Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Корпус рэактара, што ўпаў на БелАЭС, задумалі паставіць на Балтыйскай АЭС


Другі корпус рэактара для БелАЭС, ілюстрацыйнае фота

Расейская кампанія «Росатом» набудзе ў расейскага «Атомстройэкспорта» абсталяваньне для ядзернага рэактара, вырабленае для Беларускай АЭС у Астраўцы, але там ня выкарыстанае, высьветліў «Інтэрфакс».

Угода мае адбыцца ў лістапазде-сьнежні. Цана абсталяваньня складае каля 25,1 млн даляраў, зь іх каля 8,5 млн каштуе корпус ядзернага рэактара БелАЭС — той самы, што ўпаў зь неназванай вышыні і быў заменены на іншы пасьля таго, як пра гэта даведаліся СМІ (паводле афіцыйнай вэрсіі, пашкоджаньня пры гэтым не было выяўлена). Другі корпус рэактара ў час транспартаваньня стукнулі аб слуп, але замяняць ня сталі.

Пасьля продажу «Росатом» плянуе «давесьці» абсталяваньне да патрабаваньняў замарожанага праекту Балтыйскай АЭС у Нёмане Калінінградзкай вобласьці Расеі пад мяжой зь Літвой — гэта каля 90 км ад беларускіх межаў, 210 км ад Вільні і 380 км ад Менску. Праект Балтыйскай АЭС, як сьцьвярджаецца, ідэнтычны праекту БелАЭС, таму ўстаноўка «беларускага» абсталяваньня не павінна павялічыць кошт будаўніцтва.

У цяперашні час Балтыйскую АЭС не будуюць. Будаўніцтва пачалося ў 2010 годзе, але было прыпыненае ў 2013-м, годам пазьней ад плянаў на гэтую АЭС адмовіліся і вырашылі замяніць яе на электрастанцыю на прыродным газе ці вугалі. У 2016 годзе будаўніцтва станцыі вырашылі аднавіць. Першапачаткова яе плянавалі збудаваць да 2020 году, цяпер плянуюць да 2025-га.

XS
SM
MD
LG