Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея падлічыла запазычанасьць Беларусі: 6,5 мільярда даляраў дзяржаўных крэдытаў цяпер і 15 млрд — патэнцыйна


Дзьмітрый Мядзьведзеў, архіўнае фота

Паводле зьвестак, падрыхтаваных для ўдзелу расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева ў паседжаньні Эўразійскай міжурадавай рады, запазычанасьць Беларусі перад Расеяй па дзяржаўных крэдытах склала на пачатак кастрычніка 6,2 млрд даляраў і 59,9 млрд расейскіх рублёў — сумарна каля 6,5 млрд даляраў, піша РИА Новости.

Пры гэтым пратэрмінаваных абавязаньняў у Беларусі перад Расеяй няма.

Таксама ў Беларусі, які піша «РИА Новости», ёсьць восем міжурадавых пагадненьняў з Расеяй на выдачу крэдытаў (у тым ліку крэдыт на БелАЭС) на суму больш як 15 млрд даляраў. На думку эканаміста Сяргея Чалага, маюцца на ўвазе дамовы на крэдыты, па якіх яшчэ не пераведзеныя або ня цалкам пераведзеныя грошы.

Беларускі эканаміст, былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа Свабодзе, што пра 6,5 млрд запазычанасьці па дзяржаўных крэдытах ці падобных зьвестак раней ня бачыў.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Былі неаднаразовыя заявы міністра фінансаў Беларусі пра канкрэтную запазычанасьць перад Расеяй, перад фондам ЭўрАзЭС — такіх сумаў там няма, — сумняваецца Багданкевіч. — А агульная вонкавая запазычанасьць вядомая, 15 млрд. Даволі буйная, але не надзвычайная для Беларусі, краіна далёкая ад дэфолту.

Запазычанасьць як запазычанасьць. Беларусь выплочвае, атрымліваючы новы крэдыт, каб пагасіць стары, ідзе рэфінансаваньне запазычанасьцяў. Золатавалютныя рэзэрвы ўжо вырасьлі з 5 млрд да больш як 7 млрд — яны ствараюцца з дапамогай замежных пазык. Запазычанасьці растуць, рэзэрвы павялічваюцца, але гэта ня сьведчыць аб тым, што справы пагаршаюцца на валютна-фінансавым рынку».

Паводле Міністэрства фінансаў Беларусі, сумарная дзяржаўная запазычанасьць на 1 верасьня складала 39,61 млрд рублёў — звыш 20 млрд даляраў (з гэтага вонкавая запазычанасьць — 15,652 млрд даляраў). Пры гэтым нагрузка па запазычанасьці паступова расьце, цяпер складае 39,3% ВУП. На абслугоўваньне запазычанасьці ідзе каля 10% выдаткаў дзяржаўнага бюджэту, таму даводзіцца скарачаць сацыяльныя выдаткі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG