Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Якубовіч пра адстаўку: «Гэта цудоўная падзея. Ад сёньня я свабодны чалавек»


Павал Якубовіч

6 лютага Аляксандар Лукашэнка зьмяніў кіраўніцтва дзяржаўных СМІ​. Павал Якубовіч кіраваў газэтай прэзыдэнцкай адміністрацыі «Советская Белоруссия» («СБ-Беларусь сегодня») больш за 22 гады. Яму на зьмену прыйшоў Дзьмітры Жук, які ўзначальваў інфармацыйнае агенцтва БелТА.

У эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе Павал Якубовіч паведаміў, што сам не адзін раз прасіўся ў адстаўку, і апошні раз пры канцы мінулага года.

«У сьнежні ў мяне была гутарка ў Адміністрацыі прэзыдэнта, дзе я паведаміў пра свае пляны на будучыню. Мне ўжо шмат гадоў, я хворы, і цяжка мне гэты груз цягнуць, — сказаў Свабодзе Якубовіч. — Сёньня адбылася гэта цудоўная падзея, 24 гады я кіраваў гэтай газэтай, і ад сёньня я свабодны чалавек. Хаця ўвесь студзень я прыхварэў».

На ўдакладняючае пытаньне Свабоды, ці адбылася гутарка зь першай асобай, Павал Ізотавіч сказаў, што не.

Што да плянаў на бліжэйшую будучыню, спадар Якубовіч адказаў, што зьбіраецца давесьці да канца справу Курапатаў.

«Шчыра кажучы, хачу дарабіць курапацкі праект. Ужо амаль усё зроблена, засталіся тэхнічныя пытаньні. Гэта справа сумленьня, хаця рэсурсу ўжо няма. Але ўсё, што можна зрабіць у гэтай сытуацыі, я раблю. А так, застаецца асабістае жыцьцё, багатае на ўспаміны», — паведаміў Якубовіч.

Пісаць мэмуары былы галоўны рэдактар газэты «Советская Белоруссия» не зьбіраецца.

«Мне не дадуць мэмуары дапісаць, мяркую. Я занадта шмат ведаю, каб пісаць мэмуары. Хачу пажыць ціхім прыватным жыцьцём, таму што вельмі шмат ведаю».

Чытайце вялікае інтэрвію з Паўлам Якубовічам неўзабаве на нашым сайце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG