Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як памерлыя шляхцічы пасьля сьмерці «падарожнічалі»?


Казімір Леў Сапега. Партрэт невядомага мастака, XVIII ст.

Пахаваньне блізкага чалавека — драматычная падзея. Яна напоўненая глыбокімі перажываньнямі, душэўнай пакутай. Менавіта таму звычайна людзі ня надта любяць яе расьцягваць. Беларусы традыцыйна хаваюць сваіх памерлых сваякоў на другі, часьцей нават на трэці дзень, а ў мусульманскіх краінах дык і ўвогуле прынята хаваць нябожчыка ў дзень сьмерці, да заходу сонца. А як гэтае пытаньне вырашала беларуская шляхта ў даўнейшыя часы? Пра гэта мы гутарым з гісторыкам Сяргеем Грунтовым.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, звычайна на які час расьцягвалася пахавальная цырымонія ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага?

Сяргей Грунтоў: Можна з упэўненасьцю сказаць, што ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага шляхта не імкнулася скараціць час пахаваньня, а хутчэй наадварот. Чым больш заможны быў нябожчык і ягоны род, тым на даўжэйшы час мела тэндэнцыю расьцягвацца пахавальная цырымонія. Пакуль усе сваякі зьбяруцца, а дарога часта была няблізкая, пакуль усе казаньні ды прамовы складуць, пакуль касьцёл ды крыпту як сьлед падрыхтуюць ды аздобяць, а трэба ж яшчэ і сталы на шмат дзён накрыць — глядзіш, і месяц мінуў, а мо і больш. Да таго ж і пахаваньняў магло быць некалькі, і расьцягвацца яны маглі на шмат этапаў, а тады гэта ўжо пытаньне ня месяцаў, а гадоў. І нябожчыкаў выпраўлялі ў доўгія падарожжы.

Сяргей Грунтоў
Сяргей Грунтоў

Ракіцкі: Але ж навошта было рабіць некалькі пахаваньняў? Няўжо аднаго было недастаткова? Навошта трывожылі цела нябожчыка?

Грунтоў: Дастаткова было пры звычайнай сытуацыі, калі чалавек паміраў дома, аточаны сваімі блізкімі, паміраў «добрай сьмерцю», як называлі гэта ў сярэднявечных інструкцыях для паміраючых. Але здаралася і так, што сьмерць прыходзіла ў дарозе, у чужым горадзе, або, што яшчэ горш, у часе вайны. Тады памерлага трэба было даставіць дадому, але гэта далёка не заўсёды проста было зрабіць — і шлях няблізкі, і падрыхтаваць усё трэба было. Нярэдка маглі далучацца і фінансавыя праблемы, а ў ваенны час і проста фізычная немагчымасьць перавезьці цела. Тады трэба было зладзіць часовае пахаваньне ў зручным месцы, а пасьля, пры спрыяльных умовах, перавезьці нябожчыка ў патрэбнае месца, звычайна ў родавую крыпту, і там зноў пахаваць.

Ракіцкі: Колькі часу звычайна займала такое вымушанае, як вы сказалі, «падарожжа»? І ці можна перавозку цела параўноўваць з падарожжам? Бо і ў наш час, бывае, перавозяць памерлых, каб пахаваць, напрыклад, у роднай вёсцы, але ж ніхто гэта не называе вандраваньнем, падарожжам.

Грунтоў: Час вызначаўся адлегласьцю паміж месцам сьмерці і месцам пахаваньня, пры адсутнасьці дадатковых перашкодаў, канечне. Напрыклад, вялікі маршалак літоўскі Крыштаф Мікалай Дарагастайскі, аўтар знакамітай «Гіпікі», памёр ва Ўроцлаве 3 жніўня 1615 году па дарозе на сылескія мінэральныя крыніцы. Цела яго забальзамавалі і выставілі ў мясцовай пратэстанцкай капліцы, адкуль ён выправіўся ў апошні шлях толькі 17 верасьня, праз паўтара месяца. А само пахаваньне ў ягоным маёнтку, Мураванай-Ашмянцы, у выніку адбылося толькі ў лютым наступнага году. Гэта прыклад ужо ня проста перавозу цела, а сапраўднага падарожжа. Яно суправаджалася прадстаўнічай сьвітай у складзе блізкіх і сьвятароў. Прычым сьвятароў магло быць нямала, асабліва гэта тычылася каталіцкіх пахаваньняў, бо тут далучаліся і манахі розных ордэнаў. На месцах прыпынкаў ладзіліся набажэнствы, якія працягваліся непазьбежнымі застольлямі, і ўсё разам ператваралася ў цэлую падзею, станавілася часткай pompa funebris — пахавальнай цырымоніі.

Партрэт Крыштафа Мікалая Дарагастайскага
Партрэт Крыштафа Мікалая Дарагастайскага

Ракіцкі: Па сутнасьці, тое, што вы называеце падарожжам, — гэта быў расьцягнуты ў часе цырыманіял перанясеньня парэшткаў да патрэбнага месца пахаваньня, дзе яны ўрэшце могуць спакойна спачыць. А ці ўсе гэтак званыя «падарожжы» адбываліся паводле адной і той жа прыкладна схемы?

Грунтоў: Ня ўсе, вядома. Гэтая схема магла быць толькі часткай большай мадэлі, а само ўрачыстае перапахаваньне магло адбыцца толькі праз стагодзьдзе. Так, знакаміты віленскі біскуп Ежы Тышкевіч пасьля акупацыі Вільні маскоўскімі войскамі апынуўся ў вымушанай эміграцыі ў Кёнігсбэргу, дзе неўзабаве памёр у 1656 годзе. Ягонае цела перавезьлі ў Вільню і пахавалі з усімі ўрачыстасьцямі толькі ў 1762 годзе. Але, як лёгка пераканацца са шматлікіх гістарычных прыкладаў, ніякае пахаваньне нельга з упэўненасьцю назваць канчатковым.

Партрэт Ежы Тышкевіча
Партрэт Ежы Тышкевіча

Ракіцкі: Але ж куды пераяжджаць, калі нябожчык ужо спачыў у родавай пахавальні? Хіба што не па добрай волі лёсу?

Грунтоў: Часьцей за ўсё так, але і гэта ня правіла. Мяркую, тут дарэчы прывесьці прыклад пасьмяротнага лёсу Казіміра Лявона Сапегі, якому давялося «падарожнічаць» пры розных акалічнасьцях больш за два стагодзьдзі.

Ракіцкі: Аж два стагодзьдзі? Чым заслужыў ён такія пакуты?

Грунтоў: Казімір Лявон Сапега, падканцлер літоўскі, сын славутага Льва Сапегі, памёр у Берасьці ў той жа нешчасьлівы год, што і Ежы Тышкевіч, — у 1656 годзе. У сваім тэстамэнце ён прасіў пахаваць яго пад алтаром фундаванага ім касьцёла з кляштарам картузіянцаў у Бярозе. Але, разумеючы, што будоўля не завершана, у якасьці часовага месца спачынку выбраў касьцёл Сьвятога Міхала ў Вільні — гэта была пахавальня Сапегаў. Але ж на момант сьмерці Вільня была акупаваная, а крыпта Cапегаў разрабаваная і апаганеная. Адпаведна, Казімір Лявон вымушаны быў «затрымацца» ў Берасьці да канца акупацыі, і толькі пасьля 1660 году ягоныя парэшткі перавезьлі ў літоўскую сталіцу. А ўжо ў 1666 годзе адбылося новае падарожжа — у Бярозу, дзе якраз дабудавалі касьцёл. Яго асьвячэньне і цырымонія пахаваньня адбыліся ў адзін дзень — 6 чэрвеня 1666 году.

Казімір Лявон Сапега
Казімір Лявон Сапега

Ракіцкі: На цэлых дзесяць гадоў расьцягнуўся шлях цела зь Берасьця да Бярозы... Але раней вы казалі ажно пра два стагодзьдзі. Што адбывалася далей?

Грунтоў: У 1764 годзе, ўжо ў заможны і спакойны час, бярозаўскія картузіяне вырашылі аддаць даніну павагі фундатару свайго кляштара, зладзіўшы яму... новае пахаваньне! Яны дасталі драўляную труну зь ягонымі парэшткамі, якая была замураваная ў сьцяне касьцёла, і разьмясьцілі яе ўнутры новага багата аздобленага алавянага саркафагу. Пасьля была праведзеная багатая пахавальная цырымонія ў духу таго часу, з мноствам удзельнікаў, шматлікімі казаньнямі і вялікімі выдаткамі, і саркафаг зноў замуравалі на старым месцы. Але і на гэтым справа ня скончылася. У ХІХ стагодзьдзі бярозаўскі кляштар скасавалі, касьцёл зачынілі, а пасьля сталі разьбіраць яго на цэглу. У 1869 годзе, калі справа была амаль завершаная, у сьцяне наткнуліся на той самы алавяны саркафаг фундатара касьцёла. Пакуль вырашалі, што зь ім рабіць, невядомыя злачынцы яго абрабавалі. Сьледзтва доўжылася год, але вінаватых не знайшло. Урэшце Казіміра Лявона Сапегу разам зь яшчэ адзінаццацьцю прадстаўнікамі ягонага роду, саркафагі якіх знайшлі пры разборы касьцёла, пахавалі на бярозаўскіх могілках. Так скончылася гэтая больш як двухсотгадовая эпапэя.

Плян Бярозаўскага кляштара, ХІХ ст.
Плян Бярозаўскага кляштара, ХІХ ст.

Ракіцкі: І сапраўды — незвычайная гісторыя. Можна толькі спадзявацца, што гэта ўжо апошняя кропка, і парэшткі Лявона Казіміра Сапегі больш не патрывожаць. Сяргей, а ў ХІХ стагодзьдзі, калі перастала існаваць і Рэч Паспалітая, і яе культура, ці атрымаў фэномэн пасьмяротных падарожжаў новыя формы і праявы?

Грунтоў: Рэч Паспалітая зьнікла, а зь ёй і традыцыя шыкоўных пахавальных цырымоніяў эпохі барока. Але ж людзі паміралі, і далёка не заўсёды дома. Натуральна, што такія вымушаныя перавозкі парэшткаў ладзіліся і пазьней. У Расейскай Імпэрыі для гэтага патрабаваўся спэцыяльны дазвол, таму архівы захавалі багата спраў на гэтую тэму. Празь іх мы можам прасачыць геаграфію тагачасных пасьмяротных «падарожжаў». Яна вагалася ад кілямэтраў да тысяч кілямэтраў. Так, напрыклад, нябожчыка маглі перавозіць з сыбірскага Омску ў Вільню, ці з аўстрыйскага Тыролю ў Сеньненскі павет Магілёўскай губэрні. Акрамя такіх вось пераездаў адразу пасьля сьмерці, хапала і іншых выпадкаў. Усе іх, здаецца, аб’ядноўвае тое, што іх можна параўнаць з вымушаным выездам у эміграцыю.

Ракіцкі: Гэта значыць, што ў канфлікце з новымі ўладамі аказваліся ня толькі жывыя, але і памерлыя, калі вы кажаце, што іх перамяшчэньне можна параўнаць з «эміграцыяй»? У чым жа прычына такога канфлікту?

Грунтоў: І прычын, і канфліктаў за часы панаваньня Расейскай Імпэрыі было адразу некалькі. Пачалося з таго, што ў канцы XVIII стагодзьдзя практычна ва ўсіх эўрапейскіх краінах прайшла рэформа месцаў пахаваньня, і Расея не была выключэньнем. Адным з наступстваў гэтай рэформы стала забарона пахаваньня ў крыптах храмаў, калі апошнія знаходзіліся ў межах жылой забудовы. Пад гэтую забарону падпалі фактычна ўсе храмы ў межах старой гарадзкой і местачковай забудовы. На гэтым не спыніліся: выдалі ўказ, які патрабаваў ачысьціць усе крыпты гэтых храмаў ад наяўных пахаваньняў і перанесьці іх на могілкі. Фактычна гэты ўказ рабіў непазьбежным вынішчэньне дзясяткаў крыптаў вядучых родаў краю, якія на правах фундатараў мелі пад храмамі свае пахавальні. Так пачалося гэтае бясслаўнае выгнаньне, калі сотні нябожчыкаў павыкідалі з храмаў і перапахавалі на могілках, дзе да нашага часу ад тых магіл не засталося і знаку. На шчасьце, не заўсёды гэтае распараджэньне выконвалася, і шэраг крыптаў эпохі Вялікага Княства Літоўскага захаваліся да нашых часоў. Узгадаем хаця б пахавальню ў Нясьвіжы, сутарэньні касьцёла Сьвятога Францішка Ксавэрыя ў Горадні, крыпту касьцёла ў Камаях.

Ракіцкі: Усім нам добра вядома, што асноўныя хвалі эміграцыі зь Беларусі ХІХ стагодзьдзя зьвязаныя з паразай паўстаньняў 1830–31 і 1863–64 гадоў. А ці мелі яны ўплыў на ўмоўную «эміграцыю» памерлых, пра якую вы гаворыце?

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Грунтоў: Так, уплыў быў, і самы непасрэдны. Пасьля кожнага з паўстаньняў адбываліся рэпрэсіі, якія ў тым ліку распаўсюджваліся на каталіцкі касьцёл, а ў выпадку паўстаньня 1830–31 гадоў — і на грэка-каталікоў. Закрываліся і перадаваліся іншай канфэсіі храмы, а ў іх знаходзіліся тыя самыя пахавальні, якія праз розныя хітрыкі перажылі рэформы месцаў пахаваньня, пра якія я казаў раней. Многія з гэтых пахавальняў былі заснаваныя ўжо ў ХІХ стагодзьдзі, і яны таксама падпадалі пад рэпрэсіі. Можна самому зьехаць у эміграцыю, але ж пахаваньні блізкіх з сабою не забярэш. Трагедыя такой сытуацыі вельмі яскрава паказаная ў мэмуарах Ігнацыя Дамейкі. Ён выехаў у эміграцыю ў 1832 годзе і наступным разам вярнуўся на радзіму, каб наведаць сваіх жывых і памерлых сваякоў, толькі ў 1884 годзе. Ён прыяжджае ў родную Мядзьвядку на Наваградчыне, але касцёльчык, у якім былі пахаваныя ягоныя два браты, ужо дваццаць гадоў як зачынены, і нават зайсьці ў яго, каб укленчыць на магілах блізкіх, немагчыма, бо «поп зь Міра, у парафіі якога касьцёл знаходзіцца, забраў ключ і прэтэндуе на яго».

Ракіцкі: Вельмі сумная гісторыя: стары чалавек, праз паўстагодзьдзя вярнуўшыся на радзіму, ня можа наведаць магілы сваіх братоў ва ўласным маёнтку. Такога й ворагу не пажадаеш. І сапраўды, пры той колькасьці капліцаў ды касьцёлаў, што былі адабраныя і сталі праваслаўнымі цэрквамі, такая сытуацыя, напэўна, не была рэдкасьцю. А якія выйсьці з такой сытуацыі знаходзіла шляхта?

Грунтоў: Выйсьце было адно: пераяжджаць. Пры маёнтках будавалі новыя капліцы-пахавальні, хоць дазвол на гэта пасьля 1863 году і аж да ўвядзеньня закону «аб талерантнасьці» ў 1905 годзе было зусім ня проста атрымаць. Далей трэба было атрымаць спэцыяльны дазвол на перапахаваньне.

Капліца на бярозаўскіх могілках. Магчымае месца перапахаваньня Сапегаў. Фота С. Грунтова
Капліца на бярозаўскіх могілках. Магчымае месца перапахаваньня Сапегаў. Фота С. Грунтова

З такіх дазволаў, якія захаваліся ў архівах, хоць яны і вельмі бедныя на інфармацыю, лёгка аднаўляюцца гісторыі вымушаных «сямейных пераездаў» памерлых у сытуацыі, аналягічнай той, што я апісваю.

Вось, напрыклад, у 1879 годзе Міністэрства ўнутраных спраў дало дазвол на тое, каб «перанесьці пахаваныя ў склепе пры праваслаўнай царкве ў маёнтку Міханеў Бабруйскага павету Менскай губэрні целы Каспара, Вікенція, Антаніны, Ядвігі, Марыі, Елізаветы і Элеаноры Кельчэскіх для адданьня зямлі ў сямейным склепе пры рымска-каталіцкай капліцы ў маёнтку Янін таго ж павету». Усё зразумела!

Ракіцкі: Так, гісторыя чытаецца празрыста. А як абстаўляліся такія пераезды? Ці засталося нешта ад той старасьвецкай пыхі «pompa funebris» з часоў Рэчы Паспалітай?

Грунтоў: Засталося, але няшмат. У часы мураўёўскай рэакцыі і пасьля ніхто такіх цырымоніяў проста не дазволіў бы. Нават хросным ходам забаранялі выходзіць па-за межы царкоўнай агароджы, што ўжо казаць пра пахавальныя працэсіі... Але ў любым выпадку для сямейнікаў гэта была значная падзея, таксама як і для жыхароў маёнтку, і навакольных вёсак.

Прывяду тут фрагмэнт з мэмуараў Аляксандры Глогер, якае апісвае такое перанясеньне пахаваньняў Ельскіх і пародненых зь імі Заранкаў і Прозараў у новы склеп у Дудзічах у 1895 годзе:

«У 1895 г. пасьля пажару царквы і пашкоджаньня падзямельля, з дазволу ўлады, усе труны з двух стагоддзяў урачыста былі перанесеныя на суседнія каталіцкія могілкі, разьмешчаныя ў прыгожай мясьціне, непадалёк ад дудзіцкага палаца. Тое пахавальнае шэсьце было надзвычай урачыстае і хвалюючае. Дваццаць чатыры труны, накрытыя жалобным сукном і вянкамі, пераносіліся мясцовымі сялянамі са сьвятлом і са сьпевамі, у прысутнасьці тысяч навакольных жыхароў, членаў сем’яў і суседзяў, і былі пастаўленыя ў новай, спэцыяльна для гэтага вымураванай грабніцы, а сьвятар, што правёў абрад, сваімі гарачымі словамі яшчэ вышэй падняў значэньне гэтай прыгожай і нязвыклай пахавальнай урачыстасьці».

Дудзіцкая царква ў 1909 годзе
Дудзіцкая царква ў 1909 годзе

Ракіцкі: Атрымліваецца, што пасьмяротныя «падарожжы» не былі нейкай надта рэдкай ці ўнікальнай праявай шляхецкай культуры, а, можна сказаць, суправаджалі яе праз усе стагодзьдзі?

Грунтоў: Думаю, што сказаць так будзе справядліва. Вядома, найлепшым лічыўся выпадак сьмерці дома, ва ўласным маёнтку, калі і пераяжджаць нікуды ня трэба. Але ў «пераездах» ня бачылі нічога незвычайнага.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG