Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як хавалі сэрцы памерлай шляхты?


Якар, крыж і сэрца на надмагільнай пліце на могілках у Празе. Фота ©Shutterstock
Якар, крыж і сэрца на надмагільнай пліце на могілках у Празе. Фота ©Shutterstock

У шэрагу старасьвецкіх мэмарыяльных традыцыяў, бадай, самым незвычайным і эфэктным быў звычай хаваць сэрца асобна ад цела. Дзеля гэтага сэрца вымалі зь цела нябожчыка, зьмяшчалі ў спэцыяльны сасуд. Хавалі на адмысловай цырымоніі. І ў эпітафіі, хоць яна прысьвячалася ўсё ж асобе, галоўнай тэмай было таксама сэрца.

Гутарка з кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Грунтовым.

— Сяргей, гэты звычай быў толькі ў беларускай, тутэйшай шляхты? Ці ён існаваў і ў іншых эўрапейскіх землях?

— Існавала гэтая традыцыя і ў іншых эўрапейскіх народаў. Што тычыцца нашага рэгіёну, дык пахаваньне сэрцаў атрымала асаблівае пашырэньне ва ўсходніх землях Рэчы Паспалітай, на тэрыторыі цяперашняй Заходняй Украіны. Звычай гэты быў добра вядомы і ў нас, у Вялікім Княстве Літоўскім.

Сяргей Грунтоў
Сяргей Грунтоў

— А калі і дзе ён упершыню зьяўляецца?

— У Эўропе ён вядомы з часоў Сярэднявечча. У «Песьні пра Ралянда» ёсьць згадка пра тое, што Карл Вялікі ладзіць пахаваньне сэрцаў сваіх загінулых ваяроў у агульным саркафагу, папярэдне загарнуўшы кожнае ў ядваб. Што тычыцца Вялікага Княства Літоўскага, дык тут гэты звычай атрымлівае пашырэньне толькі ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя. Знакавай падзеяй можна назваць пахаваньне сэрца караля Ўладыслава IV у капліцы Сьвятога Казіміра пры Віленскай катэдры ў 1648 годзе. Своеасаблівы пік гэтай традыцыі прыпадае на XVIII стагодзьдзе.

Эпітафія над пахаваньнем сэрца Ўладыслава IV у капліцы Сьвятога Казімера ў Віленскай катэдры.
Эпітафія над пахаваньнем сэрца Ўладыслава IV у капліцы Сьвятога Казімера ў Віленскай катэдры.

— Значыць, гэтая старая эўрапейская традыцыя прыйшла на беларускія землі ў часы барока. Але ж адкуль узялася сама ідэя хаваць сэрца асобна ад цела? Што яна азначае і чаму менавіта сэрца, а ня нейкі іншы орган, хавалі асобна ад цела?

— Наконт значэньня асобнага пахаваньня сэрца існуе цэлы шэраг розных меркаваньняў. Я ж схіляюся да той лініі, якая зьвязвае паходжаньне і пашырэньне гэтага звычаю з культам сьвятых у Эўропе. Дастаткова самага павярхоўнага позірку на яго, каб заўважыць, што ідэя выстаўляць у багатых рэлікварыях самыя розныя часткі чалавечага цела была натуральная для хрысьціянскага розуму ад раньняга Сярэднявечча і пашырылася па ўсёй Эўропе. Тут і фрагмэнты касьцей, і муміфікаваныя рукі і галовы, і часткі ўнутраных органаў. Для хрысьціянскай Эўропы не было нічога ненатуральнага ў асобным захоўваньні цела і галавы сьвятога. Гэтак аж да нашага часу захоўваюцца мошчы сьвятой Кацярыны Сіенскай ці сьвятога Альбэрта з Трапані, і шмат яшчэ каго. Таму, калі гэта нармальна для сьвятога, то чаму б не наблізіцца да іх каралям і князям?

Парэшткі Барбары Радзівіл у віленскай катэдры. Малюнак Людаміра Сьляньдзінскага 1931 году
Парэшткі Барбары Радзівіл у віленскай катэдры. Малюнак Людаміра Сьляньдзінскага 1931 году

— Такую вэрсію можна дапусьціць. Але яна не тлумачыць, адкуль такая ўвага да сэрца. Бо ў рэлікварыях усё ж найчасьцей косьці захоўваюцца. Дый галовы, здаецца, ніхто зь беларусаў не спрабаваў асобна хаваць.

— Сэрца, і гэта добра відаць з пахавальных прамоваў, успрымалася як галоўны орган чалавека. У сэрцы ўвасабляліся пэрсанальныя якасьці. Храбрасьць, адданасьць, дабрыня, здольнасьць кахаць — усё ад сэрца. Сэрца — гэта квінтэсэнцыя чалавека, асобы, таму менавіта яго імкнуліся захаваць. Немалаважным для XVII стагодзьдзя было і пашырэньне культу Сэрца Хрыстовага, да чаго асабліва спрычыніліся езуіты. Выява Хрыста з асобна намаляваным сэрцам з агеньчыкам над ім і дагэтуль вельмі пашыраная ў каталіцкай іканаграфіі. Нельга забывацца і на чыста прагматычны фактар, які спрыяў пашырэньню гэтай традыцыі. Касьцёлу было выгадна ладзіць дзьве пахавальныя цырымоніі замест адной, асабліва калі гаворка ідзе пра заможную шляхту і магнатаў, якія выдаткоўвалі на іх значныя сумы грошай.

Пампэа Батоні. Найсьвяцейшае сэрца Ісуса
Пампэа Батоні. Найсьвяцейшае сэрца Ісуса

— Ладзіліся дзьве асобныя пахавальныя цырымоніі? Для цела — адна цырымонія, для сэрца — другая?

— Так, гэта было цалкам нармальнай практыкай. Сэрца загадзя зьмяшчалася ў асобным сасудзе. Наколькі мы ведаем, ён мог складацца зь дзьвюх частак. Першая — шкляная, уласна з сэрцам, якое магло залівацца сьпіртам ці іншым кансэрвантам, прыкладна так, як у экспанатах са школьнага кабінэту біялёгіі. Далей яна ставілася ў срэбны ці алавяны сасуд, які мог нагадваць урну. Таксама, як і цела, яго разьмяшчалі на адмыслова аздобленым катафалку, які выстаўляўся перад алтаром. Касьцёл драпіравалі ў жалобныя колеры. Уся цырымонія нагадвала звычайнае пахаваньне, друкаваліся нават пахавальныя прамовы, прысьвечаныя менавіта сэрцу.

— Дзе ў Беларусі знаходзяцца такія пахаваньні? Прыкладам, я ніводнага такога ня бачыў. У самай вядомай пахавальні ў Нясьвіжы я бачыў толькі шмат радзівілаўскіх саркафагаў. І там пра пахаваньне сэрцаў нічога не нагадвае.

— На сёньняшні дзень вядома, што такія пахаваньні былі ў Слуцку, Бярозе, Высокім, Вялікай Бераставіцы. Аднак да нашых дзён захавалася толькі адно — у Дзятлаве. Гэта пахаваньне адразу двух сэрцаў — Мікалая Фаўстына Радзівіла, які памёр у 1746 годзе, і ягонага сына Ежы, які памёр у 1755-м. Гэты ўнікальны для Беларусі помнік складаецца зь дзьвюх частак. У верхняй, у стукавым ракайльным картушы, разьмяшчаецца партрэт Мікалая Фаўстына круглай формы. Хутчэй за ўсё, гэта так званы «пахавальны партрэт», які выкарыстоўваўся ў часе жалобнай цырымоніі і выстаўляўся перад труною, ці, магчыма, перад урнай з сэрцам. Яны звычайна выконваліся на мэтале і мелі характэрную круглую ці актаганальную форму. Унізе — другі картуш з каронай, вайсковымі атрыбутамі (зброяй, штандарамі) і стылізаванай адкрытай заслонай. У яе цэнтры — сэрца з нанесенай на ім эпітафіяй.

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве

— Эпітафія таксама прысьвячалася сэрцу — ці ўсё ж самой асобе нябожчыка?

— Эпітафія, вядома, прысьвячалася самой асобе, але тэма сэрца была цэнтральнай. У эпітафіі гаворыцца, што Мікалай Фаўстын падзяліў сябе паміж небам і зямлёю. Небу ён аддаў душу, а зямлі пакінуў сэрца. У сваю чаргу той, чыё сэрца кране на гэтым месцы жаль, павінен памаліцца за яго душу. Далей абыгрываецца той момант, што на выяве было толькі сэрца. Хоць боль за кроўнага і разрывае сэрца, але ён ня можа разьдзяліць бацьку і сына. Такім чынам, бачна, што сукупнасьць сэнсаў эпітафіі фармуе дадатковы дэкаратыўны элемэнт для пахаваньня сэрцаў.

Першая старонка дзёньніка пахаваньня Мікалая Фаўстына Радзівіла (1748)
Першая старонка дзёньніка пахаваньня Мікалая Фаўстына Радзівіла (1748)

— А дзе пахаваныя целы Мікалая Фаўстына Радзівіла і ягонага сына? Там жа ў дзятлаўскім касьцёле — ці яшчэ дзе?

— Не, ня ў Дзятлаве. Іхныя целы былі перавезеныя ў Нясьвіж, у крыпту Фарнага касьцёла. Захаваўся дзёньнік пахаваньня Мікалая Фаўстына, зь якога лёгка ўявіць клясычны прыклад pompa funebris свайго часу з сотнямі ўдзельнікаў, шыхтаванымі, як на парадзе, харугвамі і манаскімі ордэнамі. Але пра тое, што сэрца яго засталося ў Дзятлаве, там ня ўзгадваецца.

Мікалай Фаўстын Радзівіл
Мікалай Фаўстын Радзівіл

— А як людзі таго часу ставіліся да самой неабходнасьці выразаць зь цела нябожчыка сэрца? Ці не лічылі яны гэта нейкім дзікунствам, як падумалі б сучасныя людзі?

— Думаю, што не. Справа ў тым, што з прычыны традыцыі, якая казала адкладаць пахаваньне на некалькі месяцаў ці тыдняў, даводзілася добра бальзамаваць целы, каб хоць трохі зьменшыць цяжкі пах і замарудзіць іх разбурэньне. Адной з працэдураў бальзамаваньня магло быць выманьне вантробаў нябожчыка. Іх месца займалі сухія духмяныя травы, а самі вантробы закрываліся ў адмысловай бочачцы, дзе засольваліся ці заліваліся сьпіртам. Ім не аддавалі такой увагі, як сэрцу, але яны ўсё ж успрымаліся як частка цела, у часе пахаваньня маглі выстаўляцца недалёка ад катафалку. Адна такая бочачка захавалася ў нясьвіскай радзівілаўскай крыпце.

Гэта была звычайная эўрапейская практыка. Да прыкладу, Сэн-Сімон у сваіх мэмуарах з канца XVII стагодзьдзя апісвае выпадак, як такая бочачка «выбухнула» ў часе чуваньня ля цела памерлай герцагіні. Выбух і смурод выклікаў паніку, але пасьля накрыўку вярнулі на месца, пакой праветрылі, усе прысутныя вярнуліся назад і, як ён піша, «шмат сьмяяліся з гэтага выпадку». Ясна, што пры такіх звычаях выманьнем сэрца зь цела нябожчыка нікога ня ўразіш.

— Атрымліваецца, што сэрца Мікалая Фаўстына пахавалі ў Дзятлаве, а цела ў Нясьвіжы. Ці можна гэта разумець так, што сэрца вымалі толькі пры жаданьні пахаваць яго асобна ў пэўным месцы? Бо іначай навошта ж іх разьдзяляць, калі пасьля зноў складаеш разам?

— Тут нельга прасачыць адзінага прынцыпу. Хавалі сэрцы і разам зь целам, і паасобку. Да прыкладу, у нішы бярозаўскага касьцёла разам з саркафагам зь целам Казіміра Лявона Сапегі быў і сасуд зь ягоным сэрцам. Мяркую, што асноўным матывам усё ж было не імкненьне да асобнага пахаваньня, а жаданьне захаваць сэрца ад разбурэньня ў часе. Больш за тое, на пахаваньне сэрца маглі і забыцца. Да прыкладу, сэрца караля Яна ІІІ Сабескага да 1830 году захоўвалася проста ў архіве кляштара капуцынаў у Варшаве, а пасьля яго з адпаведнай пашанаю пахавалі.

— Вы кажаце, што пахаваньне сэрца, якое захавалася аж да нашых дзён, вядомае толькі ў Дзятлаве. А што сталася з усімі астатнімі? Іх паразбурвалі ці разрабавалі?

— Звычайна так. Пры гэтым шэраг зь іх такі сумны лёс напаткаў яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Мінулым разам мы размаўлялі пра апошняе перапахаваньне саркафагу Казіміра Лявона Сапегі ў 1869 годзе. З сасудам зь ягоным сэрцам адбылася абсалютна гратэскавая гісторыя. Паколькі касьцёл і кляштар картузіянцаў былі на той момант ня проста скасаваныя, але нават практычна да падмуркаў разабраныя, то знойдзены сасуд вырашылі перадаць мясцоваму праваслаўнаму сьвятару. А той не прыдумаў нічога лепшага, як пераплавіць сасуд для захаваньня сэрца ў царкоўны келіх для віна і талерачку пад яго. Выходзіць, што ўвесь бярозаўскі прыход рэгулярна мог прычашчацца з сасуду, зробленага з урны для сэрца фундатара мясцовага кляштара.

— Гэты эпізод можна аднесьці да шэрагу гістарычных анэкдотаў з чорным гумарам. А ці былі больш шчасьлівыя выпадкі, калі ў такой сытуацыі нехта ўсьведамляў гістарычную каштоўнасьць знаходкі і дбаў пра тое, каб яе захаваць?

— Бывала і так, што знаходку рабіў не выпадковы царскі чыноўнік, а дасьведчаны гісторык ці аматар старажытнасьцяў. Так, напрыклад, вядомы беларускі энцыкляпэдыст Аляксандар Ельскі ў часе свайго падарожжа ў Слуцак у 1882 годзе знайшоў там сэрца Гераніма Флярыяна Радзівіла, цела якога было пахаванае ў Нясьвіжы. Раней яно захоўвалася ў Слуцкай фары, а пасьля закрыцьця тае было перанесена ў парафіяльны касьцёл, дзе проста валялася на хорах разам зь іншымі непатрэбнымі рэчамі. Вось як калярытна ён гэта апісвае:

«Напэўна, хтосьці цікаўны адарваў на адваротным баку бляху, і з мэталічнай скрынкі выглядала шкляное чатырохвугольнае начыньне накшталт бляшанкі, у якой звычайна трымаюць гарбату, забясьпечанае калісьці вялікім апячатаным коркам, цяпер да паловы наскрозь перагрызеным мышамі, якія, відавочна, мелі апэтыт да так старанна захаванага далікатэсу. Выняўшы зь сярэдзіны гэтае шкляное начыньне, я заўважыў на дне яго засохлы, карычневы, цьвілы, памераў сярэдняй бульбіны, добра пагрызены маленькімі чатырохногімі прадмет. Гэта было сэрца найбуйнейшага ў свой час, бязьмерна пыхлівага і фанабэрыстага літоўскага пана — агіднае пры жыцьці і цяпер...».

Аляксандар Ельскі
Аляксандар Ельскі

— Падобна, што ніякіх сымпатыяў да Гераніма Флярыяна Аляксандар Ельскі ня меў. А што ж адбылося са знойдзеным сэрцам далей?

— Пра сваё падарожжа Ельскі выпусьціў нарыс, цытату зь якога я падаю. Знайшліся неабыякавыя людзі, магчыма, нехта з тагачасных уладальнікаў Нясьвіскага замку, якія перавезьлі сэрца ў крыпту радзівілаўскай пахавальні ў Нясьвіжы і паклалі ў саркафаг да Гераніма Флярыяна. Цікава, што Аляксандру Ельскаму зноў давялося ўбачыць гэтае сэрца ўжо ў 1905 годзе. У гэты час ён быў у Нясьвіжы, дзе аглядаў радзівілаўскую пахавальню. Тут для яго адчынялі асобныя саркафагі, ён аглядаў іх і рабіў фатаздымкі муміфікаваных парэшткаў асобных князёў. Найлепш захаваным выявілася якраз цела Гераніма Флярыяна, а побач зь ім ляжаў той самы сасуд з пагрызеным сэрцам.

— Выходзіць, што публікацыя звычайнага падарожна-краязнаўчага нарысу дапамагла ўратаваць ад зьнішчэньня сэрца аднаго зь літоўскіх магнатаў. А ці вядомыя такія знаходкі ў наш час?

— Звычайна беларускія храмы, асабліва тыя, што былі пабудаваныя ў часы Вялікага Княства Літоўскага, даволі нядрэнна апісаныя, і знайсьці ў іх нешта новае шанцаў няшмат. Хоць заўсёды ёсьць імавернасьць таго, што пры чарговым рамонце ў сьцяне можа быць выяўленая ніша, напрыклад, з пахаваньнем сэрца. У мінулым годзе літоўскія і беларускія спэцыялісты ладзілі дасьледаваньні ў радзівілаўскай крыпце ў Нясьвіжы. Спэцыялісты ў галіне фізычнай антрапалёгіі ўскрылі некалькі саркафагаў і дасьледавалі пахаваньні ў іх. Сярод іншага, у адной з трунаў побач з муміфікаванымі парэшткамі было знойдзена засохлае сэрца. Яно ляжала проста без апісанага некалі Ельскім сасуду, таму немагчыма зразумець, ці належыць яно Гераніму Флярыяну, ці некаму іншаму з Радзівілаў. Антрапалягічныя і эпіграфічныя дадзеныя гэтай загадкі таксама пакуль вырашыць ня могуць.

— А для нас гэта яшчэ адно сьведчаньне колішняй незвычайнай традыцыі пахаваньня сэрцаў.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG