Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ палепшыў прагноз для Беларусі: рост ВУП на 2018 год ужо не 0,7%, а 2,8%


Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты Міжнароднага валютнага фонду апублікавалі чарговы агляд «Пэрспэктывы сусьветнай эканомікі», у якім адзначаюць узмацненьне эканамічнага росту ў сярэднім па плянэце, якое зьвязваюць з аднаўленьнем аб’ёмаў інвэстыцыяў у высокаразьвітых краінах, моцным ростам у азіяцкіх эканоміках і прыкметным уздымам эканомік асобных краінаў Эўропы. На бягучы і наступны гады МВФ прагназуе рост сусьветнай эканомікі на 3,9%.

Прагноз па Беларусі адчувальна палепшыўся: калі раней МВФ прагназаваў толькі невялікі рост ВУП у 2018 годзе, усяго на 0,7%, то цяпер прагноз больш адчувальны: 2,8% у 2018 годзе, 2,4% у 2019-м. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер — ня большай за 6%.

Урад Беларусі мае аптымістычны і кансэрватыўны сцэнары для эканомікі Беларусі ў 2018 годзе. Паводле кансэрватыўнага сцэнару, чакаецца рост ВУП на 1,1–1,2%, паводле аптымістычнага — на 3,4%. Аляксандар Лукашэнка на 2018 год паставіў задачу дасягнуць росту ВУП на 3,5%.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ўпаў на 3,8% у 2015 годзе, затым у 2016-м упаў на 2,6%, але ад сакавіка 2017-га спыніў падзеньне — у выніку ў 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,4%. На пачатку 2018 году рост працягнуўся: ВУП Беларусі вырас на 5,6% за студзень-люты 2018 году да аналягічнага пэрыяду летась (навейшых зьвестак на момант публікацыі няма).

Чаму палепшыўся прагноз. Тлумачыць Чалы

Эканаміст Сяргей Чалы кажа Свабодзе, што ня можа назваць нейкіх рашэньняў ці дзеяньняў беларускіх уладаў, якія паўплывалі б на цяперашняе паляпшэньне прагнозу МВФ. Паводле яго, «ёсьць добрыя рашэньні, якія пакуль не пасьпелі спрацаваць», як дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва».

Але Чалы ня лічыць, што паляпшэньне прагнозаў МВФ памылковае — яно зьвязанае з паляпшэньнем вонкавых парамэтраў кшталту цэнаў на калійныя ўгнаеньні і нафту, рост эканомікі гандлёвых партнэраў Беларусі.

«Гэта рэакцыя на аб’ектыўную рэальнасьць, — кажа Чалы пра новыя лічбы ад МВФ. — Я думаю нават, што рост будзе большым за той, які яны прагназуюць. Проста папярэдні прагноз у іх быў надта пэсымістычны: ён разьлічваўся пры іншых парамэтрах, пры іншых цэнах на нафту, іншых парамэтрах росту сусьветнай эканомікі, іншым стане замежных рынкаў. Думаю, рост недзе ў раёне 2,5–3% — гэта цалкам нармальны прагноз».

Але ў тым, што інфляцыя ў Беларусі можа ўтрымацца ў межах 6% на год, Чалы сумняваецца, кажа: «Можна пастарацца, але гэта будзе няпроста». Паводле яго, на тэмпы інфляцыі вялікі ціск маюць рэгуляваныя цэны, а яны маюць падвышацца.

Эканаміст мяркуе, хутка будуць падвышацца цэны на паслугі ЖКГ і транспарту, на паліва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG