Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве выпрацавалі плян байкоту электраэнэргіі з БелАЭС


Беларуская АЭС

Міністэрства энэргетыкі Літвы ўнесла ў парлямэнт плян захадаў дзеля блякаваньня электраэнэргіі зь Беларускай АЭС.

Гэты плян павінен абараніць Літву ад пагрозаў, якія паходзяць зь БелАЭС. Літва дамагаецца, каб будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы вялося з выкананьнем патрабаваньняў бясьпекі і міжнародных стандартаў. У зьвязку з гэтым літоўскія ўлады маюць намер абмяжоўваць каналы праходжаньня электраэнэргіі зь Беларусі і браць зь Беларусі плату за электраэнэргію, перадае DELFI.

Плянам прапануецца:

— забараніць Круоніскай гідраакумулюючай электрастанцыі прадстаўляць паслугі Беларусі;

— дамовіцца з Латвіяй і Эстоніяй пра спагнаньне платы за электраэнэргію зь Беларусі і Расеі, калі гэта ўхваліць Эўракамісія.

— да першага кварталу 2019 году дамовіцца з сумежнымі дзяржавамі пра абмежаваньні імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС;

— зьмяніць правілы выкарыстаньня электраэнэргіі, каб Круоніская гідраакумулюючая электрастанцыя не магла прадстаўляць паслугі БелАЭС.

Беларусь яшчэ ў 2015 годзе зьвярнулася да Літвы з просьбай дазволіць карыстацца паслугамі ГАЭС. Аднак Літва адказала, што такой магчымасьці няма.

Частка прапанаваных у пляне захадаў зьвязаная з сынхранізацыяй электрасыстэм балтыйскіх краін і Заходняй Эўропы. Літва мяркуе дамовіцца пра сынхранізацыю праз Польшчу ў першым квартале 2018 году.

У чэрвені літоўскі парлямэнт прыняў закон, у якім гаворыцца, што БелАЭС небясьпечная і пагражае нацыянальнай бясьпецы і экалёгіі Літвы, здароўю людзей. Гэтым прававым актам літоўскі бок абгрунтоўвае абмежаваньні на імпарт беларускай электраэнэргіі. Згодна з гэтым законам, літоўскі ўрад павінен падрыхтаваць плян абароны ад электраэнэргіі зь БелАЭС. Літва заклікала і іншыя краіны рэгіёна падтрымаць байкот электраэнэргіі зь БелАЭС.

Расейская карпарацыя «Росатом» будуе БелАЭС за 50 кілямэтраў ад Вільні. Літоўскі ўрад сьцьвярджае, што працы вядуцца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў. Менск гэтыя прэтэнзіі адкідае.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG