Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы магілёўцаў стаялі ў чарзе да мошчаў сьвятой, якая нібыта прадказала Сталіну перамогу ў вайне


Абраз сьвятой Матроны Маскоўскай
Абраз сьвятой Матроны Маскоўскай

У Магілёў прывезьлі мошчы сьвятой Матроны Маскоўскай. Праваслаўныя вернікі са спадзевам на цуд для сябе і крэўных выстойвалі гадзіны ў чэргах, каб пакланіцца каўчэгу з мошчамі сьвятой ды дакрануцца да яе абраза. У храмы, дзе выстаўляліся рэліквіі, многія ішлі зь дзецьмі.

23 кастрычніка мошчы сьвятой Матроны і яе абраз з Спаса-Праабражэнскага сабору перавезьлі ў Падмікольскі жаночы манастыр. Ад ранку каля маанастыра сталі зьбірацца вернікі. Некаторыя тры гадзіны чакалі, пакуль прывязуць каўчэг з мошчамі сьвятой.

«Пры жыцьці яна мела дар вылечваньня, — сказала адна зь верніц. — Людзям дапамагала. Нікому не адмаўляла. Буду прасіць у яе здароўя, спрыяньня ў справах сабе і сваім дзецям».

Пра жыцьцё Матроны Ніканавай вядома з кнігі «Сказание о житии блаженной старицы Матроны». Яе напісала Зінаіда Жданава. Разам з маці яны жыла нейкі час у адным пакоі з Матронай.

У кнізе расказваецца: калі паўстала пагроза, што нацысты могуць узяць Маскву, да Матроны нібыта прыйшоў Сталін, і яна прадказала яму перамогу. Доказаў сустрэчы Сталіна з Матронай Ніканавай ня знойдзена.

Япіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Сафроній уносіць у манастыр каўчэг з мошчамі сьвятой Матроны Маскоўскай
Япіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Сафроній уносіць у манастыр каўчэг з мошчамі сьвятой Матроны Маскоўскай

У 1993 годзе кнігу вялікім накладам выдаў Нова-Галутвінскі жаночы манастыр у Каломне. Царкоўныя дзеячы, аднак, скрытыкавалі яе. У Пакроўскім манастыры ў Маскве, куды перанесены Матроніны мошчы, кніга вынята з продажу. Адмысловая сынадальная камісія склала кананічны тэкст жыцьця сьвятой Матроны, прыбраўшы зьвесткі, якія не адпавядалі афіцыйнаму багаслоўю.

Ад нараджэньня Матрона Ніканава была невідушчай. За набожнасьць яе перасьледавала савецкая ўлада. Матрону ня раз меліся арыштаваць, але яна пазьбягала няволі.

У 1999 годзе Матрону Ніканаву кананізавалі як мясцовую сьвятую Маскоўскай эпархіі, а празь пяць год адбылася агульнацаркоўная кананізацыя. Сьвятая Матрона Маскоўская лічыцца адной з самых шанаваных сьвятых у Расеі.

Ад наведнікаў Падмікольскага манастыра пра жыцьцё Матроны Ніканавай карэспандэнту Свабоды мала што ўдалася пачуць.

Магілёўцы ў чаканьні мошчаў сьвятой Матроны
Магілёўцы ў чаканьні мошчаў сьвятой Матроны

«У мяне не было сумневу, ісьці ці не ісьці, бо я веруючая, — казала журналісту наведніца манастыра. — Сьвятая Матрона — апякунка сямʼі. Разам з сынам прыйшла да яе. Для мяне дастаткова таго, што Матрона — сьвятая, а пра тое, як яна стала ёю, мне ня дужа цікава».

Манахіні казалі, што сьвятая Матрона пры жыцьці вызначалася надзвычайнай набожнасьцю.

«Яе лёс быў пакутлівы, але яна пакорліва пераносіла цяжкасьці, якія ёй выпадалі», — казала адна з манахіняў.

Вернікі ў манастыры чакалі мошчы сьвятой больш за дзьве гадзіны
Вернікі ў манастыры чакалі мошчы сьвятой больш за дзьве гадзіны

«Яна ўсіх любіла, але была гнаная. Шмат давялося ёй перажыць, аднак на свой лёс не наракала. Таму Гасподзь яе зь любоўю і прыняў. Наш манастыр дужа чакаў сёньняшняй падзеі, і мы дзякуем Богу, што сьвятая да нас завітала».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG