Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Nie pozwalam!: Літва — Беларусі, Польшча — Украіне


Саміт «Усходняга партнэрства», Брусэль, 24 лістапада 2017
Саміт «Усходняга партнэрства», Брусэль, 24 лістапада 2017

Зьнешнепалітычныя арыентацыі Беларусі і Ўкраіны — амаль супрацьлеглыя. Украіна жорстка зарыентаваная на Эўразьвяз, прагне ўступленьня ў яго. Беларусь знаходзіцца ў шчыльным саюзе з Расеяй, хаця і гатовая на пэўнае супрацоўніцтва з ЭЗ. Аднак палітыка асобных краінаў Зьвязу адносна Кіева і Менску аказваецца даволі падобнай.

Гэтае падабенства палягае ў мове ўльтыматумаў, у выкарыстаньні своеасаблівай «залатой акцыі» на рашэньні ўсяго Эўразьвязу адносіна гэтых дзьвюх краінаў-партнэраў.

Саміт «Усходняга партнэрства» у Брусэлі, які адбыўся на мінулым тыдні, няшмат абяцаў Беларусі. Адносна Беларусі не ішло размовы ані пра «дамову аб асацыяцыі»-лайт, якую падпісала на саміце Армэнія, ані пра «Усходняе партнэрства плюс» (паглыбленую праграму супрацоўніцтва), якую прынамсі абяцалі Грузіі, Малдове і Ўкраіне.

Але тым ня менш усё ж абмяркоўваўся мэмарандум аб узаемаразуменьні Беларусі і ЭЗ да 2020 году. У рамках гэтай супрацы Беларусь можа атрымаць 136 мільёнаў эўра на разнастайныя сумесныя з Эўразьвязам праекты. Ня надта амбіцыйна, невялікія грошы, але справа ўзаемавыгадная, гэта не было вялікім авансам з боку ЭЗ, не было зьменай геапалітычнага выбару з боку Беларусі. Што называецца, для падтрыманьня размовы, жэст добрай волі.

«Мы ніколі не пагодзімся на будаўніцтва АЭС у Беларусі» — гэта падыход, прынамсі ў публічнай сфэры, толькі Літвы.

Аднак дэлегацыя Літвы запатрабавала, каб мэмарандум утрымліваў дакладныя фармулёўкі з асуджэньнем будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Прэзыдэнт Даля Грыбаўскайтэ на саміце рэзка скрытыкавала будаўніцтва БелАЭС, старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск падтрымаў гэтую крытыку.

Вельмі нядвухсэнсоўна выказаў пазыцыю сваёй краіны кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус: «Мы ніколі не пагодзімся, ніколі не прымірымся з будаўніцтвам у Беларусі атамнай электрастанцыі, і я веру, што гэта агульны эўрапейскі падыход, наколькі я ведаю стаўленьне Эўрапейскай камісіі».

Як казаў герой мініатуры Жванецкага, «хацелася б паслухаць начальніка транспартнага цэху». Ніякіх падобных публічных заяваў Эўракамісія, здаецца, не рабіла. Спадар Туск крытычна выказаўся наконт будаўніцтва БелАЭС, аднак ён ня ставіў пытаньне рубам: альбо працяг будаўніцтва АЭС альбо мэмарандум. Лідэры іншых краінаў Зьвязу наагул не выказваліся на тэму станцыі ў Астраўцы. «Мы ніколі не пагодзімся на будаўніцтва АЭС у Беларусі» — гэта падыход, прынамсі ў публічнай сфэры, толькі Літвы.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў журналістам, што «ня бачыць ніякіх перашкодаў з боку Літвы». Ну, можа грозныя заявы літоўскіх лідэраў і праўда больш гульня на публіку. Аднак факт навідавоку — мэмарандум не падпісаны. Так што, магчыма, што наадварот заява Макея — добрая міна пры кепскай гульні, нежаданьне яшчэ больш сварыцца зь Літвой, канстатаваць, што адна краіна здолела заблякаваць рашэньне ўсяго Эўразьвязу.

Пазыцыя Літвы адносна БелАЭС вельмі нагадвае пазыцыі Польшчы і Вугоршчыны адносна Ўкраіны ў сувязі з новым украінскім законам аб адукацыі.

Пазыцыя Літвы адносна БелАЭС вельмі нагадвае пазыцыі Польшчы і Вугоршчыны адносна Ўкраіны ў сувязі з новым украінскім законам аб адукацыі. Абедзьве дзяржавы ЭЗ лічаць, што ўкраінскі закон дыскрымінуе адпаведна польскую і вугорскую меншасьці ва Ўкраіне, Польшча таксама рашуча асуджае глярыфікацыю ва Ўкраіне дзеячоў УПА. Вугоршчына заявіла, што заблякуе любое паглыбленьне інтэграцыі Ўкраіны з ЭЗ, міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі сказаў, што «Украіна з Бандэрай ня ўвойдзе ў Эўропу», Варшава абвясьціла аб увядзеньні візавых санкцыяў супраць украінскіх чыноўнікаў і грамадзскіх дзеячаў, якія маюць «антыпольскія погляды». Ёсьць ужо прынамсі адзін прэцэдэнт, калі ўкраінскага чыноўніка не пусьцілі ў Польшчу.

Літва мае поўнае права быць незадаволенай праектам БелАЭС, як і Польшча — асобнымі аспэктамі палітыкі Ўкраіны. Але раней неяк прынцыпам дзейнасьці Эўразьвязу быў кампраміс, кансэнсус.

У постсавецкіх людзей з адпаведнай палітычнай культурай заўсёды выклікала зьдзіўленьне, як там прымаюць рашэньні, калі няма «старшога», «старэйшага брата», але няма і клясычнай дэмакратычнай працэдуры, калі рашэньне прымае нейкая большасьць. Гэта вельмі далікатны мэханізм, выпрацаваны доўгімі гадамі, досьведам кампрамісаў. Зразумела, ня ўсё ў ЭЗ так ужо ідылічна, роля, вага такіх грандаў, як Нямеччына і Францыя, значна большая, чым іншых. Але гэтая вага — у дыялёгу, у палітычным гандлі, у інтрыгах, калі заўгодна, але не заўсёды ў фармальным галасаваньні і пагатоў не ў прамых загадах.

Так было. А цяпер... Ну ня тое што зусім сплыло, але апісаныя вышэй крокі Літвы адносна Беларусі і Польшчы — адносна Ўкраіны, сьведчаньне таго, што мэханізм прыняцьця рашэньняў у ЭЗ неяк разладзіўся.

Выгукнуў адзін пасол у Сэйме «Nie pozwalam!» — і рашэньне не прымаецца.

Дарэчы, выпадкова ці не, але цікава, што абодва дэмаршы ўчынілі дзяржавы, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, у парлямэнце якога дзейнічаў прынцып liberum veto. Выгукнуў адзін пасол у Сэйме «Nie pozwalam!» — і рашэньне не прымаецца.

Варта сказаць, што не Літва і Польшча заснавалі, усталявалі працэдуру прыняцьця рашэньняў у ЭЗ, якая дазваляе рабіць такія дэмаршы. Яна такой была і раней, усё законна, яны нічога не парушаюць.

Напэўна, рэч у тым, што раней ЭЗ складалі дзяржавы з большай схільнасьцю і здольнасьцю да дыялёгу, да кампрамісаў. І ён заўсёды знаходзіўся. Можа знойдзецца і зараз. І раней у ЭЗ бывалі і скандалы, і ўльтыматумы. Вось не хацеў дэ Голь, каб Вялікабрытанія стала чальцом тады яшчэ Эўрапейскай супольнасьці, дык і ня стала, пакуль ён быў прэзыдэнтам.

У пэўным сэнсе любы кампраміс — гэта вынік працэсу, які пачынаецца з пазыцыяў запыту. Але ў пазыцыях Вільні і Варшавы адносна Менску і Кіеву бянтэжыць найперш тон — «мы не дазволім».

Прычым, для Ўкраіны сытуацыя выглядае больш кепскай, чым для Беларусь. Афіцыйны Менск і сам зарыентаваны на вельмі павольнае, вельмі асьцярожнае збліжэньне з ЭЗ. Формы гэтага збліжэньня прынамсі пакуль зусім не крытычныя. Тыя ж 136 мільёнаў эўра, якія Беларусь можа атрымаць ад ЭЗ — сума значна меншая, чым тыя грошы, якія Беларусь атрымлівае ад Расеі. Калі ўмовы атрыманьня гэтых 136 мільёнаў эўра вызначае фактычна адзін з 27 чальцоў Зьвязу і астатнія гэта прымаюць — баюся, што скрайняя асьцярожнасьць Менску павялічыцца яшчэ больш. АЭС, нагадаю, каштуе 10 мільярдаў даляраў. Гэта проста несувымерныя сумы, тым больш што заплаціць за адмову ад АЭС Беларусі ніхто не зьбіраецца.

Калі ўмовы эўраінтэграцыі Ўкраіны давядзецца ўзгадняць з кожнай краінай Зьвязу, згода ўяўляецца надзвычай складанай.

Украіна ж выбрала эўрапейскі шлях. Ну а калі ключы ад брамы на гэтым шляху ў кішэні Варшавы (як і кожнай іншай краіны Зьвязу), то рух па тым шляху будзе як мінімум значна больш складаным, чым некаму ўяўляецца. Да Ўкраіны ёсьць нямала пажаданьняў ад Эўразьвязу як цэлага. Ну а калі ўмовы эўраінтэграцыі Ўкраіны давядзецца ўзгадняць з кожнай краінай Зьвязу, згода ўяўляецца надзвычай складанай.

Брэксіт быў вострым крызісам ЭЗ, у тым ліку і крызісам прыняцьця рашэньняў у ім. Прыгаданыя дэмаршы Вільні, Варшавы і Будапэшту — іншы бок таго ж крызісу. Лёндан не захацеў падпарадкоўвацца агульным правілам, названыя сталіцы хочуць аднаасобна вызначаць гэтыя правілы.

Зразумела, не беларусам вызначаць, па якіх правілах жыць Эўрапейскаму Зьвязу. Але і беларусы, колішнія жыхары Рэчы Паспалітай, могуць прыгадаць, што панаваньне liberum veto даволі кепска скончылася для таго вялікага эўрапейскага зьвязу дзяржаваў.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG