Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стрымлівае альтэрнатыўную энэргетыку ў Беларусі: «Белэнэрга» супраць прыватнікаў


Ветрапарк вёскі Грабнікі пад Наваградкам

Дзяржпрадпрыемства «Белэнэрга» надрукавала на афіцыйным сайце артыкул, у якім спрабуе зьняпраўдзіць інфармацыю з «інтэрнэт-крыніцаў», што «перашкаджае разьвіцьцю аднаўляльнай энэргетыкі і адмаўляецца разьвіваць энэргетыку па эўрапейскім шляху». Каб разабрацца ў сытуацыі, Свабода пагутарыла з прадстаўнікамі дзяржаўных ведамстваў і прыватнымі вытворцамі альтэрнатыўнай энэргіі ў Беларусі.

«Мы разьвеем гэты міт», — гаворыцца ў артыкуле, у якім дзяржаўнае прадпрыемства выказала прэтэнзіі на адрас прыватных вытворцаў.

У прэс-службе «Белэнэрга» карэспандэнту Свабоды сказалі, што ў артыкуле пад аднаўляльнай энэргетыкай маюць на ўвазе ветравую і сонечную, а зь іншымі пытаньнямі параілі зьвярнуцца ў Міністэрства энэргетыкі.

«Некаторыя прадпрымальныя людзі адшукалі пралаз»

У публікацыі на фіцыйным сайце «Белэнэрга» піша пра «лабістаў аднаўляльнай энэргетыкі», якія нібыта хочуць сарваць даручэньні кіраўніка краіны «ў скарачэньні выдаткаў на вытворчасьць цеплавой і электрычнай энэргіі».

«Фактычна некаторыя прадпрымальныя людзі адшукалі пралаз у нормах указу № 209 і знайшлі спосаб парушаць заканадаўства і ствараць устаноўкі па выкарыстаньні аднаўляльных крыніц энэргіі (АКЭ) не для энэргетычнага забесьпячэньня сваёй гаспадарчай дзейнасьці, а для продажу дзяржаўным арганізацыям, тым самым павялічваючы выдаткі на водпуск цеплавой і электрычнай энэргіі, — адзначаецца ў тэксьце. — Усё гэта ў канчатковым выніку прывяло б да росту тарыфаў на электрычную энэргію».

«Белэнэрга» адклікала ліст аб прыпыненьні выдачы дазволаў

Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Сёлета ў ліпені «Белэнэрга» накіравала ў дзяржаўныя энэргазабесьпячальныя арганізацыі ліст, у якім рэкамэндавала да ўнясеньня зьменаў ва ўказ № 209 прыпыніць выдаваньне дазволаў (тэхнічных умоў) на далучэньне электраўстановак аднаўляльных крыніц энэргіі (АКЭ), якія ствараюцца па-за выдзеленымі квотамі.

«Белэнэрга» тлумачыць, што ліст закрануў інтарэсы асобаў, «якія нібыта вырашылі ствараць устаноўкі па выкарыстаньні аднаўляльных крыніц энэргіі выключна для энэргетычнага забесьпячэньня сваёй гаспадарчай дзейнасьці», хоць такая дзейнасьць «альбо адсутнічала, альбо патрэба ў электрычнай энэргіі была нашмат меншая за магутнасьць устаноўкі».

Аднак пасьля прадпісаньня Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю «Белэнэрга» вымушана было адклікаць гэты ліст.

«​Затраты на вытворчасьць —​ 4,55 цэнта, а купляюць па 22 цэнты за кВт⋅гадзіну»​

«Белэнэрга» патлумачыла, чаму ў краіне шмат ахвотных разьвіваць аднаўляльную энэргетыку. Затраты на яе вытворчасьць, па прагнозе на 2017 год, складаюць 4,55 цэнта / кВт⋅г, а з улікам выдаткаў на куплю электраэнэргіі (уключна зь імпартам і купляй яе ад блёк-станцый), а таксама перадачу, разьмеркаваньне і збыт электраэнэргіі — 7,07 цэнта/ кВт⋅г.

Сярэдняўзважаны тарыф, паводле якога дзяржаўныя энэргазабесьпячальныя арганізацыі набываюць электраэнэргію з установак АКЭ, складае каля 22 цэнтаў за кВт⋅г.

Паводле «Белэнэрга», пры гэтым дзяржарганізацыі нясуць выдаткі на перадачу, разьмеркаваньне і продаж энэргіі спажыўцам.

«Улічваючы такія суадносіны цэнаў на вытворчасьць і куплю электрычнай энэргіі, вельмі складана пераканаць дзяржаўныя энергазабесьпячальныя арганізацыі ў тым, што ім выгадней купляць электрычную энэргію ад АКЭ па цане 22 цэнты за кВт⋅г, чым вырабляць на імпартаваным (з Расеі — РС) прыродным газе», — гаворыцца ў артыкуле.

Устаноўкі маюць «рэзка-пераменны рэжым працы»

Таксама «Белэнэрга» лічыць, што ўстаноўкі па выкарыстаньні АКЭ «маюць рэзка-пераменны рэжым працы» і не забясьпечваюць энэргетычную бясьпеку краіны.

«Надзейнасьць і бесьперабойнасьць» вымушаны забясьпечваць традыцыйныя цеплавыя электрастанцыі «Белэнерга», якія «працуюць заўсёды, а ня толькі калі сьвеціць сонца, дзьме вецер, і нават у самую марозную ноч з поўным штылем».

«Ніхто ня згортвае»

Начальнік упраўленьня энэргаэфэктыўнасьці, экалёгіі і навукі Міністэрства энэргетыкі Сяргей Грэбень сказаў Свабодзе, што ў краіне на 5 кастрычніка 142 юрыдычныя асобы маюць сэртыфікаты аб пацьвярджэньні паходжаньня энэргіі (ліцэнзіі). Устаноўкі разьмешчаныя па ўсіх абласьцях краіны.

Колькасьць узнаўляльнай энэргіі, якая выпрацоўваецца, паводле Грэбня, «невялікая».

— Што будзе далей, ці будзе згортвацца аднаўляльная энэргетыка ў Беларусі?

— Ніхто ня згортвае. Гэта проста так падаюць, што згортваюць. Насамрэч абмежаваньняў няма. Ёсьць праект указу, які спрабуе з улікам уводу АЭС гарманічна ўвязаць разьвіцьцё ўсіх крыніц, каб нікога не ўшчамляць. Каб крыніцы «Белэнэрга» не былі закладнікамі.

Пакуль у аднаўляльных крыніц вялікія прывілеі: усю іх электраэнэргію трэба набываць, без абмежаваньняў і па павышаных тарыфах. У 2010 годзе ў нас былі створаныя вельмі добрыя ўмовы, калі гэта ўсё пачыналася.

Але ўжо кошт гэтага абсталяваньня значна ўпаў, тэрмін акупнасьці зьменшыўся. І для гэтага ўжо ня трэба такіх павышальных каэфіцыентаў. Таму яны пакрысе зьніжаліся. Ніхто тут нікога ня душыць.

— А ў чым неабходнасьць уносіць зьмены ва ўказ № 209?

— Гарманічнае разьвіцьцё ўсіх з улікам АЭС. Ніхто нікога моцна не ўшчамляе. Карэктуецца з улікам практыкі рэалізацыі. Канкрэтна якія зьмены, не магу сказаць, бо ў кожнага дзяржоргана сваё бачаньне.

Чаму не павялічваецца колькасьць дзяржаўных ветракоў

— «Белэнэрга» кажа, што параўнальна з прыватнікамі дзяржпрадпрыемства «Гроднаэнэрга» вырабляе танную энэргію ад ветракоў. Дык чаму ня ўводзіцца больш дзяржаўных ветракоў?

Мы закрэдытаваныя ў старых праектах

— Бо мы з 2006 году мадэрнізавалі асноўную вытворчасьць. Ветракі і сонца ня змогуць забясьпечыць усю краіну электраэнэргіяй і цяплом, калі нешта здарыцца.

Цяпло яны наагул не вырабляюць, за выключэньнем біягазавых станцый і кацельных на трэсках. Яны павінны быць у балянсе, але ня маюць першачарговага значэньня для энэргетычнай бясьпекі.

Дык вось, мы мадэрнізавалі свае крыніцы. І ў нас арганізацыі закрэдытаваныя ў старых праектах. Мы павінны таксама забясьпечыць стопрацэнтныя разьлікі спажыўцоў. У нас няма свабодных грошай, каб пачынаць масава будаваць ветракі.

«Гроднаэнэрга» адпускае электраэнэргію ў сыстэму па сабекошце. Яно не накладае ніякіх тарыфаў. Атрымліваецца, што дзяржаўным арганізацыям набываць такую энэргію нашмат выгадней, бо прыватнікі прадаюць даражэй. Калі б у нас было дастаткова ветракоў, мы б зьнізілі тарыф для ўсіх.

— Але як гэтае пытаньне вырашаецца ў Эўропе ці той жа Нямеччыне?

— Нямеччына закрывае АЭС і пакідае вугальныя. А павышаны «зялёны» тарыф там перакладаецца на насельніцтва. Хочаце карыстацца зялёнай энэргіяй? Вось табе ў жыровачку вось такі кошт.

Паводле Грэбня, пад аднаўляльнай энэргіяй у Беларусі маюцца на ўвазе ветракі, сонца, біягаз, драўніна і гідраэлектрастанцыі.

Тым часам Нямеччына б’е рэкорды

У сакавіку Нямеччына вырабіла 19,5 ТВт⋅г аднаўляльнай энэргіі, што склала больш за 41% ад усёй вырабленай у краіне электрычнасьці, паведамляе CleanTechnica. У сакавіку Нямеччына таксама паставіла рэкорд сутачнай генэрацыі энэргіі ветру: 18 сакавіка выпрацоўка ветраной энэргіі дасягнула 38,5 ГВт⋅г. Усяго ж за месяц, разам з сонечнымі магутнасьцямі, ветракі вырабілі каля 12,5 ТВт⋅г электраэнэргіі.

Да 2050 году дзеля выкананьня Парыскага пагадненьня па клімаце Нямеччына плянуе цалкам перайсьці на аднаўляльныя крыніцы энэргіі і скараціць выкіды вуглякіслага газу ня менш як на 95%.

«Яны ня кажуць усёй праўды»

Уладзімер Нісьцюк, выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Аднаўляльная энэргетыка», якая патрапіла пад крытыку «Белэнэрга», у інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў закіды дзяржаўнага ведамства што да кошту энэргіі.

Уладзімер Нісьцюк
Уладзімер Нісьцюк

— Чаму такі высокі кошт у прыватных вытворцаў?

​— Так прадугледжвае закон, прыняты ў 2010 годзе. Яны самі распрацоўвалі гэты закон. Чаму яны цяпер гэтае пытаньне ставяць, я ня ведаю.

Аднаўляльная энэргетыка нятанна каштуе і атрымлівае датацыі ад дзяржавы ва ўсім сьвеце.

Самае непрыемнае, што яны ня кажуць усёй праўды. Яны даюць інфармацыю, патрэбную для іх. І яна не адпавядае рэчаіснасьці. Падаюцца страшныя лічбы, што як ліпку мы абадралі ўсю краіну, і людзей, і прадпрыемствы. Гэта няпраўда.

Яны знайшлі ворага – аднаўляльную энэргетыку, якая абдзірае і рабуе

«Белэнэрга» піша, што да канца 2020 году плянуецца давесьці магутнасьць АКЭ да 790 МВт. І ў сваіх абгрунтаваньнях пад зьмену ўказу № 209 даецца як аргумэнт, што гэта будзе амаль што магутнасьць першага блёка БелАЭС. Блёк жа АЭС мае 1200 МВт і працуе цэлыя суткі.

Аднаўляльнай энэргетыкі ня будзе шмат, як палохаюць. Электраэнэргія, якую цяпер у сеткі краіны даюць аднаўляльныя крыніцы, складае крыху больш за 1 адсотак. Калі браць цеплавую і электрычную энэргію, то гэта 5,6% ад агульнага паліўна-энэргетычнага балянсу краіны.

І рабіць гэта галоўнай праблемай у краіне — несумленна. Бо аднаўляльныя крыніцы энэргіі — гэта яшчэ і экалёгія. Толькі адзін вятрак магутнасьцю 1МВт не дае выкінуць у атмасфэру 1800 тон бруду ў год.

Падаюцца страшныя лічбы, што як ліпку мы абадралі ўсю краіну, і людзей, і прадпрыемствы. Гэта няпраўда.

Проста яны цяпер ня ведаюць, што будзе, калі ўвойдзе ў эксплюатацыю АЭС. Што рабіць з энэргіяй ад яе, ніхто ня ведае. І вось яны знайшлі ворага — аднаўляльную энэргетыку, якая абдзірае і рабуе.

Ёсьць дзьве сёлетнія пастановы, № 41 і 43, Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Там сказана: калі нехта будуе для сябе крыніцу АКЭ для ўласнага карыстаньня і хоча прадаць у сетку лішкі, то там проста ўведзены новы каэфіцыент — 0,1. Гэта дзесяць адсоткаў ад дзейнага тарыфу. І ня трэба ганяць моцныя хвалі. Усё рэгулюецца законам.

Сонечныя панэлі ў Калодзішчах
Сонечныя панэлі ў Калодзішчах

«Гэта перастае быць прыбытковым бізнэсам»

— Наколькі прыбытковы бізнэс у сфэры аднаўляльнай энэргетыкі?

— На старце, у 2010 годзе, ён быў вельмі прыбытковы, бо каэфіцыенты былі вельмі высокія. Цяпер уведзеныя квоты, якія выдае Міністэрства энэргетыкі і прапісвае льготны каэфіцыент, па якіх дзяржава будзе купляць энэргію ў гэтых людзей. Раней на сонца быў каэфіцыент 3, а цяпер яго зьменшылі амаль у два разы.

Гэта ўсё яшчэ прыбытковы бізнэс, бо чалавек сам будуе крыніцу, абслугоўвае яе, але даходнасьць паступова зьніжаецца.

Інвэстары не сьпяшаюцца ў Беларусь, хоць патэнцыял у нас ня меншы, чым у Нямеччыне. Але такую хвалю выліць на аднаўляльную энэргетыку, на нас, гэта вельмі несумленна.

— Якая цяпер галоўная праблема для разьвіцьця аднаўляльнай энэргетыкі ў краіне?

Праблема адна — што дзяржава пачынае рэгуляваць усё, нават тое, што рэгуляваць не патрэбна

— Дзяржава пачынае рэгуляваць усё, нават тое, што рэгуляваць не патрэбна. Мы цяпер рыхтуем зварот да прэзыдэнта і будзем шукаць спосаб, каб ён яго прачытаў.

Цяпер ідзе спроба праціснуць зьмены ва ўказ № 209. Калі кожны ўказ будзе праз два гады карэктавацца, гэта непавага да таго, хто яго выдаў. Апроч таго, узьнікае пытаньне: ці можна з гэтай краінай працаваць на інвэстыцыйных умовах, калі вось так мяняюць правілы гульні.

Ветракі пад Магілёвам
Ветракі пад Магілёвам

Лукашэнка выдзеліў 28 млн эўра на здабычу альтэрнатыўнай электрычнасьці

У Беларусі ў 2016-2018 гадах адпаведна з указам Лукашэнкі ад 26 студзеня рэалізуецца праграма «Ўкараненьне біягазавых установак на ачышчальных збудаваньнях Менску».

На праект, генэральным падрадчыкам якога прызначаная нямецкая Strabag Umwelttechnik GmbH, 22 млн 268 тысяч эўра крэдыту на восем год выдзеляць «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і іншыя крыніцы, яшчэ 5 млн 567 тысяч эўра рэкамэндавана забясьпечыць зь бюджэту сталіцы і крэдытаў пад гарантыі гарвыканкаму.

Адказнасьць за праект, агульны кошт якога складзе амаль 28 млн эўра, ускладзеная на старшыню Менгарвыканкаму і дырэктара «Менскводаканалу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG