Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску 54 гады таму схавалі касьцёл. Цяпер ня могуць адшукаць, хто ўладальнік будынка


Касьцёл у Бабруйску
Касьцёл у Бабруйску

У Бабруйску вернікі патрабуюць зьнесьці пяціпавярховік, які прыбудавалі некалі да касьцёла, зруйнаваўшы ягоны фасад. Каталікі настойваюць, што дакумэнтацыі, якая пацьвярджала б законнасьць узьвядзеньня і ўводу ў эксплюатацыю прыбудовы, няма, а значыць, гэта было зроблена ў 1963 годзе незаконна.

Не дамогшыся пэўнага адказу ад мясцовай улады, вернікі зьвярнуліся ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб тая дала рады праблеме. Ім адпісалі з Магілёўскага аблвыканкаму.

Аблвыканкам: Будынак касьцёла безгаспадарны

З адказу вынікае, што ні аблвыканкам, ні адміністрацыя кіраўніка дзяржавы ня ведаюць, як вырашыць пытаньне, і чакаюць прапановаў ад вернікаў.

Чыноўнікі прызналі, што ў іх няма зьвестак, каму належыць будынак касьцёла. У той жа час сама прыбудова, па іх зьвестках, знаходзіцца на балянсе акцыянэрнага таварыства «БабруйскБудКамплект». А яно лічыцца банкрутам, і ягонай маёмасьцю распараджаецца антыкрызісны кіраўнік.

У лісьце з аблвыканкаму гаворыцца, што 16 кастрычніка 1989 году Бабруйскі гарсавет пастанавіў бязвыплатна перадаць частку будынка, у якім касьцёл, вернікам, і праз год такую дамову падпісалі. Аднак, адзначаецца ў допісе, зьдзелак з будынкам за прамінулы час не было, бо не ўдавалася адшукаць яго ранейшага ўладальніка. У лісьце маёмасьць называецца безгаспадарнай. Вернікаў запэўніваюць, што адпаведным службам дадзенае заданьне абсьледаваць аб’ект нерухомасьці і аформіць яго адпаведным чынам. Што далей будзе з будынкам касьцёла, якому знойдуць гаспадара, у лісьце не гаворыцца.

Вернікі: хіба ўлада прызнае свае памылкі?!

Што рабіць далей, абаронцы касьцёла, якія сабралі пад сваім зваротам у адміністрацыю прэзыдэнта 500 подпісаў, ня ведаюць.

«Нашаму цяперашняму ксяндзу проста не пашанцавала, бо праблемай з прыбудовай варта было займацца на пачатку 1990-х гадоў, калі гарсавет перадаў будынак парафіі», — кажа адна з актыўных верніц.

«Цяпер дужа цяжка ў такой блытанай сытуацыі дамагчыся справядлівасьці, — кажа яна. — Вернікі непакояцца, каб не было праблемаў у сьвятара, што ён нібыта актуалізаваў праблему. Зразумела, што ўлада не прызнае, што парушыла інтарэсы вернікаў, калі адбывалася прыватызацыя арганізацыі, якой была перададзеная прыбудова да касьцёла».

Да пачатку 1990-х гадоў у будынку касьцёла быў клюб домабудаўнічага камбінату.

Ксёндз: без удзелу вышэйшых чыноўнікаў справа з касьцёлам ня зрушыцца

Прыбудова, якая належыць збанкрутаванаму будаўнічаму таварыству, у занядбаным стане, і яе зьбіраюцца прадаваць. У ёй адключылі ваду, каналізацыю ды ацяпленьне.

Каб трапіць у касьцёл, спачатку трэба зайсьці ў прыбудову, а зь яе ўжо ў сам храм. Сьвятыня ня мае ахоўнага статусу, і тым цяжэй вярнуць ёй гістарычнае аблічча, за што вернікі змагаюцца больш як два дзясяткі гадоў.

«Касьцёл Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі — адзіны ў горадзе і раёне нэагатычнай архітэктуры, яму больш за сто гадоў, — пісалі ў адміністрацыю Лукашэнкі бабруйскія каталікі. — Касьцёл мог бы стаць каштоўным турыстычным аб’ектам, калі б быў адноўлены. Гэта асабліва актуальна сёлета, калі Бабруйск атрымаў статус культурнай сталіцы Рэспублікі Беларусь».

Ксёндз касьцёла Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі Андрэй Яркавец падтрымлівае намаганьні вернікаў. Ён спадзяецца, што пытаньне, узьнятае вернікамі, можа быць пазытыўна вырашанае. Але заўважае, што без удзелу вышэйшых чыноўнікаў справа ня зрушыцца.

«Пішыце Лукашэнку». Каталікі намагаюцца вярнуць бабруйскаму касьцёлу гістарычнае аблічча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG