Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія МВФ зноў наведае Беларусь у чэрвені. Наўрад ці дзеля размоваў пра крэдыт


Ілюстрацыйнае фота

У чэрвені 2018 году Беларусь наведае плянавая місія Міжнароднага валютнага фонду, піша БЕЛТА са спасылкай на прадстаўніка Нацыянальнага банку Беларусі Дзьмітрыя Калечыца.

Яшчэ адна плянавая місія мае прыехаць увосені 2018 году. Нацбанк таксама паабяцаў у чэрвені плянава вярнуцца да перагляду стаўкі рэфінансаваньня і прымаць «неабходныя меры» для ўтрыманьня гадавой інфляцыі ў межах 6%.

Мінулы раз місія МВФ прыяжджала ў Беларусь у кастрычніку 2017 году ў межах штогадовых кансультацыяў аб сытуацыі ў беларускай эканоміцы. Тады нават не плянавалася абмяркоўваць новы крэдыт: былі (і, верагодна, застаюцца сёньня) разыходжаньні ў пазыцыях.

Міністар ЖКГ прапанаваў браць меншую плату за брудную ваду

Як казаў старшыня Нацбанку Беларусі, гэтыя разыходжаньні, у прыватнасьці, датычаць тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Мінфін Беларусі тлумачыў, што ў МВФ новы крэдыт ня просяць не таму, што ён у прынцыпе не патрэбен: падрыхтоўка крэдытнай праграмы «фактычна гатовая і перамовы пра яе завершаныя», але цяпер гэтыя разыходжаньні Беларусь і МВФ будуць збліжаць паасобку, «кожны ў сваёй частцы».

МВФ паведаміў аб прыпыненьні перамоваў зь Беларусьсю наконт новага крэдыту 20 ліпеня 2017 году. Фонд чакае «неабходных зьменаў на высокім узроўні» ў пытаньнях беларускай камунальнай гаспадаркі і беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.

Тыдзень таму МВФ палепшыў прагноз для Беларусі: калі раней МВФ прагназаваў толькі невялікі рост ВУП у 2018 годзе, усяго на 0,7%, то цяпер прагноз большы: 2,8% у 2018 годзе, 2,4% у 2019-м. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер — ня большай за 6%.

Урад Беларусі мае аптымістычны і кансэрватыўны сцэнары для эканомікі Беларусі ў 2018 годзе. Паводле кансэрватыўнага сцэнару, чакаецца рост ВУП на 1,1–1,2%, паводле аптымістычнага — на 3,4%. Аляксандар Лукашэнка на 2018 год паставіў задачу дасягнуць росту ВУП на 3,5%. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ўпаў на 3,8% у 2015 годзе, затым у 2016-м упаў на 2,6%, але ад сакавіка 2017-га спыніў падзеньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG