Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выдзеліў 28 млн эўра на здабычу альтэрнатыўнай электрычнасьці


©Shutterstock

©Shutterstock

На ачышчальных збудаваньнях сталіцы паставяць нямецкія біягазавыя ўстаноўкі. Альтэрнатыўная энэргетыка ў Беларусі разьвіваецца неблагімі тэмпамі, хоць дагэтуль ёсьць пэўныя заканадаўчыя перашкоды.

У Беларусі ў 2016–2018 гадах адпаведна з указам Лукашэнкі ад 26 студзеня будзе рэалізоўвацца праграма «Ўкараненьне біягазавых установак на ачышчальных збудаваньнях Менску».

На праект, генэральным падрадчыкам якога прызначаная нямецкая Strabag Umwelttechnik GmbH, 22 млн 268 тысяч эўра крэдыту на восем год выдзеляць «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і іншыя крыніцы, яшчэ 5 млн 567 тысяч эўра рэкамэндавана забясьпечыць зь бюджэту сталіцы і крэдытаў пад гарантыі гарвыканкаму. Адказнасьць за праект, агульны кошт якога складзе амаль 28 млн эўра, ускладзеная на старшыню Менгарвыканкаму і дырэктара «Менскводаканалу».

І не «лайно», а «глейныя палі»

Гэтыя біягазавыя ўстаноўкі будуць здабываць электрычнасьць зь ня самых прыемных рэчываў — тых, што застаюцца пасьля ачысткі вады. Звычайна цеплавая энэргія і электрычнасьць здабываецца з газу, які атрымліваецца пры вадародным ці мэтанавым браджэньні біямасы з дапамогай бактэрыяў, якія харчуюцца тымі самымі непрыемнымі рэчывамі, адкідамі з «глейных палёў» — так адмыслоўцы называюць пэўны тып ачышчальных збудаваньняў.

Уладзімер Нісьцюк

Уладзімер Нісьцюк

«Пасьля ачысткі вады застаюцца глейныя асадкі, якія або высушваюцца, пакетуюцца і захоўваюцца ў нейкіх магільніках, бо ў іх утрымліваюцца цяжкія мэталы і іншыя шкодныя рэчывы, — распавядае Свабодзе выканаўчы дырэктар асацыяцыі „Аднаўляльная энэргетыка“ Ўладзімер Нісьцюк. — Альбо яны ляжаць проста як палі і займаюць даволі вялікія тэрыторыі, якія было б мэтазгодна рэкультываваць і запусьціць у сельгасабарот. Не для харчовых культураў, а, напрыклад, для той жа хуткарастучай вярбы, каб атрымліваць дрэўнае паліва.

Справа вельмі важная, калі ўлічыць, што ў Менску няма на сёньня актыўнай сьмецьцеперапрацоўкі, а глейныя палі ня проста ляжаць, а выдзяляюць вялікую колькасьць усялякай гідоты. Зь імі ўсё адно нешта трэба рабіць, дык чаму б не ператварыць „отходы в доходы“?»

Першая спроба працы зь біягазавымі ўстаноўкамі, згадвае ён, была ў Баранавічах. Агрэгат усталявалі, але, каб давесьці справу да канца, не хапіла грошай. Цяпер актыўна шукаюцца сродкі на завяршэньне таго праекту, таму фінансаваньне маштабнага праекту ў Менску Нісьцюк толькі вітае.

Акрамя таго, згадвае ён, на вадаскідах ачышчальных збудаваньняў Менску фірмы, якія ўваходзяць у асацыяцыю «Аднаўляльная энэргетыка», ужо паставілі малую гідраэлектрастанцыю магутнасьцю ў 500 кВт, якая будзе забясьпечваць у тым ліку і сам водаканал. Ладзяцца і іншыя экспэрымэнты з аднаўляльнымі крыніцамі энэргіі — напрыклад, пад Наваградкам нядаўна быў адзін вятрак, а цяпер робіцца цэлы ветрапарк, і ветракі там на 5 МВт кожны.

Станцыя па здабываньні энэргіі зь біягазу ў Казахстане

Станцыя па здабываньні энэргіі зь біягазу ў Казахстане

Які глей, калі нафта па 30?

Спэцыялісты ў сфэры энэргетыкі ўхваляюць такі ход, як і разьвіцьцё альтэрнатыўнай энэргетыкі з аднаўляльных крыніцаў, больш бясьпечных, а ў пэрспэктыве і больш танных. Праўда, з акупнасьцю ў іх пакуль усё няхутка. Навошта яны, калі нафта толькі таньнее?

«Усё тое, што тычыцца аднаўляльных крыніцаў энэргіі, як перапрацоўка глейных палёў, вырашае праблемы і энэргетыкі, і экалёгіі, — тлумачыць Нісьцюк. — Мне бачыцца, што такі пілётны праект мае пэрспэктыву і ў іншых буйных гарадах Беларусі.

Бізнэс-пляну я ня бачыў, але магу сказаць, што Strabag — гэта вельмі моцны на сусьветным рынку партнэр Беларусі, які ўжо паставіў у Берасьці цэлы завод па перапрацоўцы адкідаў, яны маюць добрыя тэхналёгіі. Але аднаўляльныя крыніцы энэргіі — не заўсёды камэрцыйныя інтарэсы. Гідраэлектрастанцыі, якія будуюцца пад Віцебскам і Полацкам, і тая, што ўжо працуе ў Гародні, будуць акупляцца пару дзясяткаў год. Але што гэта будзе карысна, пытаньняў няма: гэта і экалёгія, і новыя тэхналёгіі, і новыя працоўныя месцы».

Павал Гарбуноў

Павал Гарбуноў

«Сапраўды, багата робіцца такіх рэчаў, як біягазавыя станцыі, якія вырашаюць адразу некалькі праблемаў, — пацьвярджае Свабодзе сябра цэнтральнай рады партыі „Зялёныя“ Павал Гарбуноў. — І такіх станцыяў у нас ужо больш за дзесяць. Але калі паглядзець на нацыянальную стратэгію, там прапісана, што асноўны акцэнт — гэта энэргазьбераганьне, а аднаўляльнай энэргетыкай мы пачнём сапраўды актыўна займацца ў 2020-х гадах.

Тэма новая, таму ёсьць непаразуменьні наконт таго, як зь ёй працаваць. Умовы для разьвіцьця аднаўляльнай энэргетыкі нібыта створаныя, але ў 2015 годзе ўвялі квоты на выраб і продаж энэргіі з альтэрнатыўных крыніцаў. Гэта вельмі спрэчнае пытаньне. Складана і ўзгадняць такія аб’екты — багата паперак.

У Эўразьвязе буйна разьвіваецца альтэрнатыўная энэргетыка, бо людзі маюць магчымасьць укладаць свае грошы. Беларусі ж трэба проста ствараць добрыя ўмовы для бізнэсу, а той будзе сам усталёўваць гэтыя аб’екты. Каб была магчымасьць, напрыклад, усталёўваць сабе сонечныя панэлі на даху і падлучаць іх да сеткі».

Сонечная энэргія ў хмарнай краіне, ветракі ў краіне штылю

Вядома, АЭС адным махам дасьць багата энэргіі. Перад тым, як пастанавілі яе будаваць, дый пасьля таго рашэньня вялося багата дыскусіяў пра мэтазгоднасьць і магчымасьць здабычы электрычнасьці з альтэрнатыўных крыніцаў. Але цяпер усё вырашана, першы энэргаблёк ужо прыехаў у Беларусь — і галоўны інжынэр АЭС кажа, што гэты энэргаблёк ужо нікому не аддадуць.

Дык, можа, хопіць АЭС і аднаўляльных крыніц энэргіі — такіх, як біягаз, ветракі і сонечныя батарэі? У будучыні — цалкам верагодна, але пакуль Беларусь здабывае кроплі з аднаўляльнай энэргетыкі. Праўда, мае амбітныя пляны.

«Перада мной ляжыць абноўленая дырэктыва Лукашэнкі № 3, там прапісана, што да 2020 году плянуецца недзе 6% электраэнэргіі атрымліваць з аднаўляльных крыніцаў, — распавядае Нісьцюк. — Гэта нядрэнная лічба, калі ўлічыць, што цяпер нашы калегі з Эўропы, як Нямеччына, выйшлі мо на 27%. А ў іх за колькі год ужо 8500 біягазавых комплексаў, амаль 15 тысяч ветрагенэратараў стаіць. Мы толькі зрабілі першыя крокі, а ўжо ставіцца такая задача.

Праўда, пытаньне ня ў тым, колькі мы паставім новых аб’ектаў аднаўляльнай энэргетыкі, а ў тым, як палічым балянс з улікам таго, што хутка пачне працаваць першы блёк атамнай электрастанцыі. Трэба не натварыць шмат аб’ектаў, якія будуць генэраваць энэргію, якую ня будзе куды падзець. Дрэнна, калі няма энэргіі, але нядобра і калі яе зашмат. Але мы ўлічваем, што АЭС будзе прадаваць багата энэргіі на экспарт, таму цяпер ёсьць квоты на 215 МВт новых аднаўляльных крыніцаў».

Ветракі каля Магілёва

Ветракі каля Магілёва

Коста-Рыка пражыла амаль увесь 2015 год, на 100% забясьпечыўшы сябе энэргіяй з аднаўляльных крыніцаў. Але там былі моцныя дажджы, якія засілкавалі магутныя гідраэлектрастанцыі, дый сонечных дзён значна больш. Адкуль хмарнай Беларусі бяз моцных плыняў у рэках і магутных вятроў узяць столькі альтэрнатыўнай энэргіі, каб было пакрыць хаця б 6%?

«Ёсьць багата стэрэатыпаў, — запэўнівае Гарбуноў. — Сапраўды, гідраэнэргетыкі ў нас небагата, але наконт сонца і ветру — гэта стэрэатыпы. Акадэмія навук некалькі год таму рабіла падлікі, то знайшлося недзе 1800 пляцовак, дзе можна ставіць ветракі, і патэнцыял ветраэнэргетыкі вельмі вялікі. Калі б мы паставілі ветракі паўсюль, то нам толькі іх мо і хапіла б. Уважаючы на тое, колькі грошай патрабуецца на іх усталяваньне і разбудову, гэта, бадай, ня самая добрая схема. І ў нас багата сонца! Сонца ня менш, чым у Нямеччыне, хіба на поўдні ў іх больш, чым у сярэднім па Беларусі. Рэсурсаў сонца і ветру ў нас амаль неабсяжна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG