Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На нафтабазе пад Анапай пажар пасьля атакі дрона, у Белгарадзе заявілі пра 8 пацярпелых у выніку абстрэлу

Архіўнае фота. Наступствы ракетнай атакі ў Белгарадзе, 6 траўня 2024 году
Архіўнае фота. Наступствы ракетнай атакі ў Белгарадзе, 6 траўня 2024 году

У выніку атакі на Белгарад і Белгарадзкі раён пацярпелі восем чалавек, у тым ліку адно дзіця, паведаміў губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў. Апэратыўны штаб Краснадарскага краю заяўляе пра атаку дронаў і наступны пажар на тэрыторыі нафтабазы ​​ў вёсцы Юраўка пад Анапай.

Мінабароны Расеі адсправаздачылася, што ў ноч на 9 траўня СПА зьбіла 15 снарадаў РСЗА Vampire, адзін дрон у Белгарадзкай вобласьці, два — у Бранскай вобласьці і тры — у Курскай.

Як паведамляе губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў, чацьвёра пацярпелых атрымалі аскепкавыя раненьні розных частак цела, іх шпіталізавалі. Дзяўчынку 11 гадоў даставілі ў дзіцячую клінічную лякарню з аскепкавым раненьнем ступні.

Паводле інфармацыі Гладкова, у выніку начнога абстрэлу пашкоджаны 34 кватэры ў 19 шматкватэрных дамах, а таксама 37 транспартных сродкаў, цалкам згарэлі дзевяць аўтамабіляў.

Апэратыўны штаб Краснадарскага краю паведамляе пра ўдары дронамі па нафтабазе ў сяле Юраўка пад Анапай. На тэрыторыі базы пачаўся пажар, пашкоджана некалькі рэзэрвуараў. Паводле зьвестак апэратыўнага штабу, над рэгіёнам зьбілі 6 бесьпілётнікаў, некалькі зь іх упалі на тэрыторыю нафтабазы, ад гэтага ўзьнікла ўзгараньне.

Пацярпелых няма, гаворыцца ў паведамленьні. Да ліквідацыі агню ўжо прыцягнулі 62 чалавекі і 20 адзінак тэхнікі.

Як паведамляюць тэлеграм-каналы Baza і «Осторожно, новости» са спасылкай на мясцовых жыхароў, было чуваць падзеньне сама меней 7 дронаў. На апублікаваных відэа з пажарам відаць, што ўзгараньне ўзьнікла на тэрыторыі нафтабазы ў двух месцах.

  • Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна зазнаюць атакі бесьпілётнікаў. Так, напрыклад, 24 красавіка ў Смаленскай вобласьці Расеі дрон атакаваў НПЗ, там пачаўся пажар. 27 красавіка ў выніку атакі дронаў узьнік пажар на Славянскім нафтаперапрацоўчым заводзе.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі ўжо каля двух дзясяткаў расейскіх НПЗ.
  • У сакавіку былі атакаваныя Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Афіцыйна Кіеў ня браў на сябе адказнасьці за напады на расейскія нафтавыя заводы.
  • Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк днямі ў інтэрвію парталу «Люстэрка» заявіў, што Ўкраіна ня будзе атакаваць беларускія НПЗ і наносіць удары «толькі па расейскай акупацыйнай групоўцы на акупаваных тэрыторыях і па абʼектах забесьпячэньня, якія забясьпечваюць гэтую акупацыйную групоўку».
  • Расейскі Белгарад таксама рэгулярна зазнае абстрэлы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG