Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія МВФ прыехала ў Беларусь. Яна ня дасьць крэдыту, ды ў яе ўжо і ня просяць


Ілюстрацыйнае фота

Ад 26 кастрычніка ў Менску пачынае працу місія Міжнароднага валютнага фонду на чале зь Пітэрам Долманам. Працаваць яна будзе па 10 кастрычніка ў межах штогадовых кансультацыяў аб сытуацыі ў беларускай эканоміцы.

Беларусь і МВФ пакуль не плянуюць абмяркоўваць новы крэдыт: ёсьць разыходжаньні ў пазыцыях. Як казаў старшыня Нацбанку Беларусі, гэтыя разыходжаньні, у прыватнасьці, датычаць тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі.

«Думаю, што мы ў краіне павінны вызначыцца, як будзем рухацца ў тых ці іншых кірунках рэфармаваньня эканомікі, а потым ужо вяртацца да пытаньня падтрымкі з боку міжнародных арганізацый, — казаў Павал Калавур на мінулым тыдні. — Мы павінны адказаць на шэраг пытаньняў, уключаючы пытаньне фіскальных рызыкаў: як мы будзем імі кіраваць, як іх ацэнім. Гэта вельмі няпростая праца, але яе трэба зрабіць унутры краіны».

Мінфін Беларусі тлумачыў, што ў МВФ новы крэдыт ня просяць не таму, што ён у прынцыпе не патрэбен: падрыхтоўка крэдытнай праграмы «фактычна гатовая і перамовы пра яе завершаныя», але цяпер гэтыя разыходжаньні Беларусь і МВФ будуць збліжаць паасобку, «кожны ў сваёй частцы».

МВФ паведаміў аб прыпыненьні перамоваў зь Беларусьсю наконт новага крэдыту 20 ліпеня. Фонд чакае «неабходных зьменаў на высокім узроўні» ў пытаньнях беларускай камунальнай гаспадаркі і беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.

У кастрычніку МВФ палепшыў прагноз для беларускай эканомікі. Калі раней МВФ прагназаваў Беларусі падзеньне ВУП у 2017 годзе на 0,8% і ў 2018-м рост на 0,6%, то цяпер чакае рост ВУП на 0,7% і ў 2017-м, і ў 2018 годзе. Інфляцыю ў Беларусі МВФ чакае ня большай за 8% за 2017 год і ня большай за 7,5% за 2018-ы. Раней МВФ прагназаваў на 2017 год інфляцыю 10%.

Урад Беларусі мае аптымістычны і кансэрватыўны сцэнары для эканомікі Беларусі ў 2018 годзе. Але нават кансэрватыўны — даволі аптымістычны ў параўнаньні з прагнозам МВФ. Паводле кансэрватыўнага сцэнару, чакаецца рост ВУП на 1,1–1,2%, паводле аптымістычнага — на 3,4%. Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі Беларусі верыць у магчымасьць зьнізіць інфляцыю да 7%, а то і да 5%.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG