Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за стагодзьдзе ў Віцебску адкрылі новую сынагогу


Адкрыцьцё новай сынагогі

Упершыню за 100 гадоў у Віцебску адкрылася новая сынагога. Будынак, дзе апошнія 25 гадоў маліліся віцебскія габрэі, быў звычайным жылым домам, які ня мог выконваць усіх належных функцыяў.

Каля будынку, дзе віцебскія юдэі маліліся раней
Каля будынку, дзе віцебскія юдэі маліліся раней

Рэпэтыцыя
Рэпэтыцыя

Таму патрэба ў новым, спэцыялізаваным будынку была вельмі вострая, кажа кіраўнік віцебскай юдэйскай рэлігійнай грамады Леанід Томчын:

Выступае Леанід Томчын
Выступае Леанід Томчын

«У Віцебску на пачатку мінулага стагодзьдзя габрэі складалі больш за палову насельніцтва, 100 гадоў таму тут функцыянавалі 64 сынагогі. Сёньня ў нашай грамадзе каля 50 чалавек, але на адкрыцьцё прыйшло значна больш людзей. Я спадзяюся, што новая сынагога стане цэнтрам гарадзкога габрэйскага жыцьця. Цяпер у нас зьявіліся больш шырокія магчымасьці ня толькі для таго, каб маліцца ў традыцыях продкаў — у новым будынку прадугледжаныя і навучальныя клясы, і пакоі для гасьцей. Мы плянуем старыць тут і музэй габрэйскага побыту. Пры тым мы не адмаўляемся і ад старога нашага будынку: цяпер мы займелі цэлы комплекс, які змогуць наведваць усе ахвотныя».

Ад старой сынагогі — да новай
Ад старой сынагогі — да новай

Старэйшае пакаленьне ідзе да маладога
Старэйшае пакаленьне ідзе да маладога

Цырымонія адкрыцьця пачалася з сымбалічнага шэсьця ад старога будынка да новага. Мужчыны сталага веку, паклаўшы рукі адзін аднаму на плечы, прайшлі да новай сынагогі, і тут да іх далучыліся хлопчыкі — як увасабленьне пераемнасьці традыцыі. Усім гасьцям і мінакам уручалі паветраныя шарыкі, якія потым паляцелі ў неба.

Скрыпачы
Скрыпачы
Пераемнасьць традыцый
Пераемнасьць традыцый

На адкрыцьцё запрасілі прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацый з Расеі і іншых краін. Прысутнічалі сьвятары праваслаўнай і каталіцкай канфэсій. Ад імя мясцовых уладаў віцебскіх вернікаў-юдэяў павіншаваў дарадца старшыні аблвыканкаму Міхаіл Даніленка.

Сярод гасьцей — біскуп віцебскі Алег Буткевіч
Сярод гасьцей — біскуп віцебскі Алег Буткевіч

Мэзуза
Мэзуза

Афіцыйная частка каля брамы новай сынагогі была нядоўгая. Пасьля кароткіх прамоваў урачыста перарэзалі чырвоную стужку і ўсіх запрасілі ўсярэдзіну. Ганаровыя госьці прымацавалі пры дзьвярах мэзузы — фрагмэнты адмысловай малітвы, запісаныя на пэргамэнце і схаваныя ў дэкаратыўныя футаралы. Хто ўваходзіць у сынагогу, дакранаецца да мэзузы на знак пашаны.

На ўваходзе ў сынагогу
На ўваходзе ў сынагогу

Музыкі
Музыкі

Усе наведнікі маглі пераканацца, што новая сынагога ня толькі знадворку вылучаецца незвычайным дызайнам. Унутры таксама ўсё выканана ў сучасным стылі, і пры тым з улікам традыцый. Так, у новай сынагозе ёсьць адмысловы рытуальны басэйн — міква. Для жанчын, якія павінны маліцца асобна, прадугледжаны гаўбец у малельнай залі. Зь яго добра відаць і акно з шасьціканцовай зоркай, і столь з «прыступкамі», якая нагадвае шацёр.

Малітоўная заля з гаўбца для жанчын
Малітоўная заля з гаўбца для жанчын

Віцебскі рабін Малкіель Гаргодзэ
Віцебскі рабін Малкіель Гаргодзэ

Гаўбец для жанчын і копіі вітражоў Шагала
Гаўбец для жанчын і копіі вітражоў Шагала

У аздабленьні сынагогі «Давідаў шацёр» ёсьць і матыў, зьвязаны зь Віцебскам: сьцяну, якая аддзяляе малітоўную залю ад гаўбца для жанчын, упрыгожваюць 12 копій зь вітражоў Марка Шагала «Дванаццаць каленаў Ізраілевых», зробленыя на адмысловых стэндах з падсьвятленьнем.

У малітоўнай залі
У малітоўнай залі

Працы ў сынагозе яшчэ ня скончаныя: у некаторых памяшканьнях няма мэблі, ня вызначана пакуль, дзе разьмесьціцца анансаваны музэй габрэйскага побыту. Але з экспанатамі тут, напэўна, праблемаў ня будзе — нездарма Віцебск многія называюць «габрэйскім горадам», калі згадваюць яго гісторыю і колішнія традыцыі.

Вакно і фігурная столь
Вакно і фігурная столь

Від на сынагогу з вуліцы Грыбаедава ў Віцебску
Від на сынагогу з вуліцы Грыбаедава ў Віцебску

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG