Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва будзе рыхтавацца да аварыі на БелАЭС


Ілюстрацыйнае фота

Ведамствы Літвы — Мінабароны, МУС, МЗС, Мінфін, Міністэрства энэргетыкі, Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і структуры, адказныя за радыяцыйную бясьпеку — у сьнежні маюць абмеркаваць падрыхтоўку да пагрозаў, якія могуць зыходзіць ад БелАЭС, бо «фактычнае становішча паказвае, што станцыя ўсё ж можа быць збудаваная», перадае літоўскі сайт Delfi.

Паводле Delfi, Літва турбуецца беларускім «плянам Б» на выпадак здарэньняў на БелАЭС.

«Найбольш актуальныя пытаньні — падрыхтоўка да абарончых дзеяньняў, вызначаных спэцыялістамі ў радыяцыйнай бясьпецы і ахове здароўя, каб абараніць насельніцтва і зьвесьці да мінімуму магчымае ўзьдзеяньне выпадковых і абумоўленых праяваў, выкліканых іянізуючым выпраменьваньнем», — растлумачыў дарадца Міністэрства ўнутраных справаў Кароліс Вайткявічус пазыцыю МУС.

На БелАЭС тым часам устанавілі корпус другога рэактару. Для першага рэактару першы корпус падаў — замянілі на другі, які па дарозе стукнулі аб слуп, а той, што падаў, расейцы задумалі паставіць на Балтыйскай АЭС.

Літву непакоіць бясьпека на АЭС, якая будуецца проста пад яе межамі — краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС, у тым ліку ня верыць у надзейнасьць стрэс-тэстаў станцыі. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

Астравецкую АЭС будуе расейская карпарацыя «Росатом» паводле тыповага расейскага праекту АЭС-2006. Рашэньне будаваць станцыю было агучана ў 2008 годзе, будаўнічыя работы на астравецкай пляцоўцы пачаліся ў 2011 годзе. Агулам тэрмін здачы БелАЭС пераносіўся на 4 гады. Па стане на сьнежань 2017 году тэрмін здачы станцыі прызначаны на лета 2020 году.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG