Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта сабатаж, інвэстары сыходзяць з краіны». Новы закон руйнуе будучыню альтэрнатыўнай энэргетыкі


Альтэрнатыўную энэргетыку Беларусі абмяжоўваюць дзеля будучай АЭС.

Беларусь ня зможа прадаваць электраэнэргію ад астравецкай АЭС за мяжу, таму ўлады перастрахоўваюцца й уводзяць квоты на «зялёную» электраэнэргетыку.

А «зялёная» энэргетыка — гэта пытаньне нашай незалежнасьці ад Расеі, — сьцьвярджаюць экспэрты Радыё Свабода.

Цягам двух наступных гадоў уступіць у сілу абмежаваньне ў 215 МВт на новыя ветракі і сонечныя батарэі. Раздаваць квоты будзе невялікая міжведамасная камісія, куды не ўваходзіць ніводзін незалежны экспэрт.

Міністэрства хоча рэгуляваць тое, чаго няма

Замест таго каб стымуляваць разьвіцьцё аднаўляльных крыніц энэргіі (АКЭ), беларускія ўлады ўсё больш ускладняюць правілы гульні і фактычна стрымліваюць будаўніцтва новых ветрагенэратараў, сонечных батарэй і калектараў, лічыць Уладзімер Нісьцюк, старшыня няўрадавай асацыяцыі «Аднаўляльная энэргетыка».

Уладзімер Нісьцюк

Уладзімер Нісьцюк

«У нас робіцца спроба рэгуляваць тое, што не існуе, — сказаў Нісьцюк Свабодзе. — Ніякага стымулу для замежных інвэстараў укладаць свае грошы ў разьвіцьцё аднаўляльных крыніц энэргіі больш няма».

Першыя праекты новых нарматыўных актаў пачалі абмяркоўвацца яшчэ ў ліпені 2013 году. А калі ў траўні 2015 году быў прыняты ўказ прэзыдэнта № 209 «Аб выкарыстаньні аднаўляльных крыніц энэргіі», то стала вядома й пра квоты. Як піша БЕЛТА, урад мае права разьмяркоўваць квоты ў тым ліку й дзеля таго, каб не дапусьціць празьмернага разьвіцьця паасобных кірункаў.

Але ў Беларусі аднаўляльная энэргетыка не настолькі разьвітая, каб ставіць ёй такія жорсткія рамкі, упэўнены Нісьцюк. Паводле статыстыкі Дэпартамэнту па энэргаэфэктыўнасьці Дзяржстандарту, на пачатак 2015 году ў краіне працавалі 47 ветрагенэратараў, 16 біягазавых комплексаў, 43 ГЭС (міні-ГЭС), 20 сонечных станцыяў, 224 сонечныя калектары, 12 міні-ТЭЦ.

Ветрапарк пад Магілёвам

Ветрапарк пад Магілёвам

Разам выходзіць 362 аб’екты агульнай магутнасьцю 105 МВт. Калі дадаць новыя аб’екты, уведзеныя сёлета, то іх можа стаць каля 380 агульнай магутнасьцю прыблізна 140 МВт.

У Беларусі сёньня на аднаўляльных крыніцах энэргіі працуюць каля 380 аб’ектаў. Іх агульная магутнасьць — 140 МВт.

«У Міністэрстве энэргетыкі спасылаюцца на тое, што ў Нямеччыне гэта рэгулюецца, — кажа Нісьцюк. — Але ў іх 27 тысяч ветрагенэратараў, амаль 7 тысяч біягазавых комплексаў, мільёны сонечных станцыяў. Там ёсьць што рэгуляваць! Яны маюць празьмерныя аб’ёмы энэргіі ў паўднёвых раёнах краіны. А ў нас цяпер існуюць энэргадэфіцытныя раёны».

«Зялёная» энэргія — гэта пытаньне нашай незалежнасьці

У квотах зацікаўлена найперш «Белэнэрга» — манапаліст на энэргетычным рынку Беларусі. Па словах Антона Гаховіча, кансультанта па рэсурса- і энэргазьберажэньні Цэнтру экалягічных рашэньняў, квотамі на новыя «зялёныя» ўстаноўкі «Белэнэрга» абараняецца ад дарагой «зялёнай» электраэнэргіі, якую купляе ад ветракоў, сонечных батарэй і ГЭС.

Антон Гаховіч

Антон Гаховіч

«Калі плаціцца дарагі „зялёны“ тарыф, узьнікае сур’ёзная небясьпека банкруцтва абласных аддзяленьняў „Белэнэрга“, калі туды прыйдзе багаты інвэстар», — расказаў Гаховіч Свабодзе. На яго погляд, калі дзякуючы такому багатаму інвэстару ў рэгіёне зьявіцца мноства «зялёных» энэргетычных установак, то «Белэнэрга» будзе вымушана купляць вырабленую імі энэргію па высокім «зялёным» тарыфе, а такі рост выдаткаў пагражае банкруцтвам.

Ён нагадаў, як яшчэ два гады таму ў Магілёўскую вобласьць хацеў прыйсьці буйны кітайскі інвэстар, каб пабудаваць там сонечныя паркі. Аднак Магілёўскі тэхнапарк разьлічыў, што такім чынам «Магілёўэнэрга» можа збанкрутаваць за тры месяцы.

Любы грамадзянін Беларусі, які бачыць сваю будучыню ў незалежнай краіне, якую не кантралююць коштамі на энэрганосьбіты, павінен быць зацікаўлены ў зялёнай энэргетыцы

Чаму так? Каб стымуляваць будаўніцтва ветракоў і сонечных батарэй, у Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, у пастаўшчыкоў «зялёнай» энэргіі купляюць электрычнасьць па павышаным тарыфе. За адзінку бярэцца кошт 1 кілявату для прамысловых прадпрыемстваў. Сёньня ў Беларусі ён складае каля 0,13 даляра. Каэфіцыент для ветранай электраэнэргіі, ГЭС, сьмецьцевага газу — 1,25. Самы высокі каэфіцыент — для сонечных батарэй: 2,5.

Але гэта ўсё адно выгадна для нас, кажа Гаховіч. Вырабляючы ўласную электраэнэргію зь ветру, сонца і рэкаў, мы эканомім грошы на куплі газу ў Расеі, ня трацім валюту.

«У першую чаргу, зялёная энэргетыка — гэта пытаньне энэргетычнай бясьпекі, — кажа Гаховіч. — Калі ў нас будуць уласныя крыніцы бясконцай энэргіі, мы станем менш залежаць ад энэргарэсурсаў Расеі. Любы грамадзянін Беларусі, які бачыць сваю будучыню ў незалежнай краіне, якую не кантралююць коштамі на энэрганосьбіты, павінен быць зацікаўлены ў зялёнай энэргетыцы».

Таксама, зьвяртае ўвагу Гаховіч, зялёныя крыніцы энэргіі дазваляюць не здабываць прыродныя рэсурсы. Напрыклад, каб вырабіць 1 кіляват энэргіі з газу, той газ трэба здабыць, транспартаваць, спаліць. А гэты рэсурс ужо праз 60–70 гадоў можа скончыцца.

«Зялёная энэргетыка — бясконцы рэсурс, які дазваляе пакінуць рэсурсы нашым нашчадкам».

Усталёўка сонечных панэляў

Усталёўка сонечных панэляў

Што да сёньняшніх коштаў, то, па словах Нісьцюка, дарагоўля альтэрнатыўнай энэргетыкі для яго сумнеўная.

«Агучвалася лічба ў 40 мільёнаў даляраў, якія „Белэнэрга“ штогод пераплачвае за „зялёны“ тарыф. Па-першае, большасьць пастаўшчыкоў электраэнэргіі належаць дзяржаве, а купляць па ільготным тарыфе ў саміх сябе яны ня будуць. Па-другое, у нас няма ніводнага дэпартамэнту, упраўленьня й нават аддзелу, дзе б абагульнялася статыстыка».

Сапраўдных лічбаў ніхто ня ведае, ці прынамсі не агучвае. Да таго ж у статыстыцы ня ўлічваюцца крыніцы энэргіі, якія працуюць дзеля асабістых мэтаў структур і грамадзян.

Невядома, што рабіць з АЭС

Будаваньне «зялёных» установак запавольваецца яшчэ і праз тое, што ў 2018 годзе чакаецца ўвод першага блёку атамнай электрастанцыі пад Астраўцом. 2,4 тысячы мэгават, якія дасьць АЭС, перакрыюць усю схему выпрацоўкі электраэнэргіі ў краіне.

Пляцоўка будаўніцтва астравецкай АЭС, арзхіўнае фота

Пляцоўка будаўніцтва астравецкай АЭС, арзхіўнае фота

Першапачаткова АЭС будавалася з разьлікам на продаж электраэнэргіі за мяжу. Але сёньня пэрспэктыўным пакупнікам гэтая энэргія ўжо не патрэбная: у нашым рэгіёне маюць будавацца яшчэ дзьве АЭС — адна ў Літве, адна ў Польшчы. Куды падзець вялікія аб’ёмы электрычнасьці, якія раней мы разьлічвалі прадаваць за мяжу?

«Відавочна, што ў міністэрстве не да канца прадуманая энэргетычная палітыка на бліжэйшыя гады, — лічыць Нісьцюк. — Таму й спрабуюць калегі з ураду прыпыніць разьвіцьцё „зялёнай“ энэргіі».

Да ўсяго іншага, у Беларусі яшчэ ня вырашана праблема з дэцэнтралізацыяй энэргетычнай сыстэмы. Сёньня 13 галоўных станцыяў даюць больш за 90% энэргіі, што небясьпечна для энэргетычнай бясьпекі краіны: у выпадку пашкоджаньня хоць адной станцыі можа быць адключаная вялікая колькасьць карыстальнікаў.

«Трэба ствараць мноства вялікіх і малых крыніц энэргіі, — кажа Нісьцюк. — Тады мы будзем менш яе губляць у сетках, а ў аддаленых раёнах гарантавана забясьпечым аўтаномныя аб’екты. Гэта вялікая эканомія тых грошай, якіх сёньня няшмат у бюджэце».

Мы перакрываем інвэстарам дарогу ў Беларусь. Гэта сабатаж

Ледзь ня з кожным новым нарматыўным актам інвэстыцыйная прывабнасьць Беларусі зьніжаецца. Па словах Нісьцюка, у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях, дзе былі патэнцыйныя пляцоўкі, інвэстары чакалі зь ліпеня 2013 году, каб атрымаць дазвол на падпісаньне інвэстыцыйных дамоваў па будаўніцтве ветравых і сонечных электрастанцыяў.

Дзяржорганы стрымлівалі гэтую чаргу, аж пакуль інвэстараў не распудзілі новыя ўмовы вядзеньня бізнэсу. Цяпер у чарзе з інвэстыцыямі ніхто не стаіць.

«Каб акупіць сонечную электрастанцыю, трэба пяць-шэсьць гадоў, — тлумачыць Нісьцюк. — Пакуль яны чакалі, праекты заканадаўства зьмяніліся ўжо некалькі разоў. Інвэстары баяцца ўкладаць грошы ў краіну, дзе невядома, што будзе заўтра».

Ён таксама кажа, што ўвесь час у асацыяцыю зьвярталіся замежныя інвэстары з прапановамі будаваць аднаўляльныя ўстаноўкі. У Беларусі хацелі будаваць завод сонечных панэляў, каб прадаваць іх у краіны Эўразьвязу, заводы па перапрацоўцы сьмецьцевага газу. Але інвэстары ня маюць пэўнасьці, што ільготныя ўмовы свабодных эканамічных зон, малых гарадоў, «зялёныя» тарыфы захаваюцца ў будучым.

«Мы самі перакрываем інвэстарам дарогу ў Беларусь», — кажа Нісьцюк.

На яго думку, беларускія ўлады ўжо даўно робяць непасьлядоўныя крокі. У 2007 годзе была прынята Дырэктыва прэзыдэнта № 3, у якой вялікая роля адводзілася менавіта аднаўляльным крыніцам энэргіі. Потым зьявіліся галіновыя праграмы Савету міністраў па будаўніцтве малых ГЭС, комплексаў на біягазе, на мясцовых крыніцах энэргіі, нават Нацыянальная праграма разьвіцьця мясцовых і аднаўляльных крыніц энэргіі на пяцігодку. Пад гэта ўлады плянавалі крыніцы фінансаваньня.

Але ніводная з гэтых праграмаў не была выканана цалкам, а таму цяпер ставіцца пытаньне, каб іх згарнуць. У праграме дзейнасьці ўраду на 2015 год нават няма паняцьця «аднаўляльныя крыніцы энэргіі».

«Мы цяпер вывучаем вельмі ўважліва гэтыя нарматыўныя акты, каб зьвяртацца ў пракуратуру, — кажа Нісьцюк. — Павінна быць праверка на парушэньне закону. Мы ж бачым, што інвэстараў было вельмі шмат, а цяпер іх няма. Гэта сабатаж у нейкім сэнсе».

Людзі й кампаніі ўсталёўваюць сонечныя панэлі для сваіх патрэбаў

Новыя акты ня маюць зваротнага дзеяньня, а таму прадпрыемствы, што працавалі ў аднаўляльнай энэргетыцы на падставе раней падпісаных інвэстыцыйных дамоваў, працягваюць працу на старых умовах.

Сонечныя панэлі на ліхтарнях у Калодзішчах на Менскай вуліцы

Сонечныя панэлі на ліхтарнях у Калодзішчах на Менскай вуліцы

«Хоць гэта (новая пастанова. — РС) і спалохае інвэстараў, якія баяцца хуткай зьмены законаў, да нас прыйдуць тыя, хто гатовы рызыкаваць і заняць пустую нішу ў 215 МВТ», — лічыць Гаховіч.

У кожным разе, Беларусь мае вялікі патэнцыял для разьвіцьця альтэрнатыўных крыніц энэргіі. У суседняй Літве з падобнымі кліматычнымі і геаграфічнымі ўмовамі, напрыклад, ужо сёньня 15% электраэнэргіі — «зялёная».

«Да гэтага йдзе ўвесь сьвет, — кажа Нісьцюк. — І ў нас ёсьць усе ўмовы, каб разьвіваць аднаўляльныя крыніцы энэргіі. Ёсьць вятры, сонца, малыя рэкі, шмат сьметнікаў».

Таксама ніхто не забараняе выкарыстоўваць энэргетычныя ўстаноўкі, каб выпрацоўваць электраэнэргію для сваіх патрэбаў. Хоць прадаваць такую электраэнэргію, як гэта распаўсюджана ў Нямеччыне, у нас нельга, усё больш людзей усталёўваюць на дахах і каля сваіх дамоў сонечныя панэлі й нават ветрагенэратары.

«Мы працягваем працаваць, нам ёсьць чым займацца, — кажа Нісьцюк. — Цяпер забудоўшчыкі пачынаюць выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энэргіі для сваіх патрэбаў. Тым больш у будаўніцтве ўведзеныя новыя стандарты дзеля энэргаэфэктыўных будынкаў. А без аднаўляльных крыніц энэргіі выканаць новыя патрабаваньні немагчыма.

Дзяржаўныя структуры, такія, як «Беларусьнафта» і «Беларуская чыгунка», таксама вельмі актыўна пераходзяць на аднаўляльныя крыніцы.

«Усе зразумелі, што на ўсялякі выпадак трэба мець і свае крыніцы, якія могуць дапамагчы ў цяжкіх умовах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG