Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пішыце Лукашэнку». Каталікі намагаюцца вярнуць бабруйскаму касьцёлу гістарычнае аблічча


Бабруйскі касьцёл. Ззаду — прыбудова да храма
Бабруйскі касьцёл. Ззаду — прыбудова да храма

У Бабруйску вернікі патрабуюць зьнесьці пяціпавярховік, які прыбудавалі да касьцёла, зруйнаваўшы ягоны фасад. Каталікі сабралі 500 подпісаў пад зваротам да мясцовай улады, каб вырашыць пытаньне, аднак пераканаліся, што гарвыканкам ня здольны на гэта. Тады яны зьвярнуліся са сваім клопатам да Лукашэнкі.

Зьнішчылі вежу са званіцай

«Касьцёл Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі — адзіны ў горадзе і раёне нэагатычнай архітэктуры, яму болей за сто гадоў. Касьцёл мог бы стаць каштоўным турыстычным аб’ектам, калі б быў адноўлены. Гэта асабліва актуальна сёлета, калі Бабруйск атрымаў статус культурнай сталіцы Рэспублікі Беларусь».

З вуліцы Кастрычніцкай будынак касьцёла закрывае тыповы пяціпавярховік. Яго ўзьвёў мясцовы будаўнічы трэст на пачатку 1960-х гадоў, зруйнаваўшы вежу са званіцай. Ацалелую частку храма будаўнічая арганізацыя на працягу трох дзясяткаў гадоў выкарыстоўвала пад свой дом культуры.

Касьцёл з прыбудовай
Касьцёл з прыбудовай

16 кастрычніка 1989 году гарсавет перадаў храм ва ўласнасьць вернікам. Пяціпавярховік жа застаўся ва ўласнасьці будаўнічага трэсту. Каталікі высьветлілі і даводзяць Лукашэнку, што дакумэнтацыі, якая пацьвярджала б законнасьць узьвядзеньня і ўвод у эксплюатацыю прыбудовы адсутнічае.

У 2012 годзе будаўнічы трэст акцыянавалі, зьмяніўшы назву на «БабруйскБудКамплект». Сто працэнтаў акцый належаць дзяржаве. Пяціпавярховую будыніну, разам з касьцёлам, будаўнікі прыватызавалі. Вернікі настойваюць: прыватызацыя адбылася незаконна і бязь іх ведама. Цяпер будаўнічая арганізацыя ў стадыі банкруцтва. У пяціпавярховіку адключаныя водазабесьпячэньне, каналізацыя ды ацяпленьне. Яго зьбіраюцца выстаўляць на продаж. У 2015 годзе называлася сума, якую чакалі атрымаць ад пагадненьня — 8 мільярдаў рублёў.

Зьвяртайцеся ў суд

«Пытаньне далейшага выкарыстаньня аб’екта не ўваходзіць у кампэтэнцыю Бабруйскага гарвыканкаму», — адпісалі чыноўнікі вернікам на іхны зварот.

«У пытаньні нібыта незаконнай прыватызацыі адміністрацыйнага пяціпавярховага будынка акцыянэрнага таварыства „БабруйскБудКамплект“ рэлігійная арганізацыя альбо іншая ўпаўнаважаная асоба мае права зьвярнуцца ў суд», — давялі службоўцы каталікам пазыцыю гарвыканкаму.

Вернікі на набажэнстве не ля касьцёла, а ля адміністрацыйнага будынка
Вернікі на набажэнстве не ля касьцёла, а ля адміністрацыйнага будынка

Высьветліць, ці зьмянілася пазыцыя чыноўнікаў, не атрымалася. Ніводзін, каму ўдалося дазваніцца, не наважыўся яе агучваць. У «БабруйскБудКамплекце» параілі пагутарыць з дырэктарам, але ён на тэлефанаваньні не адказваў.

Магчымасьць зьвярнуцца ў суд вернікі не адкідаюць, але вырашылі зьвярнуцца да кіраўніка дзяржавы.

«У гарвыканкаме нам проста сказалі: „Зьвяртайцеся да прэзыдэнта“. Мы так і зрабілі. Адказу пакуль няма. Трэба яго дачакацца, каб вызначыцца з далейшымі нашымі дзеяньнямі. Наш зварот да кіраўніка дзяржавы — як наш крык душы», — адзначыла ў інтэрвію Свабодзе адна з актыўных верніц Натальля Волах.

Так нішчылі сьвятыню
Так нішчылі сьвятыню

«Калі пяціпавярховы будынак будзе выстаўлены на продаж і яго набудуць, то няясна, што будзе далей. Вернікі за тое, каб зьнесьці гэты будынак, — кажа Натальля. — Нам прапанавалі яго выкупіць, а нашто нам яго выкупляць — мы ж за тое, каб яго прыбралі. Ёсьць дакумэнт гарсавету, паводле якога дом гэты меліся прыбраць за кошт гарадзкога бюджэту, але тая пастанова ад 1989 году не выконваецца. Нявысьветленым застаецца пытаньне, як і хто дазваляў прыватызаваць дом. Ёсьць вернікі, гатовыя судзіцца, каб сытуацыя праясьнілася».

Ня ўсё страчана

Каб трапіць у касьцёл, спачатку трэба зайсьці ў прыбудову, а зь яе ўжо ў сам храм. Сьвятыня ня мае ахоўнага статусу, што ўскладняе сытуацыю ў пытаньні вяртаньня ёй гістарычнага аблічча.

Ксёндз касьцёла Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі Андрэй Яркавец падтрымлівае намаганьні вернікаў. Ён кажа, што спробам вярнуць гістарычнае аблічча храм больш за два дзясяткі гадоў.

Хрэсны ход і вакол сьвятыні, і вакол прыбудовы
Хрэсны ход і вакол сьвятыні, і вакол прыбудовы

«Былі зьмястоўныя звароты, і мы вырашылі, што насьпеў час зноў вярнуцца да гэтай тэмы, пагатоў будаўнічая арганізацыя, якая знаходзіцца ў пяціпавярховым будынку, праходзіць працэдуру банкруцтва, і што далей зь ім будзе нам, зразумела, неабыякава», — адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды айцец Андрэй.

Суразмоўца лічыць, што пытаньне, узьнятае вернікамі, можа быць пазытыўна вырашанае. Разам з тым, заўважае ён, без удзелу вышэйшых чыноўнікаў справа ня зрушыцца.

«Нашы намаганьні абмежаваныя, але я адчуваю ўпэўненасьць людзей, якія кажуць, што столькі гадоў за гэта маліліся, — адзначае сьвятар. — Гэты ж год сымбалічны — сто гадоў аб’яўленьня Маці Божай у Фаціме. І гэта таксама натхняе людзей. Я бачу іхную руплівасьць, вартую малітваў і падтрымкі надзеі. Калі ў сьвятара ня будзе надзеі, дык у каго яна застанецца? Мяне цешыць, што людзі адгукаюцца і не глядзяць на сьвятара, у якім кірунку ён што будзе рабіць».

Паводле айца Андрэя, подпісы пад зваротам за вяртаньне сьвятыні гістарычнага аблічча ставілі ня толькі вернікі, але і звычайныя гараджане:

«Калі ў мясцовым друку зьяўляецца будынак касьцёла, які ён быў гістарычна, то многія кажуць, што гэта ў Бабруйску такая пэрліна была, дык чаму яе не адкрыць. Гэта таксама надае аптымізму, што ня ўсё яшчэ страчана».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG