рэальнае інфармацыйнае жыцьцё, вострае, эмацыйнае, дыскусійнае, будзе існаваць па-за дзяржавай і прыцягваць усё болей і болей новай аўдыторыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG