Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Беларускай АЭС усталявалі корпус другога рэактару


Беларуская АЭС у Астараўцы

На другім энэргаблёку Беларускай АЭС усталявалі корпус рэактару, паведамляе БЕЛТА.

Усталяваньне корпусу ў праектнае становішча адбылося 2 сьнежня. Пасьля гэтага пачнецца мантаж асноўнага абсталяваньня.

Агульная вага корпусу складае больш за 330 тон, даўжыню 11 мэтраў і дыямэтар 4,5 мэтры. Узьвядзеньне вялося ў два этапы. Спачатку яго ўзьнялі на транспартны партал і на спэцыяльным вазку па рэйках перавезьлі ў гермазону. З дапамогай палярнага крана корпус узьнялі ў цэнтральную залю рэактарнага аддзяленьня і ўсталявалі на апорнае кальцо ў шахту рэактара.

У ліпені 2017 падчас усталяваньня корпусу першага рэактару зьявілася інфармацыя пра пашкоджаньне корпусу. Афіцыйнае пацьверджаньне здарэньня адбылося амаль празь месяц — толькі на пачатку жніўня. У выніку Беларусь прыняла рашэньне замяніць корпус рэактара.

Астравецкую АЭС будуе расейская карпарацыя «Росатом» паводле тыповага расейскага праекту АЭС-2006. Рашэньне будаваць станцыю было публічна агучана ў 2008 годзе, будаўнічыя працы на астравецкай пляцоўцы пачаліся ў 2011 годзе. Агулам, тэрмін здачы БелАЭС пераносіўся на 4 гады. Па стане на сьнежань 2017 году тэрмін здачы станцыі прызначаны на лета 2020 году.

Суседнія краіны выступаюць супраць будаўніцтва беларускай АЭС: Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

XS
SM
MD
LG